Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Чыноўнік з паліцэйскіямі функцыямі, які загадваў аховай палаца.
Мужчыны разглядалі яе не тоячыся. «Як разглядаюць яны рабынь на царгародскім рынку», — падумала Жывена, апускаючы вочы, каб яны не прачыталі ейных думак. Аднак твары іх, спачатку неадабральныя, паступова мяняліся. Першым загаварыў Гермаген:
— «Папракаць немагчыма»*, - працытаваў ён Гамера, і ўсе засмяяліся, палагоднелі, бо ацанілі яе прыгажосць і гэтак жа, як траянскія старцы, што, убачыўшы Алену, не сталі папракаць Парыса, яны глядзелі на яе са стоеным захапленнем. Аднак зноў пасур'ёзнелі, калі Нікіфар запрасіў усіх за стол, нагадаўшы, дзеля чаго яны тут сабраліся.
* Радок з «Іліяды», дзе гаворыцца аб траянскіх старэйшынах, якія ўбачылі Алену.
Слугі, ціха разыходзячыся па пакоі, запальвалі свечкі. Тыя пачыналі курыцца сіняватымі пахкімі дымкамі, асвятляючы шаўковыя завесы на сярэбраных прутах, старадаўнія, у залатых накладах абразы святых, стол, засланы белым абрусам з эгіпецкімі шакалападобнымі багамі па ўзорыстай аблямоўцы. Тут, на стале, было ўсё тое, што было і ў іншых багатых дамах Цар-горада, куды прывозілі тавары з усяго свету: фінікі і інжыр, арэхі-лускаўкі і шафран, мноства невядомых Жывене пладоў на дарагіх шкляных місах. Па знаку Нікіфара слугі прынеслі кожнаму агромністае блюда з дарагой палівай, дзе ляжалі, як ён патлумачыў пасля, вараныя карані лотасу, прывезенага з Ніла. Увайшоў святар у залатой рызе і за ім служка з кадзілам. Усе ўсталі, пакуль святар чытаў памінальную малітву, успамінаючы нябожчыцу. Аднак, калі служкі Бога пакінулі пакой, на стол былі пастаўлены кратэры з віном, вазачкі з ільдом, падносы з чырвонымі варанымі крабамі, фаршыраваная рыба, і размова паступова ажывілася.
— Нядрэмны промысел божы сапраўды ўздае кожнаму па заслугах, бо ён бесперастанку абыходзіць сусвет і строгім вокам сочыць за намі, - падтрымаў слова пастыра друнгарый Васіль. — Думаецца мне, што Еўдакія была бязгрэшнаю, бо, як вядома, устояла перад спакусай наблізіцца да імператара, калі ён адарыў яе сваёй царскай увагай.
— Прыгажосці можна дараваць многае, — падхапіў Гермаген. — Аднак божы суд чакае ўсіх, і калі гэты дар ужываць дзеля зла… Як Феафано…
Ён з трывогай паглядзеў на Жывену.
— Яна ведае нашу гісторыю, хаця па-сапраўднаму разумеюць яе хіба філосафы і гісторыкі, - азваўся Нікіфар.
— Так, гэта праўда, — з гонарам заківалі прысутныя. — Колькі народаў схілілі шыю перад Візантыяй, колькі іхняй крыві і талентаў улілося ў жылы рамейскай імперыі за тысячу гадоў!
— А грэкі першыя сярод слаўных людзей, што ўклалі таленты свае ў праслаўленне Візантыі, і нават у іхняй паўночнай халоднай краіне, — Нікіфар паказаў на Жывену, — ёсць і абразы, вывезеныя адсюль, і хрысціянскія цэрквы. Іхнія паломнікі часта прыязджаюць у нашы манастыры, забываючы сваіх дзікіх багоў.
— Славяне, аднак, моцна турбавалі магутную імперыю рамеяў*, - ціха азвалася Жывена.
* Славяне не раз турбавалі Візантыю, у тым ліку Алег разам з палачанамі патрабаваў і атрымліваў з яе даніну.
— Яна мае рацыю, — падхапіў, смеючыся, Васіль. — Толькі Юстыніян перарваў стварэнне Склавініі і падпарадкаваў сабе Фракію. А яшчэ раней? Ці помніце, што адказваў аварам правадыр склавінаў Даўрыт? Нешта накшталт таго, што не нарадзіўся яшчэ на свеце чалавек, які падпарадкаваў бы сабе сілу нашу. «Не іншыя нашым, а мы чужым прывыклі валодаць». Быў час, калі Візантыя сапраўды баялася іх. Але яна ў рэшце рэшт зрабіла свае межы непрыступнымі.
Ён павярнуўся, шчоўкнуў пальцамі, паказваючы, каб раб наліў яму віна. Але Жывена ўсё ж дагаварыла тое, што паднялося ў яе душы:
- І не гневайся на мяне, высакародны Нікіфар, але ведалі нашы продкі і мудрасць Заратустра, і звычаі арыяў, што сягаюць у час, калі не было нават вашай праслаўленай Троі. Ды толькі амаль страцілі яны ўсё гэта падчас сваіх вандраванняў, бо на сённяшнюю сваю зямлю прыйшлі пазней, чым рамеі разам з вялікім Канстанцінам у Візантый. Ды і лёс у розных народаў свой. Адно скажу табе: няма народа, якім бы дзікім ён ні здаваўся, каго б не асвятлялі промні боскае мудрасці — большыя ці меншыя!
— Я яскрава бачу, што ў цябе, свой прыўкраснейшы сасуд, наш вялікі Бог уклаў яе дастаткова! — упаў у напружаную цішыню вясёлы голас друнгарыя, і ўсе зноў засмяяліся.