Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Кароль маўчаў. Ці ён змагаўся з злосьцю, ці з сумневам – сказаць было цяжка. Тут падаў голас Эямэр.
– Дазвольце мне, мой каролю! – папрасіў ён. – Вось небясьпека, пра якую нас папярэджвалі. Ці мы ехалі зь перамогай, толькі каб стаяць, ашаломленыя, перад старым хлусам зь мёдам на зьмяіным языку? Так загнаны воўк прамаўляў бы выжлам, калі б здолеў гаварыць. Гаспадар мой, якую дапамогу ён можа даць? Усё, чаго ён хоча, – гэта выбрацца з свае пасткі. Ці стане вашамосьць перамаўляць з тым, на чыіх руках забойствы й здрада? Узгадайце Тэядрэда ля броду, Хаму ў Хельмавым Яры!
– Калі ўжо згадваць атрутныя языкі, дык што сказаць пра твой, малады асьпідзе? – прышыпеў Саруман, і зараз ягоны маланкавы гнеў выявіўся для ўсіх. – Аднак ня трэба сьпяшацца, Эямэр, сын Эямунда! – працягнуў ён па-ранейшаму добра й мякка. – Кожнаму чалавеку – свая доля. Твая – у зброі й ваярскай моцы. Вялікай пашаны дамогся ты празь іх. Карай тых, каго назаве ворагамі твой гаспадар, і ў тым шукай сваю радасьць. Ня ўблытвайся ў тое, чаго яшчэ не разумееш. Вераемна, калі станеш каралём, і сам скеміш, што сяброў абіраюць з асьцярожнасьцю. Сяброўства з Саруманам і моц Ортанку ня варта адкідаць з пустой прыхамаці – якія ні ляжалі б за сьпінай крыўды, сапраўдныя ці ўяўныя. Вы выйгралі бітву – але не вайну, і з дапамогай сілы, на якую наўрад ці магчыма разьлічваць зноў. А мо раніцою вы знойдзеце лясны цень упрост ля сваіх дзьвярэй? Бо ягоныя гаспадары неразумныя й непрадказальныя й маюць няшмат любові да людзей. Але ж навошта, о гаспадар Рохану, называць мяне забойцам, нат калі адважныя ваяры й загінулі ў бітве? Калі пачынаць вайну, ды без патрэбы – бо я яе не жадаў, гэтай вайны, – ваяры асуджаныя на гібель. Калі мяне з той нагоды палічаць забойцам, дык увесь род Эёрла заплямлены забойствам, бо ён багата ваяваў і нападаў на мноства тых, што адважыліся супрацьстаяць яму. Аднак зь некаторымі потым памірыўся, няхай і з палітычнай нагоды, мір ёсьць мір, дзеля чаго ён ні ўтвараўся б. Я скажу так, вашая каралеўская мосьць Тэядэн: няхай будзе мір і сяброўства між намі. Ці ж ня ў нашай волі іх стварыць?
– Мір мы створым, – вымавіў нарэшце Тэядэн, хрыпата й напружана, нібы пераадольваючы перашкоду.
Колькі вершнікаў загукалі задаволена. Тэядэн жа ўзьняў руку, заклікаючы да цішыні.
– Так, мы створым мір, – паўтарыў ён голасам ясьнейшым і мацнейшым, – калі загінеш ты й тваё ліха – разам зь ліхам твайго чорнага гаспадара, для якога ты жадаў парабаваць нас. Ты брэшаш, Саруман, атрутнік сэрцаў і розумаў. Ты працягваеш мне руку – а насамрэч гэта адзін з кіпцюроў на лапе Мордару! Халодны й жорсткі кіпцюр! Твая вайна з мною была несправядлівая, бо калі ты быў бы ўдзесяцёра мудрэйшы, тое не дало б права распараджацца мной і маёй краінай. Нават калі б яна зь нейкай нагоды зрабілася справядлівай вайной, што ты скажаш мне пра выпаленую Заходнюю Ўкрайну? Пра малых, забітых там? Пра мёртвае цела Хамы, пасечанае на кавалкі перад брамаю Горнбургу? Калі ты павісьнеш з свайго вакна падлаю на шыбеніцы дзеля пацехі сваіх груганоў, вось тады паміруся я з табою ды з Ортанкам! Вось што належыць табе ад роду Эёрла! Я – зьменшалы нашчадак вялікіх продкаў. Але ж лізаць твае пальцы ня буду. Пашукай халуёў дзе яшчэ. Аднак жа, баюся, голас твой страціў колішнюю чароўнасьць.
Вершнікі пазіралі на Тэядэна, быццам зьнянацку абуджаныя ад прыемнага сну. Груба, як крумкачовы карк, гучаў для іх голас гаспадара пасьля Саруманавай мэлядычнасьці. Аднак той ледзь ня выскачыў зь сябе ад шаленства. Нахіліўся за парэнчы, нібы жадаў ударыць караля кіем. Некаторым падалося – гадзіна зьвілася ў кольцы, гатовая скочыць і ўджаліць.
– Шыбеніцы й крумкачы! – прашыпеў ён, і ўсе здрыгануліся ад раптоўнай зьмены. – Бязглузды! Твой род Эёрла – лютая абпітая банда! Жывяце ў брудзе й смуродзе пад саламянымі стрэхамі, а вашыя вырадкі поўзаюць па падлозе разам з сабакамі! Нядоўга вам засталося чакаць шыбеніцы! Пятля ўжо зацягваецца – спачатку павольна, а тады – шчыльна й незваротна! Вісіце, калі пажадалі!