Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Так распавядае легенда старых палінезійцаў яшчэ з тых часоў, калі яны пакланяліся агню.
— Раскажы мне як-небудзь пра каралеву Аль, востраў Вайгу і многія іншыя астравы.
— Раскажу, мая Аль.
— А сёння ты прыйдзеш на абед да… тваёй Аль.
— А мы… будзем адны?
— Не. Ты пазнаёмішся з маёй выхаванкай і старой Юзэфовай, голас якой ужо ведаеш. Прыходзь у чатыры.
— Добра, мая Аль.
— Да пабачэння, мой Бох.
— Мой? — рассмяяўся Друцкі. — Гэта рэванш?
— Гарачая прага рэваншу. Можа, нават болей: неабходнасць… Спадзяюся… спадзяюся, ты разумееш? — у яе голасе прагучала цвёрдая, стальная нота.
— Больш чым разумею, мая Аль. Я гэтага хачу, — сказаў ён сур’ёзна.
— Жыццё моцнае, як ты.
— Яно багатае, як ты, мая Аль.
— Так. Багатае, на прыгажосць, на асалоду, на небяспеку, на тысячы магчымасцей і немагчымасцей, на прамяністасць сонца і на буры, ураганы…
— Тваё жыццё такое?
— Такое, як ты.
— Бачыш, — засмяялася Аліцыя, — мне ўжо трэба ісці, а так цяжка пакласці трубку. Ну, да пабачэння!
— Да пабачэння, мая Аль.
Ён падышоў да акна і пацягнуўся ў промнях сонца:
— Так, — падумаў Друцкі, — яна, як маё жыццё. Буйная, радасная і небяспечная… А ці радасная? Ах! Якая розніца!
Трэба было падумаць пра кватэру. Бо варта ўлічваць факт, што яна не можа прыходзіць у атэль. І зноў, у яе нейкая выхаванка і служка… Аліцыя павінна лічыцца з іх меркаваннем, і гэта важна. Яна пракурор.
Друцкі ўсміхнуўся сам сабе: доўгую галерэю яго жанчын папаўняе і такая, пракурор.
«Не, — запярэчыў ён сам сабе, — гэта не тое, што астатнія… Гэта нешта цалкам іншае».
Друцкі ўзяўся за справу.
Ён знайшоў аб’яву пасрэдніцкага бюро па найме кватэр, пагаварыў па тэлефоне, загадаў падаць яму яго аўтамабіль, пад’ехаў да бюро, забраў агента, які павінен быў яму паказаць некалькі кватэр для найму.
— Я вам коратка раскажу, чаго я хачу, — пачаў Друцкі, рушыўшы з месца ў бок Бельведэра, — мне патрэбна два або тры пакоі з ваннай…
— І з кухняй.
— Не. Кухня мне непатрэбная.
— Разумею, невялікая кватэрка для карыстання час ад часу…
— Нічога ты, пан, не разумееш. Я там буду жыць. Паслухай жа, чорт цябе бяры: кватэра павінна быць прыстойна абстаўленая, утульная, светлая, у вялікім прыгожым доме.
— Вам патрэбна цалкам абсталяваная?
— О, так. Я амерыканец. У нас можна зняць кватэру так, каб, засяляючыся, мець пры сабе толькі зубную шчотку.
— О?! — здзівіўся агент.
— Мне трэба штосьці непадалёк.
— Зразумела, у мяне ёсць некалькі такіх аб’ектаў, але там, на Горнаслёнскай, куды якраз мы едзем, на жаль, не цалкам абсталявана. Мэбля там толькі ў сталовай… Нешта сапсавалася?
Друцкі спыніў машыну.
— Тысяча чарцей! Нічога не сапсавалася, толькі ў мяне няма лішняга часу. Якога ліха я буду глядзець гэтую на Горнаслёнскай, калі яна мне не падыходзіць?!
— Але гэта вельмі прыгожая кватэра…
— Ты, пан, альбо выходзь, альбо выцягвай свой нататнік і давай адрас такой, якая мне патрэбна!..
— Шаноўны, — настойваў агент, — можа, туды купіць вельмі танную мэблю, у растэрміноўку… Зараз-зараз, — спыніўся ён, бачачы, што Друцкі адчыняе дзверцы, — паехалі на праспект Шуха.
— Не разумею, — пачаў агент, калі машына рушыла, — чаму вы, шаноўны, не хочаце самі абсталяваць кватэру, згодна з вашым густам. Гэта было б танней.
— А вы ведаеце Евангелле? — неспадзявана запытаўся Друцкі.
— Ведаю, — здзівіўся агент.
— Дык вось там сказана: «Не збірайце скарбаў на гэтай зямлі!» Разумееце?.. Я якраз усё рэзервую на Неба. Гэта тут?
— Так.
Яны выйшлі. Гэта была светлая двухпакаёвая кватэра на першым паверсе, абстаўленая па вышэйшым разрадзе.
Іх прыняў сам уладальнік, худы, кволы бландзін, які не вымаўляў «р». У яго была ружовая шаўковая піжама, завітыя валасы і падфарбаваныя вейкі і бровы.
«Дзіўны хлопец», — падумаў Друцкі.
— Гэта шыкоўная кватэрка, ідэальная гарсаньера, — млявым голасам тлумачыў бландзін. — А паглядзіце, якая ванная. Я люблю прыгожыя ванныя пакоі, і гэты абставіў дакладна як у лорда Кентберы… Праўда, цудоўная?..
Сапраўды, Друцкі павінен быў прызнаць, што нічога падобнага ён у жыцці не бачыў.
Прасторны пакой са сценамі з мазаікі, вытрыманай у пастэльных тонах, з выявамі розных сюжэтаў грэчаскай міфалогіі, з падлогай, па-майстэрску выкладзенай паркетам з жоўта-ружовага корку, мяккай і эластычнай. У глыбіні — ніша, захінутая светлай каляровай занавескай, з душамі, кранамі, незлічонымі трубкамі, якія ззялі нікелем. Насупраць — другая, з шырокай белай тахтой.