Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 229
Перейти на страницу:

Неўзабаве пасьля прыезду да нас Найдзена Вылчава прыехаў другі Вылчаў — Георгі, навуковец, унівэрсытэцкі выкладчык. Ён аказаўся дужа кампанейскім чалавекам, няблага гаварыў па-расейску. Рыгор Барадулін узяў яго і яшчэ мастака Барыса Заборава ў Вушачу, на госьці да маці. Я наведаў іх па дарозе з дому ў Менск. Бацькоўская хата Рыгора хавалася ў засені пасаджанага бацькам вяза, ззаду за ёй быў садок. А на ганку стаяла мілая кабета Акуліна Iванаўна — Грышкава маці, тыповая ўшацкая аўдавелая з вайны гаротніца, у якой адзіная ўцеха ў жыцьці — сынок. Геніяльны нацыянальны паэт, што для маці, аднак, мала значыла. Для маці значыла ўсё толькі тое, што ён — сынок. I жыла яна тым вялізным пад неба пачуцьцём, вышэй ад якога не бывае нічога. Памятаю, там ці, можа, пазьней я паспрачаўся з Барысам Заборавым, які ў адрозьненьне ад некаторых з нас ня дужа надаваў хвалы калегу Міхасю Савіцкаму, што тады шпарка і ўпэўнена ўзыходзіў на беларускі мастакоўскі алімп. Час, аднак, паказаў, што Забораў меў рацыю, а я памыляўся — на вялікі мой жаль.

У Горадню зь Менску прыехаў Васіль Буран, які рыхтаваў да абароны кандыдацкую дысэртацыю па творчасьці Быкава. Дысэртацыю не прымалі, бо там даваліся ня тыя ацэнкі некаторым момантам маёй творчасьці. Васіль біўся над ёй колькі месяцаў і ўсё марна. Я сказаў яму: «Напішы ты, што ім патрэбна». Але Васіль, які аказаўся слаўным украінскім хлопцам, маім аднагодкам, упарціўся. Дык мы разам сядзелі вечар, і я памагаў яму рабіць фармулёўкі ўласных творчых хібаў. Здаецца, тое памагло, дысэртацыю прынялі.

53. Шосты зьезд СП БССР

Так сталася, што маімі літаратурнымі сябрамі ў Менску сталі маладзейшыя пісьменьнікі, народзінаў 30-х гадоў. Сяброў зь ліку аднагодкаў (апроч хіба Алеся Адамовіча, маладзейшага за мяне на 3 гады) амаль не было нікога. Увогуле тое зразумела. Маё пакаленьне ці ня спрэс засталося на вайне, а тыя нешматлікія зь яго, што ўцалелі, занадта навучыліся на вайне і пасьля. «Філялягічнае ж пакаленьне» пісьменьнікаў, мабыць, яшчэ ня страціла сваіх маладых памкненьняў да праўды і справядлівасьці і часам, можа нават міжволі, канфліктна рэагавала на нэгатыўныя праявы літаратурнага жыцьця.

Напярэдадні чарговага зьезду Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі арганізавалі збор подпісаў пад лістом у абарону Быкава. Як пасьля яны пра тое апавядалі, цікава было паназіраць за рэакцыяй шмат якіх пісьменьнікаў на прапанову падпісаць ліст. Некаторыя адразу адмовіліся, іншыя абяцалі падумаць (г. зн. параіцца з кімсь). Бальшыня, аднак, не раздумваючы, падпісала ліст, і мяне ўсьцешыла, што сярод іх нямала старых, вельмі шаноўных пісьменьнікаў: Міхась Лынькоў, Iван Мележ, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў. (Дарэчы, Аркадзь Куляшоў, які быў у даўняй дружбе з Твардоўскім, адзін зь першых павіншаваў мяне з надрукаваньнем у «Новом мире».) Але ні Шамякін, ні Броўка, ні Танк ліста не падпісалі. Ведама, той ліст мала чым дапамог апальнаму аўтару (ды і ня мог памагчы), але вэрхалу нарабіў нямала. Тое, што вакол яго адбывалася, дало зразумець партыйнаму кіраўніцтву, што ў надта апекаваным калектыве пісьменьнікаў няма былога сцэмэнтаванага адзінства. Што пісьменьнікі, як ні дзіўна і не зважаючы на шматгадовы ўціск і рэпрэсіі, здольныя да пратэсту. Ліст, зразумела, ня быў нідзе надрукаваны, а арганізатараў яго ня раз выклікалі на допыты і разьбіральніцтвы у розныя інстанцыі (у тым ліку і ў КДБ). Але справа была зробленая, пісьмень-нікі ўпершыню засьведчылі, што могуць не падпарадкавацца грознай партыйнай волі. Toe ўжо было небясьпекай, якая дайшла да Масквы і якую належала прадухіліць.

1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)