Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Нібыта само неба лягло на цёмна-зялёныя мармуровыя слупы і ўтварыла гэты вялізны купал. Нібы паветра згусцілася і, пранізанае незлічонай колькасцю залатых пылінак, стала сценамі.
Вышыня. Стоены гул, як на моры, якое ў самы ціхі дзень бесперастанку вібрыруе. Адусюль ідзе высокая, амаль адчувальная сіла..
Колькі загадак, чалавечых пачуццяў, колькі лёсаў уплялося ў выявы святых, фрэскі, узоры, якія сем стагоддзяў стваралі тут пакаленне за пакаленнем? І пакаленне за пакаленнем укленчвалі тут людзі, шукаючы разгадкі сваіх пачуццяў, але нямногім даваліся яны, большасць жа сыходзіла з гэтага свету, так і не зразумеўшы, дзеля чаго прыходзяць сюды, пакутуюць, радуюцца; і ўсе стогны іх, плач і надзеі наслойваліся на гэтых сценах. Можа, ад таго жывымі здаюцца святыя, што глядзяць на людзей унізе?
— Кажуць, што і сам вялікі патрыярх ужо не ведае таямніцы некаторых святых. Бачыш, у іх складзеныя пальцы? Яны паказваюць, як вылечваць некаторыя цяжкія хваробы*. Старажытныя людзі ведалі ўсё, — шапнуў Нікіфар.
* Мудры, альбо пэўныя скрыжаванні пальцаў, як бы накіроўваюць плынь энергіі ў патрэбныя органы і тым лечаць. Выявы святых на сценах царквы сведчаць аб тым, што гэты спосаб лячэння быў вядомы ў старажытнай Візантыі.
Ён знакам паказаў Жывене, якая ўсё яшчэ стаяла, высока ўзняўшы галаву, што трэба прайсці да ўсходняга нефа.
Там, на адной з калон, быў намаляваны Хрыстос у залатым ззянні святла, якое сыходзіла з усяго ягонага цела. Больш яркія палосы лучыліся з галавы.
— Гэтую фрэску заказалі для храма мае продкі, - сказаў Нікіфар. — Заўсёды, калі я прашу ў Бога што-небудзь, я прыкладаю руку да ног Хрыста і малю яго дапамагчы мне. Можа, і табе калі-небудзь ён пашле ўдачу.
Жывена прыклала руку да залатой паласы. Помніцца, яшчэ Святазар гаварыў аб тым, што ёсць святыя і мудрацы, якія бачаць святло, якое сыходзіць з рук і галавы чалавека, толькі, вядома, іх і параўнаць нельга з тым, якое сыходзіць з хрысціянскага Бога*, ад ягонай выявы. І гэтую фрэску намаляваў не просты рамеснік, а той, хто валодаў дарам нябёсаў, яго, гэты дар, і адчувае яна зараз. І ёй адкрывалася веліч краіны, куды невядома як зашпурнула яе, маленькую трэсачку — можа, дзеля таго, каб лепей зразумела свой далёкі свет, узважыла страшную прыцягальнасць улады, велічы — і свабоды.
* Аб здольнасці старажытных мастакоў бачыць біяполе чалавека піша Ш.Карагула (кн. «Прарыў да творчасці»).
Нікіфар, мабыць, адчуваў яе перажыванні. Калі яны выйшлі з храма Святой Сафіі, задуменна прамовіў:
— Мабыць, у нечым ты маеш рацыю. Мы, рамеі, так імкнемся нашыць на залатыя рызы нашай краіны як мага болей каштоўных камянёў, што, мабыць, Візантыя робіцца падобнай да састарэлай імператрыцы, якая любуецца сваёй былой прыгажосцю і не хоча заўважаць, што ў яе распухлі і скрывіліся ногі… Кожнай краіне патрэбныя крылы, а мы так абцяжарыліся, што не можам часам нават зварухнуцца… Але вер — заваяванне Канстанцінопаля лацінянамі сталася ветрам, які шмат чаго павымеў з пустых галоваў нашай знаці.
— Але ж ты служыш Балдуіну?
— Затое мой сын жыве ў Нікеі і ўзвышае яе, каб менавіта Нікея, гэтая свабодная частка Грэцыі, змагла выратаваць нас усіх…
Калі яны вярнуліся і рабы апусцілі насілкі ля ганка, коміт звярнуўся да Жывены:
— Я хацеў бы, каб ты сёння прыйшла на вячэру ў парадны пакой.
— Але я стамілася, высакародны Нікіфар…
— Не адмаўляйся! Спаўняецца сорак дзён з дня смерці Еўдакіі. Заўтра сюды прыйдуць многія знатныя людзі. А сёння будуць толькі некалькі маіх найбліжэйшых сяброў. Для цябе вельмі важна быць там…
Яна ўзняла на яго вочы, але нічога не сказала, толькі адчула, як ліхаманкава забілася сэрца.
— Не ссоўвай бровы, бо маршчынкі псуюць прыгажосць, — зусім як Святазар, нават з тымі ж бацькоўскімі інтанацыямі прамовіў гаспадар, і слугі непрыкметна пераглянуліся, бо ніколі не чулі яны ад суровага Нікіфара такой пяшчоты ў голасе.
— Я прыйду, — схілілася ў паклоне Жывена. Не хацелася ёй такой відавочнай пяшчоты, бачыла яна, як зайздросліва заблішчалі вочы ў новага кіроўцы двара, як неўпрыкмет ухмыльнулася маладзенькая рабыня-сірыйка, мазнуўшы па ёй поглядам. Адчула, як сціснуў руку сярэбраны бранзалет, які давялося надзець сёння па загадзе коміта.
Калі яна ў сціплай туніцы і з тым жа бранзалетам з'явілася ў парадным пакоі, Нікіфар непрыкметна для іншых зморшчыўся, але прыветна ўсміхнуўся, калі яна пацалавала яму руку.
«Дзіўныя стварэнні людзі, - думала дзяўчына, калі ён знаёміў яе з прысутнымі — багатым купцом Гермагенам („Яго дзед быў няшлюбным сынам майго прадзеда, і наш род заўсёды апякуецца іх родам“, — шапнуў коміт), друнгарыем віглы* Васілём, а таксама заканазнаўцам Міхаілам. — Коміт абураецца, калі я звяртаюся да яго як рабыня, але з задавальненнем прымае рабскія знакі пашаны».