Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Моргульскі рыштунак, які на Гарбагавых быў, лепей зладжаны ды лепей падышоў бы, – паведаміў Сэм. – Але ж, мяркую, несьці ў Мордар моргульскія пазнакі, асабліва пасьля таго, што тут адбылося, не выпадае. Ну вось, спадару Фрода, прабачце мне дзёрзкасьць, але ж з вас атрымалася ўзорнае малое арчанятка. Ці атрымаецца, калі вам яшчэ твар закрыць маскаю, дадаць доўгія рукі й зрабіць ногі крывымі. Тое-сёе, праўда, прыхаваць магчыма, – Сэм накінуў вялізны чорны плашч на Фродавы плечы. – Вось і ўсё! Можна ўзяць тарчы ды йсьці.
– А як наконт цябе? – спытаў Фрода. – Ці ж ня мусім мы выглядаць аднолькава?
– Ну, спадарыку Фрода, я так мяркую: лепей мне майго дабра не пакідаць за сабою, бо зьнішчыць мы яго ня здолеем. А орцкая браня на маю вопратку не налезе, так вось. Таму прыкрыюся – і ўсё.
Апусьціўся на калені й ахайна згарнуў эльфаў плашч. Той скруціўся ў дзівосна малы пакуначак. Хобіт склаў яго ў заплечнік. Тады падняўся, закінуў пляцак на сьпіну, насунуў орцкі шалом на галаву й накінуў на плечы чорны плашч.
– Вось і ўсё! Выглядаем досыць падобна. I рушыць трэба зараз жа!
– Я ўсю дарогу не прабягу, Сэме, – Фрода крыва пасьміхнуўся. – Ці даведаўся ты пра шынкі ўздоўж шляху? А мо забыўся пра ежу й пітво?
– Аёечкі, насамрэч! – Сэм ажно прысьвіснуў з адчаю. – Вось жа трасца якая, вы ж мне нагадалі, які я галодны! Ужо й ня памятаю, калі астатні раз якая кропля ці шматок на вусны траплялі. Я й забыўся цалкам, вас шукаючы. Адылі дазвольце-тка паразважаць. Апошні раз, калі глядзеў, у мяне шчэ было эльфавых хлябцоў ды таго, што гетман Фарамір даў, каб амаль два тыдні працягнуць. А ў біклажцы маёй хіба кропля на дне засталася. Аніяк таго на двох ня хопіць. А оркі – яны што, не ядуць і ня п'юць? Ці жывуць на адным смуродзе з атрутаю?
– Не, яны ядуць і п'юць. Цень, што ўтварыў іх, можа толькі кпліва нявечыць, а насамрэч новага ствараць ня здольны. Ня думаю, што ён даў жыцьцё оркам, толькі зруйнаваў ды сапсаваў нешта, і калі ўжо яны выйшлі жывыя, дык мусяць сілкавацца, як любыя іншыя жывыя стварэньні. Бруд піць і бруд есьці яны здольныя, калі лепшага ня знойдуць, але ж не атруту. Яны мяне кармілі, у гэтым мне крыху больш пашчасьціла, чым табе. Недзе тут мусяць быць і ежа, і пітво.
– Няма часу шукаць!
– Ну, тут троху прасьцей, чымся ты мяркуеш, – заўважыў Фрода. – Мне крыху пашанцавала, пакуль цябе не было. Насамрэч яны ня ўсё забралі. Я свой мех зь ежаю знайшоў сярод анучак на падлозе. Яны пакапаліся там, безумоўна. Але ж, лічу, і выгляд, і пах лембасаў ім прыйшліся не даспадобы, нават горш, чым Глыксу. Параскідалі шмат, паламалі й пакрышылі, але я пазьбіраў. Атрымалася амаль столькі, колькі ў цябе. Аднак Фараміраву ежу ўсю забралі й парэзалі маю біклажку.
– Тады й казаць няма чаго, – вынікаваў Сэм. – Напачатку хопіць. А вось з вадою мецьмем праблемы. Дык рушма, спадару! Хутчэй сыдзем адсюль, а то суцэльнае возера пітва не дапаможа!
– Ня сыдзем, пакуль ты не перахопіш чаго, – сказаў Фрода настойліва. – I слухаць тваё аднекваньне ня буду. Вось, вазьмі-тка эльфаў хлябец ды дапі, што засталося ў біклажцы! Справы нашыя ўвогуле безнадзейныя, так што няма патрэбы непакоіцца пра раніцу. Верагодней за ўсё, яна не настане.
Нарэшце рушылі. Скараскаліся па драбінах, а тады Сэм зьняў іх і паклаў у калідоры побач з скурчаным целам мёртвага орка. Спускаліся ў цемры, і толькі на пляцоўцы даху адбівалася сьвятло гары, пабляклае да густой хваравітай барвы. Падабралі дзьве тарчы, каб дапоўніць маскіроўку, дый рушылі далей.
Доўга кульгалі ўніз па вялікіх сходах. Верхняя камора вежы, якую толькі што пакінулі, падавалася ўжо амаль утульнай. Выйшлі ў адкрытыя калідоры, і адусюль патыхала жахам. Магчыма, анічога жывога не засталося ў Кірыт Унгале, але ж надта доўга жылі тут жах і ліха, і самыя камяні набрынялі імі.
Праз колькі часу хобіты дабраліся да дзьвярэй у вонкавы двор і спыніліся ля іх. Нават адтуль, дзе стаялі, адчувалася накіраванае на іх ліха Назіральнікаў – чорных маўклівых постацяў пааберуч брамы, празь якую няярка сачылася полымя Мордару. Калі прабіраліся між пачварнымі целамі забітых оркаў, кожны наступны крок даваўся ўсё цяжэй. Яшчэ брамы ня сягнулі, а ўжо кроку не маглі зрабіць болей. Нават на цалю прасунуцца было балюча й надзвычай стамляльна для волі й члонкаў.