Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Калі справа дайшла да вяртаньня, Сэм адчуў дзівосную неахвоту аддаваць пярсьцёнак і прымушаць гаспадара знову несьці гэткі цяжар.
– Ён у цябе? – Фрода вохнуў. – У цябе? Сэме, ты цуд!
I раптам голас ягоны дзівосна зьмяніўся.
– Давай яго сюды! – Фрода паўстаў, працягваючы дрыготкую руку. – Давай зараз жа! Табе нельга яго мець!
– Усё добра, спадару Фрода, – запэўніў Сэм, крыху напалоханы. – Вось ён!
Павольна ён выцягнуў пярсьцёнак ды зьняў ланцуг.
– Але ж вы ў самым Мордары, ведайце. Калі вызірнеце вонкі, убачыце Вогненную гару ды ўсенька накшталт таго. I скеміце, што пярсьцёнак зараз надта небясьпечны й несьці яго надта цяжка. Калі тое станецца заскладаным, мо й я здолеў бы колькі пранесьці на зьмену з вашцю?
– Не, не! – Фрода выхапіў пярсьцёнак і ланцуг з Сэмавых рук. – Не, ён не дастанецца табе, зладзюга!
Ён ледзь не задыхаўся, сьвідруючы Сэма вачмі, паўнюткімі страху й варожасьці. Тады раптам, сьціснуўшы пярсьцёнак у кулаку, адхіснуўся ў вусьцішы, бо смуга, падалося, раптам зьнялася зь ягоных вачэй, і ён пацёр рукою лоб. На момант такая відочная й жудасная выява паўстала перад Фрода, яшчэ паўздурнелым ад раны й страху: нібы Сэм проста перад вачыма перакінуўся зноў у орка з брыдкай усьмешкай, які цягнецца па пярсьцёнак і ператвараецца ў маленькага бруднага пачварня з прагнымі вачыма й сьлінявым ротам. Але ж прывід зьнік. Сэм стаяў на каленях перад Фрода з тварам, скажоным ад болю, быццам працяты ў самае сэрца, зь сьлязьмі на вачох.
– Сэме мой! – загаласіў Фрода. – Што ж я сказаў? Што нарабіў? Прабач мне! I гэта пасьля ўсяго, што ты зьдзейсьніў дзеля мяне! Страшэнная моц у гэтай цацкі. Каб толькі яго аніколі, аніколі не знаходзілі! Не зьвяртай на мяне ўвагі, Сэме. Я мушу несьці свой цяжар на канца. Ты ня можаш стаць паміж мною й маім конам.
– Усё ў парадку, спадару Фрода, у парадку, – Сэм выцер рукавом вочы. – Я разумею. Але ж я ўсё-ткі магу дапамагчы, так? Бо мушу вас адсюль выцягнуць. I не адкладваючы! Але спачатку трэба вам адзеньня якога здабыць ды рыштунку, а тады й ежы трошку. Вопратку адшукаць лягчэй за ўсё. Раз мы ў Мордары, дык і апрануцца трэба па-мордарску. А ўвогуле, і выбару ж няма. Тут, баюся, будзе толькі оркава. Дый я таксама пераапрануся. Калі ўжо пойдзем разам, дык лепей выглядаць аднолькава. А пакуль загарніцеся-тка вось у што!
Сэм адшпіліў свой шэры плашч ды накінуў Фрода на плечы. Тады зьняў заплечнік. Выцягнуў Джала з похваў. Лязо амаль не сьвяцілася.
– Вось на што я забыўся, спадару Фрода. Не, ня ўсё яны забралі. Вы ж, калі памятаеце, мне Джала пазычылі й фіял панны. Яны яшчэ ў мяне, так. Але ж дазвольце мне патрымаць іх яшчэ крыху, пане Фрода, бо я пайду пашукаю чаго-колечы. Пахадзіце пакуль што, разамніце ногі. Я неўзабаве вярнуся. Далёка йсьці ня трэба.
– Асьцярожней, Сэме! Вяртайся хутчэй. Тут мо яшчэ засталіся жывыя оркі, затаіліся дзе.
– Давядзецца рызыкнуць, – сказаў Сэм, крочыў да люка й сасьлізнуў па драбінах.
Праз хвіліну, аднак, галава ягоная зноў зьявілася над люкам. Сэм кінуў на падлогу доўгі нож:
– Вось, на выпадак патрэбы. Гаспадар ягоны мёртвы, ну, той, хто вас сьцябаў. Напэўна, сьпяшаўся надта, дык скруціў шыю. А цяперачка выцягнулі б вы драбіны, спадару Фрода, і не спускайце, пакуль я спокліч не назаву. "Эльберэт" – як эльфы кажуць. Аніводны орк такога ня вымавіць.
Фрода сядзеў пэўны час дрыжучы, і ў розуме ягоным адзін уяўны жах зьмяняўся другім, страшнейшым. Тады падняўся, захінуўся ў шэры эльфаў плашч дый, каб заняць розум чым іншым, захадзіў туды й сюды, абшукваючы й разглядаючы кожны кут сваёй турмы.
Праз колькі часу, хоць страх падоўжыў хвіліны ў гадзіны, Сэмаў голас загукаў зьнізу ціхенька: "Эльберэт, Эльберэт!" Фрода спусьціў лесьвіцу. Пыхкаючы, ускараскаўся Сэм зь вялізным цюкам на галаве. Наверсе скінуў яго, і той упаў, глуха бухнуўшы.
– Зараз хутчэй, спадару Фрода! Няшмат было шанцаў знайсьці штось дастаткова малое для вас і для мяне. Возьмем што ёсьць. Але трэба сьпяшацца. Я не сустрэў і ня ўбачыў нікога жывога, але мне неспакойна. Думаю, гэтае месца пад наглядам. Не магу растлумачыць, але адчуваю, нібыта адзін з тых мярзотных лятучых Вершнікаў лунае над намі, высока ў чарноцьці, так, што яго ня ўбачыць.
Распакаваў цюк. Фрода зірнуў на прынесенае з агідаю, але што было рабіць? Альбо апранаць, альбо ісьці голым. Сэм прынёс доўгія калматыя штаны з шкуры нейкай нячыстай ліхой істоты ды брудную скураную камізэльку. Фрода насунуў іх. На камізэльку надзеў браню з дужых кальчужных кольцаў для паўнамернага орка малую, а для Фрода надта доўгую й цяжкую. На яе прычапіў пас з кароткімі похвамі й шыракалёзым кордам. Сэм прыцёг і колькі орцкіх шаломаў. Адзін зь іх добра падышоў Фрода – чорны каўпак з жалезным краем і жалезнымі рабрынамі, абцягнутымі чорнаю скураю. Над дзюбай, прызначанай ахоўваць нос, тарашчылася чырвонае Ліхое Вока.