Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Гэндальф стаў перад дзьвярыма Ортанку й грукнуў у іх кіем. Яны зазьвінелі гулка й глуха.
– Саруман! Саруман! – паклікаў Гэндальф зычным, загадным голасам. – Саруман, выходзь!
Пэўны час адказу не было. Нарэшце аканіцы над дзьвярыма адчыніліся, але ў цёмным прахоне немажліва было каго-небудзь разгледзець.
– Хто тут? – пачуўся голас. – Чаго вы жадаеце?
– Я ведаю гэты голас, – Тэядэн узварухнуўся, – і кляну той дзень, калі ўпершыню прыслухаўся да яго.
– Прывядзі нам Сарумана, калі ўжо ты зрабіўся ягоным пакаёўцам, Грыма Зьмеяроты! – загадаў Гэндальф. – I не марнуй наш час!
Аканіцы зачыніліся. Прайшло колькі часу ў чаканьні. I зьнянацку загучаў іншы голас, нізкі, мэлядычны. Самыя тоны ягоныя зачароўвалі. Тыя, што слухалі не перасьцярогшыся, потым і слоўца не маглі паўтарыць, а, калі прыгадвалі, самі дзівіліся, як жа мала сілы й сэнсу заставалася ў іх. Большай часткаю ўзгадвалі толькі асалоду ад успрыманьня таго голасу, і ўсё сказанае падавалася мудрым і слушным, хацелася хутчэй пагадзіцца, каб і самім падацца мудрымі. Калі ж хто прамаўляў пасьля Сарумана, голас гучаў груба й неразумна. Калі зачараваныя Саруманам чулі супярэчлівае, іхнія сэрцы запальваліся злосьцю й шаленствам. Некаторыя знаходзіліся пад уладай, толькі пакуль чулі Саруманаў голас, скіраваны да іх. Калі той прамаўляў для іншых, усьміхаліся – ужо распазнаўшы хітрыкі штукара, а іншыя раскрывалі раты ў захапленьні. Шмат для каго адзінага гуку таго голасу хапала, каб падпасьці пад Саруманаву ўладу. А падпарадкаваныя ягонай волі чулі голас нават у аддаленьні: заўжды ён ледзь чутна ўгаворваў, нашэптваў, кіраваў. Анікога не пакідаў абыякавым. Пакуль гаспадар меў сілу, ніхто ня мог абвергнуць ягоныя просьбы й загады без змаганьня воляю ды розумам.
– Што ж вы? – дакарыў голас ветліва й дабрадушна. – Чаму парушылі мой спачын? Чаму не даяце мне спакою ані ўдзень ані ўночы?
Нібы ціхая, пакорлівая скарга несправядліва пакрыўджанага.
Госьці зірнулі ўгору, уражаныя, бо не пачулі, як выйшаў Саруман, – і ўбачылі постаць на гаўбцы. Саруман глядзеў на іх зьверху, стары, загорнуты ў плашч, колер якога цяжка было вызначыць, бо ён мяняўся пры кожным руху, нават калі чараўнік паводзіў вачыма. У старога быў доўгі твар з высокім лобам, глыбокія, змрочныя вочы, выраз якіх таксама цяжка было разабраць, хоць падаваліся яны поўнымі суворай, крыху стомленай дабрыні. У сівых валасах і барадзе яшчэ праглядвала чорнае ля вуснаў і вушэй.
– Падобны, але ж не зусім, – прамармытаў Гімлі.
– Ну, так ужо яно атрымалася, – зноў запяяў добры, мяккі голас. – Двох з вас я ведаю. Гэндальфа – занадта добра, каб спадзявацца, што ён шукае тут рады ці дапамогі. Але ж вашамосьць Тэядэн, гаспадар Украйны, вядомы высакароднасьцю зьдзяйсьненьняў і яшчэ болей – славаю свайго роду, магутных нашчадкаў Эёрла! О найшаноўнейшы, найзнакаміцейшы сын Тэнгела Тройчы Славутага! Чаму ж вашаць раней не зьявіўся да мяне як сябар? Як жадаў я бачыць яснавяльможнага пана, наймагутнейшага караля заходніх земляў, асабліва жадаў у апошнія гады, каб выратаваць ад нямудрых, нядобрых парадаў, якімі засланілі позірк вашамосьці! Ці цяпер ужо позна? Хоць і шмат шкоды ўчынена мне, і пэўную яе частку – на жаль! – зрабілі менавіта людзі Рохану, я яшчэ прагну выратаваць цябе, выцягнуць з той пагібелі, відавочна непазьбежнай, калі ласкавы пане неаглядна рушыць абраным шляхам. Насамрэч толькі я здольны дапамагчы спадару цяпер.
Тэядэн раскрыў быў рот, быццам хацеў вымавіць нешта, ды так анічога й не сказаў. Зірнуў у твар Сарумана, у ягоныя цёмныя, сумныя, пранізьлівыя вочы, тады – на Гэндальфа, відавочна вагаючыся. Гэндальф жа не варухнуўся, стаяў як камень, нібыта чакаючы нейкага сыгналу ці знаку. Вершнікі заварушыліся, перамаўляючыся шэптам, пагаджаючыся з Саруманам, а тады замерлі, зачараваныя. Падалося ім, што Гэндальф аніколі так ветліва ды паважліва не размаўляў зь іхнім гаспадаром. Поўнымі пыхі, грубымі здаліся ўсе ягоныя гутаркі з Тэядэнам. I цень азмрочыў сэрцы, прадчуваньне вялікай небясьпекі: вырак Рохану прымроіўся ў цемры, куды вёў Гэндальф, а Саруман стаяў побач зь дзьвярыма выратаваньня, трымаючы іх напалову адчыненымі, так што прамень сьвятла падаў адтуль. Павісла цяжкая цішыня.
Парушыў яе зьнянацку гном Гімлі.
– Словы гэнага мудрагела ўсе перакуленыя з ног на галаву, – прарычэў ён, ухапіўшыся за трымальна сякеры. – На мове Ортанку "дапамога" значыць вынішчэньне, а "выратаваньне" – гібель, вось што відавочна! Але ж мы прыехалі сюды не па падачкі!
– Цішай, калі ласка! – на імгненьне голас Сарумана страціў частку дабрыні й злосьць мільганула ў вачох. – Я яшчэ не зьвяртаўся да цябе, Гімлі, сын Глойна. Твой дом далёка, і цябе наўрад тычацца клопаты гэтых земляў. Не з сваёй волі заблытаўся ты ў іх, і я не віню цябе за ролю, якую ты ў іх адыграў – адважна, без сумневу. Але ж пакорліва прашу цябе: калі ласка, дазволь мне спачатку перамовіць з каралём Рохану, маім суседам, а калісьці – сябрам... Што скажа каралеўская мосьць, уладар Рохану? Ці патрэбныя вашамосьці мір з мною й уся дапамога, якую доўгія гады маёй мудрасьці здольныя даць? Ці ня сыдземся мы разам, каб радай і справай вытрываць чорныя дні й выправіць шкоду так, каб уладаньні нашыя квітнелі яшчэ прыгажэй ды буйней за ранейшае?