Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
У гэты момант ён скеміў, што яна сама прыносіла яму закускі. Пэўна ж, сама іх выбірала і так старанна раскладвала. А ў судзе яе вочы былі поўныя слёз.
«Якая яна добрая і прыгожая», — падумаў Друцкі, і раптам яму стала шкада і яе, і сябе.
— Малышка, — сказаў ён, — дзякуй табе вялікі. Малышка!..
— За што?..
— За тваё сэрцайка.
— О-о-о-ох, — усміхнулася Тэця, нібы прысаромленая.
Ён зноў нахмурыўся, і, невядома чаму, але ёй падалося, што павінна было адбыцца нешта важнае, штосьці, што выкліча сумныя для яе змены.
Друцкі піў і еў. Шмат піў і шмат еў. І Тэці гэта падалося ненармальным, прыкрым, ледзь не хваравітым. Пры гэтым дырэктар не кранаўся з месца.
Нават калі зайграў аркестр, ён не падняў галавы, а калі ўвайшоў касір Юстэк, ён загадаў яму прыслаць яшчэ бутэльку каньяку.
Зазваніў тэлефон.
— Хай сабе звоніць, — буркнуў Друцкі.
— Але, можа, нешта важнае?
— Ну, тады здымі, малышка, а калі папросяць мяне, скажы, што я не прыйшоў і што сёння мяне не будзе. Хіба…
Тэлефонны званок настойліва трашчаў.
— Зрэшты, — Друцкі ўзяў трубку, — алё?
— Як ты, капітане?
Друцкі пазнаў голас Залкінда.
— А, прывітанне, — адказаў ён, — не надта добра… не, нічога надзвычайнага, галава баліць… Што?..
Залкінд гаварыў, што Люба настойвае ехаць у «Аргенціну», а паколькі ён сам нікуды не ходзіць, дык ён толькі адвязе Любу і аддасць яе пад апеку Друцкага.
Дырэктар скрывіўся.
— Ой не, можа, іншым разам. У мяне баліць галава, і я зараз выходжу.
— Дык Люба пакрыўдзіцца, але што ж паробіш. Будзь здаровы, капітан.
Друцкі паклаў трубку і зноў выпіў чарку каньяку.
Тэця хацела яго папрасіць, каб не піў, бо ў яго баліць галава, хацела спытацца, ці сапраўды ён выходзіць, ці возьме яе з сабой, але ў яго была такая непрыступная міна, што яна не прамовіла ні слова.
«Што з ім, — думала яна, — што з ім?»
Ён ужо быў добра нападпітку, аднак загадаў падаць сабе бутэльку шампанскага і бутэльку піва. Змяшаў палова напалову і выпіў усё.
У дванаццаць Друцкі выклікаў Юстэка, аддаў яму агульныя распараджэнні, а ў прыватнасці, якія датычыліся «прастаўлення», што ён абяцаў персаналу, кіўнуў галавой Тэці і выйшаў.
У атэлі ён даручыў парцье даставіць у нумар яшчэ адну бутэльку шампанскага, адчыніў вокны і няўпэўненым крокам хадзіў па пакоі, папіваючы пеністую вадкасць і ўслухоўваючыся ў манатонны шум дажджу.
Калі ў бутэльцы не засталося ні кроплі, Друцкі распрануўся і заснуў мёртвым сном.
Прачнуўся ён рана. Пакой быў заліты сонцам і поўны свежага, бадзёрачага паветра.
Друцкі ўстаў з ложка выспаны і вясёлы. Голячыся, ён бесперапынку свісцеў, з-за чаго ледзь не парэзаўся брытвай, прыняў халодную ванну, апрануўся.
«Жыццё — цудоўнае! — зрабіў ён выснову і, раптам узгадаўшы ўчарашні вечар, схапіў тэлефонную кнігу, адшукаў нумар, паглядзеў на гадзіннік: — Палова на восьмую, відаць, ужо не спіць».
Пазваніў.
Адказаў выразны металічны голас.
— Алё!
— Жыццё — цудоўнае, як ты! — сказаў Друцкі.
Момант цішыні, нейкай цёплай, поўнай невымаўленых слоў цішыні і кароткі вокрык:
— Я ведала!..
— Мая дама дазволіць, каб я па яе прыехаў?
— Не, не… І гэта, чаму «мая дама»?
— А як?
— Трэба прыдумаць, — засмяялася яна, — я прыдумала. Усю ноч думала — і прыдумала.
— Ну і як?
— Бох!
— Я недачуў…
— Бох! «Б» як байка, «о» як вокліч здзіўлення, «х» як… трэцяя літара ў слове «кахаю». Бох!
— Мяне так называлі, калі я быў маленькім хлопчыкам.
— А ты?
— Я буду казаць «мая Аль».
— Мая?.. Я гэтага не разумею, мне заўсёды здавалася, што я магу быць толькі… сваёй…
— А цяпер будзеш чыёй-небудзь, мая Аль.
— Тым лепей для мяне, калі ты здолееш мяне гэтаму навучыць.
— Тым лепей для нас, мая Аль. Я буду ўзорным педагогам.
— Аль, гучыць па-ўсходняму.
— Не. На востраве Вайгу[25] ёсць легенда, што некалі там правіла каралева, прыгожая, як полымя. Яе звалі Аль.
— Я невук, — засмяялася Аліцыя, — і не ведаю, дзе востраў Вайгу. А капітана не заносіла з флатыліяй да яго партоў?
— З флатыліяй не заносіла. Былі іншыя абставіны, але на гэтым востраве я правёў крыху менш, чым паўгода. Гэта адна з найпрыгажэйшых клумбаў у старым Ціхім акіяне. На поўдзень, аж да полюса, ужо няма ніякай сушы. На ўсход трэба тыдзень веславаць на старым судне, каб дасягнуць скалістага ўзбярэжжа Чылі.
— Так, — уздыхнула Аліцыя, — свет велізарны. А чаму ты сказаў, што была каралева прыгожая, як полымя?
25
Вайгу — адна з назваў вострава Пасхі.