НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Заснавальнікам Беларускай сялянскай партыі (БСП) быў адстаўны палкоўнік Савецкай Арміі Яўген Лугін. БСП патрабавала вяртання зямельнай уласнасці і такой дзяржаўнай палітыкі, якая спрыяла б станаўленню фермерскіх гаспадарак, выказвалася за незалежнасць, прафесійную армію і захаванне нейтральнасці беларускай дзяржавы. Слабасцю гэтай партыі было тое, што большасць яе чальцоў не мела дачынення да сялянскага асяроддзя. Да яе праграмы не праявілі цікавасці ні калгаснікі, ні калгасная наменклатура. Гэтая апошняя, якая распараджалася гаспадаркамі ў некалькі тысяч гектараў, бюджэтнымі датацыямі, вялікімі ўплывамі ў мясцовых уладных структурах і амаль дармовай рабочай сілай, не мусілі баяцца банкруцтва. А калгаснікі ў сваю чаргу не ўмелі ўжо і не хацелі працаваць на ўласных гаспадарках. Не распараджаліся яны адпаведнай інфраструктурай — будынкамі, прыладамі, машынамі, цяглавай сілай — неабходнай для аднаасобніцкага гаспадарання. Прапагандаваная БСП ідэя сямейна-фермерскіх гаспадарак не знаходзіла прыхільнікаў.
Створаная ў чэрвені 1991 г. Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (БХДЗ) абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая дзейнічала ў ІІ Рэчы Паспалітай. У злучнасці пераважала інтэлігенцыя каталіцкага веравызнання, хаця ва ўладах былі прадстаўнікі праваслаўных і пратэстанцкіх асяроддзяў. Мэтай БЗХД была пабудова хрысціянскай мадэлі грамадскага жыцця, якая характарызавалася дэмакратычным спосабам станаўлення ўлады, павагай да прыватнай уласнасці, палітычным плюралізмам і сацыяльным забеспячэннем маламаёмасных.
У канцы 1991 г. у Беларусі існавала 20 арганізацый, якія лічылі сябе палітычнымі партыямі. Па словах лідэраў, налічвалі яны па некалькі соцень чальцоў. У сапраўднасці ў большасці гэтых арганізацый дзейнічала па некалькі дзесяткаў асоб. У палове 1993 г. адбылася фармальная рэгістрацыя палітычных партый. Неабходныя дакументы — статут, праграму і дэкларацыі мінімум 50 чальцоў — здолелі прад’явіць 12 арганізацый. У іх ліку былі экалагічныя рухі, напрыклад Партыя зялёных, і згуртаванні рускіх нацыяналістаў, напрыклад Славянскі сабор «Белая Русь».
Большасць лідэраў беларускіх апазіцыйных партый найважнейшай справай незалежнай дзяржавы лічылі стварэнне нацыянальнай арміі. Толькі 20 % афіцэраў размешчанай у Беларусі Савецкай Арміі было беларусамі. Больш паловы афіцэрскага корпуса складалі расіяне, 20 % — украінцы. Тым часам некалькі тысяч беларускіх афіцэраў служыла ў гарнізонах па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. У кастрычніку 1991 г. па ініцыятыве БНФ і БСДГ дайшло да склікання І З’езда беларускіх вайскоўцаў, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі большасці савецкіх гарнізонаў. З’езд заснаваў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ), якое ўзначаліў сацыялдэмакратычны дзеяч палкоўнік Мікола Статкевіч. Мэтай БЗВ было стварэнне беларускага нацыянальнага войска і абарона суверэнітэту Беларусі.
Рэальная ўлада ў арміі, якая дыслацыравалася на тэрыторыі Беларусі, заставалася ў руках савецкіх генералаў, часта расійскіх патрыётаў. Генералы прысягу давалі Савецкаму Саюзу і з новай дзяржавай не мелі яны нічога супольнага. Канфлікт паміж БЗВ і расійскімі генераламі быў непазбежны. У выніку прыдзірлівасці начальства частка сябраў БЗВ была вымушана пакінуць ваенную службу. Толькі ў лютым 1992 г., па прапанове дэпутатаў ад БНФ і Дэмакратычнага блока, Вярхоўны Савет, невялікай перавагай галасоў, прыняў пастанову аб падпарадкаванні размешчанага на тэрыторыі Беларусі войска ўраду рэспублікі. Парламент адобрыў таксама тэкст новай прысягі, якая адгэтуль давалася на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Расійскія афіцэры, якія адмовіліся даць новую прысягу, не былі звольнены з вайсковай службы, хаця гэтага дамагаліся дэпутаты ад БНФ.
Палітычным пераломам на тэрыторыі СССР, у тым ліку і ў Беларусі, стала няўдалая спроба ваеннага путчу ў Маскве ў жніўні 1991 г. Партыйны апарат імкнуўся вярнуць камуністычны лад, які панаваў да гарбачоўскай перабудовы. Атрымаў ён падтрымку часткі беларускай наменклатуры, у тым ліку камандзіраў Беларускай ваеннай акругі, генералаў Анатоля Кастэнкі і Паўла Казлоўскага. На баку путчыстаў аказаліся таксама старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей, новы І сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, міністр юстыцыі Леанід Лашук і намеснік міністра ўнутраных спраў Віктар Кавалёў. Палітыку чакання прымянілі шэф беларускага КДБ Эдуард Шыркоўскі і прэм’ерміністр Вячаслаў Кебіч. 20 жніўня, калі вырашаліся лёсы старога ладу, а таксама Гарбачова, Ельцына і Савецкага Саюза, Кебіч загадаў падначаленым сабе чыноўнікам стрымацца ад выконвання загадаў Масквы.