НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У 1989 г. Камуністычная партыя Беларусі налічвала больш 700 тыс. чальцоў, у ліку якіх 71 % складалі беларусы. Многія з іх у новай сітуацыі сталі шчырымі прыхільнікамі ідэі нацыянальнага адраджэння. Большасць чальцоў БНФ у момант заснавання арганізацыі былі камуністамі. Многія не ведалі беларускай мовы. З другога боку, сярод прадстаўнікоў кіруючых колаў КПБ былі шматлікія прыхільнікі беларусізацыі партыйных і дзяржаўных структур. Адным з іх быў І сакратар Мінскага гарадскога камітэта КПБ Пятро Краўчанка. Ад партыйнай інтэлігенцыі выйшла прапанова заснаваць Таварыства беларускай мовы (ТБМ), якога старшынёй стаў камуніст, вядомы абаронца роднай мовы, паэт Ніл Гілевіч. Таварыства адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы законапраектаў аб статусе беларускай мовы ў БССР, якая ў студзені 1990 г. рашэннем Вярхоўнага Савета стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. Аднак значна часцей з боку партыйнай наменклатуры можна было пачуць нескрываную пагарду да дзяржаўнай мовы.
Змены ў БССР праходзілі галоўным чынам пад уплывам падзей, якія адбываліся ў суседніх савецкіх рэспубліках, асабліва ў Літве, Латвіі і Украіне. На вуліцах беларускіх гарадоў, у адміністрацыі, школах, культурных установах і дамах большасці беларусаў паўсюднай была руская мова. Палітычная сітуацыя вакол Беларусі прымушала ствараць рэспубліканскае заканадаўства, якога ўжо само існаванне ўмацоўвала палітычную адасобленасць рэспублікі. У першай палове ліпеня 1990 г. незалежнасць абвясцілі Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, а нават Расія. Беларускаму Вярхоўнаму Савету не выпадала рабіць нічога іншага, як толькі таксама абвясціць «Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР». «Закон аб мовах у Беларускай ССР», які беларускай мове прысвойваў статус адзінай дзяржаўнай мовы, быў прыняты Вярхоўным Саветам, 80 % дэпутатаў якога складалі камуністы. Пераважная іх большасць нават не карысталася роднай мовай. Аднак раней такія законы прынялі парламенты суседніх савецкіх рэспублік.
«Закон аб мовах» меў уступіць у сілу ў верасні 1990 г. Па прычыне няведання дзяржаўнымі чыноўнікамі беларускай мовы ажыццяўленне гэтага закона было адтэрмінавана. Паасобным ведамствам вызначаны былі тэрміны падрыхтоўкі да працы на аснове беларускай мовы. Да канца 2000 г. усе ўстановы, апрача школьніцтва нацыянальных меншасцей, мелі быць пераведзены на «дзяржаўную мову». Аднак на практыцы нямнога было зроблена для выканання гэтага закона. Дзяржаўныя чыноўнікі і партыйны апарат паўсюдна ігнаравалі абавязак беларусізацыі сваіх устаноў. З боку рускамоўных у сваёй большасці беларусаў таксама не было ціску на наменклатуру. Нават дзеячы новаствораных арганізацый, якія ўключыліся ў дэмакратызацыю палітычнага жыцця рэспублікі, не праяўлялі вялікага энтузіязму да нацыянальнай мовы. Часта яны самі не ўмелі сфармуляваць свае пастулаты на гэтай мове.
У атмасферы станаўлення незалежных дзяржаў на руінах Савецкага Саюза ў свядомасці грамадзян Беларусі расло значэнне беларускай мовы ў якасці асноўнага сродка зносін у сваёй дзяржаве. У выніку ціску інтэлігенцкіх асяроддзяў, дзеячаў БНФ, ТБМ і новаствораных палітычных партый Вярхоўны Савет ухваліў чарговыя законы, якія спрыялі ўмацаванню значэння роднай мовы. У чэрвені 1991 г. прыняты быў «Закон аб культуры», а ў кастрычніку — «Закон аб адукацыі». Абодва законы садзейнічалі беларусізацыі жыцця ў рэспубліцы. У 1991/1992 акадэмічным годзе ўсе педагагічныя інстытуты заняткі са студэнтамі пачалі весці на беларускай мове. Таксама першакласнікі, якія ў гэтым жа годзе пачалі навуку, мелі атрымоўваць веды на роднай мове. Старшакласнікам радыкальна павялічана была колькасць урокаў «дзяржаўнай мовы».
У 1989–1991 гадах паўсталі ўсе інстытуцка-прававыя формы, якія рабілі магчымым адраджэнне беларускіх нацыянальных каштоўнасцей — мовы, культуры, гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. Гэты працэс, нягледзячы на перашкоды з боку прыхільнікаў старога ладу, ахопліваў штораз шырэйшыя грамадскія колы. Большасць грамадзян даходзіла да вываду, што будучыня ў сваёй дзяржаве патрабуе засваення дзяцьмі роднай мовы.
Структурныя перамены 1989–1995 гадоў
Адсутнасць дэмакратычных традыцый і нізкі ўзровень палітычнай культуры грамадства сталі прычынай таго, што змены пасля 1989 г. адбываліся дзякуючы інтэлектуальным і палітычным элітам. Камунізм у людзях, якія мелі дачыненне да ўлады, укараніў дрэнныя прывычкі. Характэрныя ім перш за ўсё былі адмаўленне прынцыпу партнёрства ўлады і грамадзяніна, прысваенне першаму з гэтых фактараў дамінуючай пазіцыі, бюракратычная сістэма выдачы рашэнняў, якая выяўлялася ў шматлікіх дазволах, спраўках, пропусках. Сістэму, якая прыгаворвала людзей на пастаяннае чаканне, пакору і ўступчывасць у адносінах да ўладных структур, грамадства наогул лічыла нормай публічнага жыцця. У такім становішчы якое-небудзь самакіраванне, якое з’яўляецца асновай дэмакратыі, не магло існаваць. Змяніць гэты менталітэт магла толькі такая сіла, якая распараджалася поўнай уладай, шляхам яе паступовага самаабмежавання і перадачы кампетэнцый розным грамадскім арганізацыям і прадстаўнічым структурам. Ні з боку апазіцыі, а тым больш з боку рэжыму, не з’явіліся прапановы ўчыніць грамадства суб’ектам, уключыць яго ў працэс перабудовы грамадска-палітычнай сістэмы. Вялікі ўрок дэмакратыі, які пачаўся ў Беларусі ў пачатку дзевяностых гадоў, у прынцыпе абышоў бокам пераважную большасць грамадства. У далейшым заставалася яно аб’ектам уздзеяння з боку розных палітычных груповак, падатлівым на маніпуляцыю і некрытычнае стаўленне да дэмагогіі. Механізмы дэмакратыі паказаліся надта складанымі і чужымі, таму паўсюдна лічыліся яны не надта спраўным інструментам устанаўлівання ўлады.