НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У Беларусі адсутнічала грамадская перакананасць у тым, што воля народа можа ўплываць на ход палітычных працэсаў. Паўсюдна чакалася такая ўлада, якая забяспечыць справядлівасць і адносны дабрабыт. У грамадскім адчуванні формы ўстанаўлівання гэтай улады і метады яе выконвання мелі другараднае значэнне.
Нават калі злачынствы камунізму набылі шырокую вядомасць, помнікі Леніну, Дзяржынскаму і іншым бальшавіцкім героям не зніклі з цэнтральных плошчаў беларускіх гарадоў. Імёны вінаватых у генацыдзе бальшавікоў засталіся таксама ў назвах вуліц, калгасаў, прадпрыемстваў.
У 1990 г. упершыню адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет, падчас якіх кандыдытаў у дэпутаты маглі вылучаць г. зв. сходы жыхароў. У сітуацыі, калі адзінай арганізаванай сілай была КПБ, яе функцынеры перанялі ініцыятыву ладзіць сходы для вылучэння кандыдатаў. Пяцьдзесят месц у Вярхоўным Савеце, у якім засядала 360 дэпутатаў, атрымалі падкантрольныя КПБ грамадскія арганізацыі — Беларускі хаўрус ветэранаў вайны і працы, Беларускае таварыства інвалідаў, Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, Беларускае таварыства глухіх.
Апазіцыя пайшла на выбары арганізуючы Дэмакратычны блок, аснову якога складалі дзеячы БНФ. Апанаваны камуністамі Цэнтральны выбарчы камітэт месяц да выбараў адкінуў усіх кандыдатаў Дэмакратчынага блока. Толькі дэманстрацыя БНФ ад 25 лютага 1990 г., падчас якой прад’яўлены былі патрабаванні распусціць Цэнтрвыбаркам і КПБ, пасадзейнічала зарэгістраванню кандыдатаў ад апазіцыі на выбарчых спісках.
У першым туры галасавання 4 сакавіка 1990 г. выбраных было толькі 98 дэпутатаў, з ліку якіх 50 было дэлегаваных г. зв. грамадскімі арганізацыямі. Згодна палажэнню аб выбарах, дэпутацкі мандат атрымоўваў той кандыдат, які ў сваёй акрузе набраў 50 % галасоў пры 50-адсоткавай прысутнасці грамадзян на выбарчых участках. У двух чарговых турах галасавання, да 10 мая 1990 г. агулам выбраных было 327 дэпутатаў. Амаль 86 % народных дэпутатаў складалі чальцы КПБ. Дэмакратычны блок займеў 67 мандатаў, з таго ліку 26 месц атрымалі дэпутаты ад БНФ. Пасля некалькіх месяцаў фракцыя БНФ павялічылася да 36 дэпутатаў. Найбольшую падтрымку апазіцыя атрымала ў Мінску, у якім пражывала пятая частка ўсяго электарату Беларусі.
Першым старшынёю Вярхоўнага Савета стаў чалец Палітбюро ЦК КПБ Мікалай Дземянцей, а яго першым намеснікам — старшыня Дэмакратычнага блока Станіслаў Шушкевіч. Зянон Пазьняк узначаліў нешматлікую але кампактную фракцыю БНФ у складзе Дэмакратычнага блока. Старшынёю Савета Міністраў БССР назначаны быў Вячаслаў Кебіч.
Паўсюдныя выпадкі парушэння палажэння аб выбарах, а нават фальшаванне вынікаў выбараў, асабліва на правінцыі, давялі да далейшай радыкалізацыі адносін паміж дзеячамі БНФ і камуністычныі ўладамі. 11 мая Сойм БНФ, вярхоўны орган гэтай арганізацыі паміж з’ездамі, увёў змяненні ў праграму. З гэтай пары мэтай БНФ стала дасягненне поўнай незалежнасці рэспублікі і вывад яе са складу СССР. Частка дзеячаў падтрымоўвала праект стварэння Балтыйска-Чарнаморскай федэрацыі, у якой апрача Беларусі апынуліся б Украіна, Літва і Латвія. Аднак аўтары гэтай ідэі не ўлічвалі ні пазіцыі партнёраў, ні эканамічных магчымасцей такога хаўруса. Канферэнцыя БНФ (форма нечарговага з’езда), якая адбылася ў Мінску 30 чэрвеня, адназначна выказалася за незалежнасць, перагледзела сваё стаўленне да «ленінскай нацыянальнай палітыкі», якая цяпер прызнавалася антынацыянальнай і антыгуманнай. Дэлегаты прад’явілі пастулат нацыяналізацыі маёмасці КПСС і камсамола ў Беларусі, адмены партыйнага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі, судаводствам, арміяй, асветай і прадпрыемствамі. Ад сябраў БНФ, якія адначасна былі чальцамі КПБ, патрабавалася выступіць з партыі.