НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет мінімальнай большасцю галасоў абвясціў «Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР» у складзе савецкай федэрацыі. Гэты крок вымусіла вонкавая сітуацыя, асабліва абвяшчэнне незалежнасці Расіяй. Згаданае рашэнне, хаця не вынікала з пераканання і волі большасці дэпутатаў, адчыніла Беларусі шлях да сапраўднай незалежнасці. Аднак суверэнітэтам не была зацікаўлена таксама большасць беларускага грамадства.
У 12 артыкуле «Дэкларацыі» сцвярджалася:
«Любыя гвалтоўныя дзеянні супраць нацыянальнай дзяржаўнасці Беларускай ССР з боку палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў ці асоб праследуюцца па закону».
Выступаць ад імя народа «Дэкларацыя» дазваляла выключна Вярхоўнаму Савету БССР (арт. 2). На тэрыторыі Беларусі ўстаноўлена вяршэнства Канстытуцыі і законаў (арт. 7). Пацвярджалася выключнасць беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай на тэрыторыі рэспублікі. «Дэкларацыя» давала ўраду права стварыць нацыянальную армію, рэспубліканскую міліцыю і службы бяспекі (арт. 10). Камуністы прагаласавалі таксама за 11 артыкул аб неабходнасці падпісання новай хаўруснай дамовы паміж рэспублікамі, якія ўваходзілі ў састаў Савецкага Саюза. Дэпутаты ад БНФ, якія выступалі супраць якіх-небудзь новых хаўрусаў з Расіяй, не ўдзельнічалі ў гэтай частцы пасяджэння.
Галоўным штуршком, які паўздзейнічаў на ход падзей у Беларусі, былі змены ў Расіі. Дэманстратыўнае выступленне Барыса Ельцына з КПСС выклікала ў Беларусі масавую здачу партыйных білетаў. У многіх заводскіх і мясцовых структурах КПБ засталіся толькі штатныя работнікі. Падчас апошняга ХХХІ З’езда КПБ яе лідэр Яфрэм Сакалоў падняў трывогу, што калектывізм і інтэрнацыяналізм у Беларусі выцясняюцца сепаратызмам і нацыяналізмам. Партыя, калі перастала быць галоўным элементам дзяржаўнага апарату, а чальство ў ёй — неабходнай умовай навуковай, прафесійнай або палітычнай кар’еры, сапраўды апынулася ў становішчы развалу.
Апрача КПБ і БНФ у 1990–1992 гадах у Беларусі з’явілася многа арганізацй, якія імкнуліся стаць палітычнымі партыямі. БНФ — на думку яго кіраўніцтва — не быў партыяй, а толькі грамадскім рухам, у якім дзейнічаць маглі прадстаўнікі розных палітычных плыняў — прыхільнікі незалежнасці Беларусі. Заснавальнікамі новых партый найчасцей былі колішнія дзеячы КПБ.
У чэрвені 1990 г. узнікла Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ). Была гэта нацыяналістычная арганізацыя, якая супраціўлялася якому-небудзь супрацоўніцтву з камуністамі. Чальство ў НДПБ абумоўлена было даказаннем прыналежнасці да беларускага народа і веданнем роднай мовы. Галоўнай мэтай партыі было змаганне за поўную незалежнасць і нацыянальнае адраджэнне. Яе кіраўнікі Аляксандр Емяльянаў і Віктар Навуменка засяроджваліся галоўным чынам на прыцягненні моладзі. Пасля некалькіх гадоў мала прыкметнай дзейнасці партыя знікла з палітычнай карты Беларусі.
Намнога большую ролю мела адыграць Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), якая паўстала ў лістападзе 1990 г. у выніку аб’яднання некалькіх арганізацый ліберальнага ўхілу з Гродна, Мінска і Віцебска. АДПБ у сваёй дзейнасці кіравалася прынцыпам першаснасці інтарэсаў адзінкі над інтарэсамі грамадскіх і нацыянальных груп. Партыя падтрымоўвала працэс беларусізацыі, аднак супраціўлялася парушэнню інтарэсаў рускамоўнага насельніцтва. У гаспадарчай галіне лібералы ад АДПБ прапанавалі магчыма хуткую і ўсеагульную прыватызацыю ўсёй нацыянальнай маёмасці. Пераважную групу ў партыі складала тэхнічная інтэлігенцыя, юрысты і чыноўнікі. На ІІ З’ездзе АДПБ у лістападзе 1991 г. падтрыманы былі тыя дзеянні, якія вялі да ўмацавання незалежнасці дзяржавы. Новым старшынёй стаў народны дэпутат, чалец Сойму БНФ Аляксандр Дабравольскі.
Дзеячы БНФ Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Мікалай Крыжаноўскі выступілі ініцыятарамі стварэння вясной 1991 г. левацэнтрысцкай Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ). На думку заснавальнікаў, партыя мела быць платформай прыбліжэння і супрацоўніцтва для нацыянальных дзеячаў і прыхільнікаў рэформ у камуністычным лагеры. БСДГ выказвалася за незалежнасць Беларусі, аднак не выключала магчымасці стварэння нейкай формы федэрацыі з іншымі краінамі, якія належаць да СССР. Грамадская і гаспадарчая праграма прадугледжвала магчымасць паступовай прыватызацыі нацыянальнай маёмасці, аднак пры ўмове забеспячэння бясплатнасці аховы здароўя і адукацыі, а таксама стварэння прыстойных умоў для пенсіянераў і маламаёмаснага насельніцтва. Першым старшынёю БСДГ стаў Міхась Ткачоў, а пасля ягонай смерці ў лістападзе 1993 г. — Алег Трусаў.