Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
Прачытаўшы цыдулку, Рон пакасіўся на пустое крэсла, якое звычайна займала Герміёна. Гэта здаецца ўзмоцніла яго рашучасць і ён згодна кіўнуў у адказ.
*
Апошнім часам грыфіндорская гасцёўня была перапоўнена народам, бо пачынаючы ад шостай гадзіны вечара ніхто нікуды з яе не выходзіў. Больш таго, у вучняў заўжды знаходзілася тэма для размоваў, таму адчасу гасцёўня не пусцела, нават пасля апоўначы.
Адразу пасля вячэры, Гары выцягнуў з валізы мантыю-невідзімку і цяпер наупрост сядзеў на ёй ў гасцеўне, чакаючы пакуль тая спусцее. Фрэд і Джордж паклікалі іх з Ронам згуляць колькі партыяў у выбухаючы снэп, а Джыні, заняўшы звычайны фатэль Герміёны, сядзела і назірала за гульнёй. Гары з Ронам, наўмысна паддаваліся, спрабуючы скончыць гульню як мага хутчэй. Аднак, Фрэд, Джордж і Джыні пайшлі спаць далёка пасля апоўначы.
Гары і Рон дачакаліся пакуль хлопнуць дзверы ў двух спальнях, накінулі на сябе мантыю і праз адтуліну за партрэтам пакінулі грыфіндорскую вежу.
Зноў, яны з цяжкасцю, пазбягаючы сустрэчы з настаўнікамі, пайшлі па сходах і калідорах. Нарэшце, яны дабраліся да вестыбюля, адсунулі засаўку на дубовых дзвярах уваходу і праз шчыліну, намагаючыся, каб дзверы не зарыпелі, выбраліся ў ноч.
— Слухай, — раптам прамовіў Рон, калі хлопцы ішлі скрозь пакрыты цемраю траўнік, — мы можам пайсці ў Забаронены лес і анічога там не знайсці. Можа тыя павукі ішлі ня ў тое месца. Я, вядома ж, бачыў, што яны прытрымліваліся адзінага шляху, але...
У яго голасе чулася і пакрысе сціхала апошняя надзея.
Хлопцы дабраліся да сумна і змрочна выглядаючай халупы Хагрыда, якая сустрэла іх цёмнымі вокнамі. Гары адчыніў дзверы. Калі Фанг убачыў хлопцаў, ён звар’яцеў ад радасці. Занепакоенныя, што гучны і глыбокі сабакаў брэх можа абудзіць усіх у замку, сябры паспяшалі даць яму патачных ірысак, ад якіх зліпаліся зубы.
Гары скінуў мантыю-невідзімку і паклаў яе на хагрыдаў стол. У непрагляднай цемры Леса ў ёй не было патрэбы.
— Хадзем, Фанг, хадзем. Гуляць, — усклікнуў Гары, ляпаючы сябе па назе. Прасядзеўшы доўгі час у хаце, Фанг радасна кінуўся за імі надворак. Ён куляй кінуўся да ўскрайку Леса і падняў нагу перад вялізным яварам.
Гары выцягнуў з кішэні палачку, прамармытаў: “Люмас” і на яе кончыку з’явіўся невялічкі агенчык, якога як раз хапала на тое, каб адшукаць на зямлі сляды павукоў.
— Добра прыдумаў, — пахваліў яго Рон, — я б і сваю палачку дастаў бы, але сам ведаеш, яна хутчэй выбухнула бы ці яшчэ чаго горш...
Гары пастукаў сябра па плячы і паказаў на траву. Там у цені дрэў хаваліся ад палачкавага святла два самотных павучка.
— Добра, — скарыўшыся перад непазбежным, прамовіў Рон. — Я гатовы. Хадзем.
Разам з Фангам, які бегаў вакол хлопцаў, нюхаючы карані дрэў і апалую лістоту, сябры ўвайшлі ў Лес. Асвятляючы траву гарынай палачкай, яны шукалі ў ёй павучыныя шэрагі. Так яны ішлі каля дваццаці хвілінаў, прыслухоўваючыся да кожнага шуму, грамчэйшага за варушэнне галінак і шоргат лісця. Нарэшце, дрэвы зрабіліся таўшчэйшымі і з-за іх кронаў не было бачна зорак. Цяпер адзінай крыніцай святла сярод непрагляднай цемры засталася толькі палачка Гары. І тут хлопцы ўбачылі, што павукі некуды зніклі.
Гары супыніўся і паспрабаваў прыпомніць, дзе ён апошні раз іх бачыў, але па-за межамі колца святла ад ягонай палачкі ўсё было ахутана густой цемрай. Ён ніколі не заходзіў настолькі далёка ў Лес. Больш таго, Гары добра памятаў наказ Хагрыда, не пакідаць шляху па якім ішоў. Аднак, цяпер Хагрыд быў ў колькіх мілях адсюль у сваёй азкабанскай камеры і гэта ён сказаў хлопцам ісці за павукамі.
Нечакана нешта мокрае дакранулася да гарынай рукі, ён адскочыў назад, аддавіўшы Рону нагу. Але гэта быў усяго толькі фангаў нос.
— Ну што?— спытаў Гары ў сябра, у святле палачкі ён мог бачыць толькі ронавыя вочы.
— Мы ўжо так далёка зайшлі, — адказаў яму Рон.
І хлопчыкі рушылі далей, выглядаючы на зямлі імклівыя павучыныя цені. Цяпер, калі з непрагляднай цемры ім пад ногі ўвесь час трапляліся карані дрэў і пні, Гары і Рон не маглі рухацца захутка. Гары адчуваў на сваёй руцэ гарачае дыханне Фанга. Ім колькі раз прыходзілася супыняцца, каб Гары, прысеўшы змог разгледзець куды ідуць павукі.
Так яны крочылі не меньш за поўгадзіны. Іх мантыі ўвесь час чапляліся за ніжнія галінкі дрэў і калючыя кусты. Праз некаторы час хлопцам падалося, што зямля пайшла пад ухіл, а дрэвы зрабіліся як ніколі таўшчэзнымі.