Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Сама не заўважыла, як прамовіла гэтыя словы ўголас. Падняла галаву — і ўбачыла вочы Нікіфара, затуманеныя журбой.
— Я мог бы сказаць гэта пра цябе, — раптам, як скочыўшы ў бездань, прамовіў коміт. — І хто на маім месцы сапраўды ўстояў бы?
І раптам як нешта перавярнулася ў ёй. Чалавек гэты ўбачыўся зусім інакшым, нібы спала з яго нейкае злое шалупінне.
Тады, як падштурхнутая нейкай сілай, яна расказала пра Райнера і пра тое, як апынулася ў Візантыі. І пра дзіця расказала, якое ўратавала ў самую хвіліну ягонага нараджэння. А пасля папрасіла з усёй адвагай, быццам кідалася ў плынную раку:
— Адпусці мяне на радзіму, там чакаюць мяне.
— Хто? Каханы?
— Не толькі ён. Мне ўсё чужое тут.
— А хто ён, той чалавек, які заслужыў тваё каханне?
— Нашто табе ведаць гэта?
— Раскажы.
Твар яго пачырванеў, кропелькі поту выступілі на ім.
— Гэта я табе не раскажу, гаспадар.
Жывена адчувала, як у ёй усё ўздымаецца ўнутры пратэстам. Яна зацялася:
— Можаш мяне забіць. Нізавошта!
Пакута і адначасна гнеў у ягоных вачах узмацняліся, нібы і яго штурхала нешта ўсярэдзіне, але ён супраціўляўся, сціскаў зубы, каб міжволі не вырвалася тое, чаго ён не хацеў дапускаць. Адно толькі сказаў нарэшце скрозь нежаданне гаварыць:
— Я абараню цябе ад германца. Не бойся: мой дом мае надзейную варту. І ў адказ на тваю просьбу я таксама прашу: застанься ў маім доме да вясны. Клянуся Казьмой і Даміянам, маімі святымі заступнікамі, што не буду цябе ні ў чым няволіць. Хацеў бы яшчэ толькі паказаць табе храм Невыказнай Боскай Мудрасці*, бо яшчэ з дзяцінства памятаю там кожны куток. Можа, ён супакоіць і цябе, і мяне, каб мы абое пасля не шкадавалі аб гэтай хвіліне…
* Менавіта так у летапісах і размовах называлася царква святой Сафіі, паводле ўзору якой былі пабудаваны храмы ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку.
Яны спусціліся ўніз, і рабы панеслі іх да храма святой Сафіі.
Падарожжа было доўгім, амаль праз увесь горад, і Нікіфар дзе-нідзе спыняў рабоў, сыходзіў з насілак і расказваў Жывене пра тую ці іншую славутасць горада.
Жывена пабачыла вузкія вуліцы з шасціпавярховымі дамамі, дзе верхнія драўляныя каморкі займалі беднякі; дамы цярпімасці, якіх тут было на ўсе магчымыя густы і кошты — для багатых і для маракоў, што з усяго свету прыбывалі сюды праз Басфор, Залаты Рог і Прапанціду; мармуровыя высачэзныя лазні са старажытнымі, яшчэ антычнымі багамі, што стаялі ля дзвярэй. Жабракі працягвалі да яе рукі, але баязліва, таму што за гэта маглі атрымаць моцны ўдар ад стражніка, і Жывена пакутавала, што нічога не можа даць няшчасным. З харчэўняў выплёскваліся песні, паўсюдна плыў густы пах хмельных напояў і сытнай ежы, час ад часу прыслужніцы выносілі смецце альбо памыі і вылівалі альбо выкідвалі іх проста ў канавы па баках вуліц. І тут жа, амаль побач, стаялі магутныя, гарманічныя, узнёслыя храмы, сцены якіх былі ўпрыгожаныя дарагой кафляй альбо фрэскамі, а дзверы выразаныя з каштоўных парод дрэў, якія каштавалі шалёныя грошы: эбена, сандала, жалезнага кедра. Але найпрыгажэйшыя з усіх брамаў былі менавіта ў найславуцейшым саборы святой Сафіі, вядомым ва ўсім свеце, і Жывена ўспомніла, з якім пачуццём захаплення апавядаў пра яго ейны дзед Агапій, і зноў успамін аб радзіме вострым нажом паласнуў па душы…
Галоўныя царскія вароты былі адчыненыя, у храм сёння можна было трапіць кожнаму. Бачны здалёк, як велізарны карабель, што плыве ў аблоках, ён уражваў яшчэ болей зблізку.
Складзеная з тысячаў мазаічных плітак, над уваходам ззяла выява Хрыста. Яна была зробленая не проста майстрамі. Жывое, трапяткое яе ўздзеянне — нібы ўсё яшчэ, праз сем стагоддзяў пасля стварэння, у ёй вібрыравала нешта загадкавае, таемнае — імгненна адгукнулася ў Жывене, і яна, услед за Нікіфарам, сама не ўсведамляючы таго, апусцілася на калені.
А пасля яна разам з іншымі зайшла ў сярэдзіну. І нешта ў ёй ціха вохнула.