Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Павольна Сэм пачаў караскацца ўгору. Сягнуў напаўзгаслай паходні, прымацаванай над дзьвярыма насупраць вузкага вакенца на захад – аднаго з тых барвяных вокнаў-вачэй, што Фрода й Сэм бачылі разам ад вусьця тунэлю. Сэм імкліва мінуў дзьверы й пасьпяшаўся на трэці паверх, баючыся, што вось-вось хто-небудзь кінецца на яго, што чэпкія пальцы сьціснуць ззаду ягоную глотку. Дабраўся так да вакна, што пазірала на ўсход, і да наступнай паходні над праходам у сярэдзіну вежы. За шырока расчыненымі дзьвярыма была толькі цемра, падсьветленая барвянымі водбліскамі звонку ды мільгатлівым полымем паходні. Аднак лесьвіца тут сканчалася. Сэм пракраўся ў праход. I зьлева, і справа – дзьверы, зачыненыя й замкнёныя. Ніадкуль не даносілася аніводнага гуку.
– Тупік, – прамармытаў Сэм. – І гэта пасьля такога карасканьня! Не, ня можа гэта быць самы верх вежы. Але ж куды зараз?
Зьбег ніжэй і паспрабаваў дзьверы. Тыя не паддаліся. Зноў падняўся. Па твары папаўзьлі кроплі поту. Адчуваў: кожная хвіліна – каштоўная, але ж яны ўцякалі адна за адной без аніякага толку, і што ж рабіць? Ужо перастаў думаць і пра Шаграта, і пра Снагу, і пра ўсялякіх іншых оркаў, якія толькі ёсьць у сьвеце. Хацеў адно пабачыць свайго гаспадара, хоць бы раз зірнуць у ягоны твар, даткнуцца рукі.
Нарэшце, вытаміўшыся, адчуваючы суцэльную й агульную паразу, сеў на ўсходах, на прыступку ніжэй за ўзровень праходу, апусьціў галаву на рукі. Ціха, ціха да вусьцішы. Паходня, якая, калі ён прыйшоў, ужо дагарала, зашыпеўшы й пырснуўшы яскраўкамі, згасла, і цемра захлынула прастору. А тады ціхенька, сам зьдзівіўшыся сабе, перад гэткім марным і безнадзейным канцом доўгай вандроўкі й перад сваім невычэрпным горам, рухомы нечым у сэрцы, чаму й імя ня мог прыдумаць, Сэм заспяваў.
Голас ягоны гучаў танютка й дрыготка ў халоднай змрочнай вежы, голас забытага й стомленага хобіта, аніякі орк ня зблытаў бы гэта зь ясным сьпевам шляхетнага ваяра-эльфа. Сэм мармытаў старыя дзіцячыя пяюшкі з Шыру ды ўрыўкі песьняў спадара Більба, што луналі ў ягонай памяці зыбкімі пробліскамі роднай хаты й краіны. I тут раптоўна яму дадалося сілы, голас ягоны зазьвінеў – і ўласныя словы самі леглі на просты матыў:
– За гор заслонай і лясоў... – пачаў ён быў зноў.
I раптам спыніўся. Бо падалося: слабенькі голас адказаў яму. Але ж вось ужо нічога не чуваць... Не, штосьці ёсьць, але ня тое. Наблізіліся крокі. У праходзе наверсе адчыніліся дзьверы, рыпнулі. Сэм скурчыўся, прыслухоўваючыся. Дзьверы глуха бухнулі, і тады загучаў бурклівы орцкі голас:
– Гэй там, наверсе, ты, вылюдак пацучыны! До віскатаць, а тое падымуся й разьбяруся з табою! Чуеш?
Адказу не было.
– Ну, добра ж, – прабурчэў Снага. – Усё адно падымуся й зірну, што там табе да галавы ўзбрыло.
Дзьверы рыпнулі зноў, і Сэм пабачыў пробліск сьвятла ў прахоне й няясную орцкую постаць. Орк выходзіў зь нечым падобным да драбінаў. Зьнянацку Сэм здагадаўся: найвышэйшай каморы ў вежы магчыма сягнуць толькі скрозь люк у столі праходу! Снага ўзьняў лесьвіцу, замацаваў ды палез па ёй і зьнік з погляду. Сэм чуў, як бразнула засаўка. Тады мярзотны голас забурчэў знову:
– Ляжы спакойна, а тое заплоціш дорага! Нядоўга табе спачываць, мяркую, але ж калі ня хочаш, каб пацеха пачалася цяперачка, дык пашчу затыкні, га? А вось табе, каб не забыў!
Пачулася нешта падобнае да лясканьня пугі.
I ў Сэмавым сэрцы палыхнула шаленства. Ён ускочыў, пабег, узьляцеў па драбінах, нібы кот. Галава ягоная вытыркнулася пасярод падлогі вялікай круглай каморы. Чырвоны ліхтар зьвісаў з столі, вузкае высокае вакно на захад шчэрылася цемраю. Нехта ляжаў на падлозе ля сьцяны пад вакном, а над ім паўстала, шырока расставіўшы ногі, цьмяная оркава постаць. Орк узьняў пугу другі раз, але апусьціць не пасьпеў.