Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Гэта жахліва, — сумна сказаў ён.
— Жахліва, — пацвердзіла Аліцыя, — але ж сёння… наша жыццё не скончыцца…. Маё…. сёння пачынаецца…
— Жыццё цудоўнае, праўда? — спытаўся Друцкі, прытуляючы яе да сябе.
— Магутнае, магутнае, як ты…
— Каханая…
— І светлае, і стыхійнае, як ты… Калі б ты сышоў, і яно б скончылася.
— Я не сыду. Не хачу, не змагу.
Аліцыя ўзяла яго галаву ў абедзве рукі і ўперылася яму ў вочы.
— У жыцця залатыя вочы, як у цябе…
Іх вусны зноў зліліся ў доўгім, вельмі доўгім пацалунку.
— Табе трэба ісці, — адарвалася ад яго Аліцыя.
— Абавязкова?
— Абавязкова.
— Тады… да заўтра?
— Да заўтра!
І зноў абдымкі, зноў спатканне вуснаў, потым момант пошуку капелюша — і ён ужо збег з лесвіцы.
Друцкі спыніўся на першай лесвічнай пляцоўцы. Аліцыя стаяла, абапіраючыся на дзверы.
Яна ўсміхнулася і прамовіла гучным шэптам:
— Я сентыментальная!..
— Да заўтра! — памахаў ёй Друцкі капелюшом.
Дождж не спыняўся. З паднятым каўняром пінжака Друцкі дабег да шэрагу аўтамабіляў і ўскочыў у першы.
— «Аргенціна», — крыкнуў ён шафёру.
З-пад колаў пырскала вада, мільгалі вулічныя ліхтары.
Друцкі закурыў. Толькі цяпер ён усвядоміў, што ўжо некалькі гадзін не трымаў у вуснах папяросы.
Ён не быў схільны да рэфлексіі. Ён проста грэбаваў капацца ў мінулым. Раманы, у якіх героі заглыбляліся ў лабірынты самааналізу, даводзілі яго да шаленства. Калі ён думаў пра «ўчора», то толькі і выключна ў сувязі з перспектывамі на «заўтра». Факт, які ўжо адбыўся, станавіўся для яго важнай пазіцыяй, з якой неабходна лічыцца, незалежна ад яе станоўчых ці адмоўных бакоў. Мозг проста фіксаваў гэты факт, упісваў у рэестр рэчаіснасці і рабіў высновы на будучае. Гэтым завяршалася функцыя мозга.
Безумоўна, у поўнай незалежнасці ад гэтага рацыянальнага працэсу развіваўся працэс эмацыянальны. Гэта значыць, Друцкі быў вясёлы, быў злы, быў сумны або шалёны. Быў — і ўсё. Чаму? Ён ніколі пра гэта не думаў.
Цяпер, аднак, ён заўважыў дзіўныя парушэнні ў сваіх думках і псіхічным стане.
З’яўляліся нейкія недарэчныя пытанні: што, уласна кажучы, адбылося? Чаму адбылося? Якія ёсць тайны прызначэння? І ці варта радавацца, турбавацца, адчайвацца, выць ад радасці?..
«Халера яго бяры, а што мне?» — сціснуў ён кулакі.
І адказаў пытаннем на сваё пытанне:
«А можа, гэта і ёсць каханне?»
У любым выпадку, яму было не па сабе, і ён ад гэтага адчуваў сябе нязносна, пакуль таксі не спынілася перад «Аргенцінай».
— Даражэнькі, — спытаўся Друцкі ў шафёра, чакаючы рэшту, — што б вы зрабілі, калі б не маглі зразумець, добра вам ці дрэнна?
Шафёр, малады хлопец з выцягнутым тварам, зірнуў на яго спадылба і сказаў з прыветнай усмешкай:
— Ну, зрабіў бы тое ж, што і вы.
— Гэта значыць?..
— Ну, пайшоў бы ў клуб.
— Маеш, браце, рацыю.
Публікі яшчэ не было, і служба магла зладзіць свайму шэфу авацыю. Усе зноў сабраліся ў вестыбюлі і пасля кароткай прамовы Юстэка пад аглушальныя віваты пачалі падкідваць Друцкага ўгору. Служба шчыра радавалася паспяховаму заканчэнню справы, а паколькі то адзін, то другі намякнуў на «абмыванне», Друцкі заявіў, што пасля таго як разыдуцца госці, ён праставіцца.
Тэця, якая не брала ўдзелу ў агульнай авацыі, павітала яго ў кабінеце самай радаснай з усмешак.
— Ну, малышка, — усклікнуў Друцкі, — усё ў парадку!
— Я такая шчаслівая! — дзяўчына злажыла рукі, як для малітвы.
Яна чакала, што Друцкі, як звычайна, прытуліць яе і пацалуе, але не дачакалася. Ён і сапраўды зрабіў такі рух, нібыта хацеў яе абняць, але адразу схаваў рукі ў кішэні і крыху нахмурыўся.
— Дай мне, малышка, каньяку, — сказаў ён, — і загадай прынесці з кухні што-небудзь на закуску.
— Што-небудзь гарачае? — здзіўлена спытала яна, таму што Друцкі ніколі тут нічога не еў.
— Не, якія-небудзь бутэрброды, абы хутка і шмат. Я галодны.
Тэця паставіла на стол бутэльку каньяку і чарачку, зіркнула на шэфа, які абаперся на аконную раму, і хутка выбегла.
Праз некалькі хвілін яна вярнулася з падносам, поўным закусак.
— Дзе мне гэта паставіць? — спыталася яна.
— Пастаў на стол.
Тэця заўважыла, што за яе адсутнасць у бутэльцы значна паменела, і зараз Друцкі напаўняў чарку, выпіў яе залпам і сеў за стол.
Дзяўчына засмяялася.
— Што такое? — зацікавіўся дырэктар яе весялосцю.
— Э-э-э… нічога… толькі ты сеў за стол, — збянтэжана пачала яна, — я яшчэ ніколі не бачыла, каб ты сядзеў за сталом.