Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Пакуль быў у прытомнасьці, ён увесь час прасіў вярнуць ровар ці, прынамсі, прымацаваць замком, бо ён яму вельмі дарагі.
Я думаю, што менавіта Мікітаў чаравік бачыла каля піцэрыі ў пачатку Зыбіцкай, дзе і адбыліся жорсткія затрыманьні.
А яшчэ хачу сказаць, якія ў нас неймаверныя людзі. Калі пачаўся хапун, я кінула свой заплечнік да сьметніцы — у ім быў трохмэтровы сьцяг нашага раёну, гаманец, пашпарт. А позна ўначы знайшла заплечнік у піцэрыі побач. І ўсе мае рэчы былі на месцы! Калі б сьцяг знайшлі ў міліцыі, так хутка пэўна ня выйшла б.
„Мяне паклалі ў маю ж лужыну крыві“
Максім Харошын:
— Я ня помсьлівы і ніколі не жадаю людзям зла, але я яшчэ раз хачу паглядзець ім у вочы, толькі калі яны будуць за кратамі.
Мяне завуць Максім Харошын, я той самы ўладальнік „Первого цветного“ і той самы вясёлы хлопец, які раздаваў на жаночых акцыях кветкі.
13 кастрычніка мяне затрымалі невядомыя. Я вельмі доўга баяўся гэтыя кадры глядзець. І толькі нядаўна пачаў іх праглядаць… І я сам у жаху, я сам не пазнаю сябе. Бо я заўсёды вясёлы, адкрыты, жыцьцярадасны. А тут увесь проста кабачок якісьці. Для мяне гэта нейкі сон. Я гэтага ня памятаю.
Мы з жонкай выйшлі ў 8:30 раніцы ў двор, селі ў машыну, не пасьпелі дзьверы зачыніць. Адразу гэтыя дзьверы адчынілі, пачалі крычаць матам. І мы не зразумелі, хто гэта, людзі былі бяз масак. Першая думка ў мяне: „Можа быць, гэта нейкі пранк“. Адразу пачалі біць мяне ў твар. Тры ўдары ў твар — і я ўжо проста ня бачу. У мяне ацякло вока, разарвалі губы. Столькі крыві, што я ўжо проста ня бачу. Пасьля мяне паклалі ў маю ж лужыну крыві. Я там яшчэ ляжаў пяць хвілін, а яны рабілі ператрус машыны. Потым яны надзелі мне балаклаву і завялі ў свой мікрааўтобус.
У мікрааўтобусе яны ўжо былі ў масках. Мне сказалі сядзець на карачках, не падымаць галавы. І ўсю дарогу, пакуль мяне везьлі ў пастарунак (хвілін сорак), я быў на каленях.
Калі мяне прывезьлі ў Першамайскі РУУС, то там было больш жорстка. Там завялі мяне ў кабінэт, дзе было чалавек дзесяць, зь іх недзе тры дзяўчыны. Там адразу пачалі біць. Калі мяне білі, усе дзяўчаты і ўсе супрацоўнікі, акрамя двух, пры гэтым казалі: „Як мы ад гэтага стаміліся, хопіць іх ужо біць“. І сыходзілі з кабінэта.
Мяне білі дубінкамі, білі ў твар і казалі: „Чаго табе яшчэ не хапае ў гэтай краіне? Мы навучым любіць міліцыю. Мы вас усіх вышчамім, усіх зловім“. Яны мне казалі: „Мы дакажам, што ты кідаўся шумавымі гранатамі, што ты разабраў вадамёт, мы дакажам, што ты спаліў лецішча начальніка амону“. То бок усё, што адбывалася ў Беларусі, яны імкнуліся на мяне перапісаць.
Мы жывём у цэнтры гораду, мы ўвесь час езьдзілі са сьцягам. Мы былі заўважныя ў цэнтры гораду. Такіх, як мы, ня тое што няшмат, але мы ім прымільгаліся. Яны мне пра гэта сказалі, што пастаянна бачылі маю машыну, што „ты нейкі бясстрашны“.
Яны мяне зьбілі да страты прытомнасьці, далі нашатыр, каб прывесьці ў парадак. Празь пяць хвілін пачалі зноў біць. І потым у мяне пачаўся астматычны прыпадак, мне не хапала паветра. Я пачаў задыхацца, і гэта іх вельмі моцна напалохала. Яны пачалі адзін на аднаго раўсьці, што ж вы нарабілі. Усе выбеглі з кабінэта і выклікалі „хуткую“.
Мяне ў стане шоку даставілі ў лякарню. Выйшаўшы зь лякарні, я паехаў на рэабілітацыю ў Літву. Знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі мне дакладна небясьпечна.
Фізычна мне лепей, маральна — так сабе. Увесь час усплываюць нейкія флэшбэкі, працуем з псыхолягам, з псыхатэрапэўтам. Я думаў, што гэта будзе пераносіцца крыху лягчэй.
У Вільні я сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай. Яна ўбачыла мяне, ёй сказалі: „Гэта той Максім, за якога вы моцна хваляваліся“. Мы падышлі, проста абнялі адно аднаго і пачалі плакаць. Я думаю, што сёньня гэта стан кожнага беларуса. Бо мы вельмі салідарныя і адзін за аднаго перажываем той боль, які мы перанесьлі.
Мне вельмі шмат людзей напісалі, тых, якіх пабілі 9-11 жніўня. Да майго выпадку яны думалі, што больш ня пойдуць на акцыі. Бо ім фізычна балюча, маральна балюча, нехта інваліды, нехта калекі. Але пасьля майго выпадку… Мне было гэта вельмі горка чытаць, але яны напісалі: „Ты як новы віток нашых сіл, пасьля твайго выпадку мы ўсе будзем выходзіць“.
„Ноч прасядзела на плястыкавай бутэльцы з вадой“
Алена, 54 гады, пэнсіянэрка, Магілёў:
— 14 кастрычніка на Пакровы ды сьвята маці да мяне завіталі дачка з унукам і сяброўка, і мы пайшлі фатаграфавацца ў вышыванках на плошчу да гандлёвага цэнтру „Атрыюм“. Там папрасілі маладога чалавека, каб зьняў нас на тле бел-чырвона-белага сьцяга. Раптам зьявіўся „ціхар“, які пачаў здымаць нашу кампанію на відэа. Зь міліцэйскай машыны выскачылі людзі ў чорным з дручкамі ды, як мне падалося, зброяй. Іхныя твары хавалі маскі і балаклавы. Мяне, сяброўку, хлопца, які фатаграфаваў, і ягоную дзяўчыну запхнулі ў машыну. Дачку з унукам адпусьцілі.