Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Амон проста так не затрымлівае“
— Апошнія пяць гадоў я працаваў у Мін’юсьце, і адразу пасьля затрыманьня ў РУУС ногі павялі на працу. Хацеў асабіста задаць пытаньне міністру Алегу Сьліжэўскаму: „Ці магу я працаваць у вашым ведамстве пасьля таго, што перажыў за апошнія суткі?“ Алег Леанідавіч выслухаў мяне і сказаў: „Я ня веру, амон проста так не затрымлівае“. Паабяцаў паставіць прагул, хоць на той момант я адсутнічаў менш за тры гадзіны, а назаўтра звольніць паводле артыкулу.
„Інфармацыйны дэтокс“
— Ня ведаю, як мяне зьмянілі гэтыя 20 сутак, патрэбны час, каб усё ўсьвядоміць. Але калі я выйшла, расказвала, што сядзець ня страшна — страшна жыць у гэтай краіне. У турме ў цябе інфармацыйны дэтокс. І там шмат хто казаў, што сеў у дэпрэсіі, а выходзіў без. А як ты можаш быць не ў дэпрэсіі, калі кожны дзень чытаеш навіны і там сапраўднае пекла?
„Можна, я цябе сфатаграфую?“
— Нас прывезьлі ў Бараўляны. Адразу мяне аглядаў хірург, а потым яшчэ лекары. Адзін глядзіць маю сьпіну і кажа: „Ахранець“. Кажа: „Можна, я цябе сфатаграфую, таму што людзі ня вераць“. Потым мне паказаў гэтае фота, а там проста палка на палцы, і толькі пара белых трыкутнікаў, куды ня трапілі ўдары.
„Мэдычную картку канфіскаваў Сьледчы камітэт“
— Пасьля гэтых сутак ужо двойчы мне даводзілася браць бальнічны з прычыны моцных боляў у сьпіне. На наступны дзень пасьля вяртаньня траўмы зафіксавалі дактары ў паліклініцы. Я тады і падумаць ня мог, што ўсё трэба здымаць на фота і відэа. Ня мог я і дапусьціць, што мая картка будзе цікавай яшчэ для кагосьці. Аднак пазьней яе канфіскаваў Сьледчы камітэт. Мне патэлефанавалі і папрасілі прыйсьці, нібыта каб абмеркаваць тое, што там напісана. Але я не пайшоў, хоць і ведаю, што там напісаная праўда.
„Два павароты ключа“
— Якое яшчэ можа быць адчуваньне ад таго, што адбываецца? Трохі страху. У кватэры не куру, даводзіцца выходзіць. Перш, чым выйсьці кудысьці, пару разоў у „вочка“ паглядзіш. Па вуліцы ідзеш — увесь час азіраесься. Раней дзьверы замкнеш на адзін паварот ключа, цяпер на два.
„Кроў не прыбралі дагэтуль“
— Было вельмі страшна вяртацца на Акрэсьціна па рэчы. Я думаў, што цяпер зайду, а яны такія: „А, дык гэта ты, а ну хадзі сюды…“ Але падумаў, што калі тады не забілі, то цяпер ужо дакладна не заб’юць. Калі прыйшоў, убачыў тое месца, дзе я ляжаў, сваю лужыну крыві на асфальце. Хоць і прайшло тры дні пасьля таго, але яе ніхто не прыбраў дагэтуль.
„Сацыяльна небясьпечная мама“
— Сын цяпер жартуе зь мяне, кажа, што нарадзіўся ў сацыяльна небясьпечнай мамы. Я таксама сьмяюся. Часам трэба трапіць у такую сытуацыю, каб зразумець, як цябе любіць твая сям’я. А таксама адчуць радасьць ад простых рэчаў — паху кавы раніцай, сну бяз крыку турэмнікаў -- і проста радавацца магчымасьці ўбачыць неба ў вакне.
„Адчуваць сябе шчасьлівай“
— Дзень 9 жніўня стаў пераломным у маім жыцьці, і наступныя некалькі месяцаў шмат чаго далі. Я стала менш эгаістычнай, адчула сябе часткай народу, пазнаёмілася з цудоўнымі суседзямі, наладзіла стасункі з бацькамі, зразумела свае магчымасьці і сваю адказнасьць. Перажываньні, якія раней здаваліся вялікімі, цяпер сталі няважнымі. Я часта плакала, але не ад таго, што ўсё кепска, а ад таго, якімі цудоўнымі аказаліся людзі, якіх я сустракаю. І ўсё гэта дазваляе адчуваць сябе шчасьлівай.
„Міліцыя цісьне праз органы апекі“
Вольга, Магілёў:
— Прыстойныя сем’і ў нас могуць стаць „праблемнымі“, калі бацькі ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту супраць Лукашэнкі. Міліцыя цісьне на нас праз органы апекі.
У канцы мінулага тыдня я нарэшце атрымала выпіску з пратаколу паседжаньня савету прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх. Камісія сярэдняй школы №35, дзе вучыцца мая адзінаццацігадовая дачка, вырашыла, што ў майго дзіцяці ўсё добра. Але гэтага заключэньня давялося чакаць больш за месяц.
Я замужам ужо трынаццаць гадоў; у нас свая кватэра, лецішча, кожны год сям’ёй езьдзім у адпачынак на мора — па мясцовых мерках вельмі нават прыстойная сям’я. Аднак мая палітычная актыўнасьць рэзка зьмяніла стаўленьне мясцовых уладаў да нас — міліцыя пачала нас перасьледаваць.
Пры праверцы „на дабрабыт“ было зроблена шэсьць запытаў. Разьлікова-касавы цэнтар даў даведку, што запазычанасьцяў у камунальных плацяжах у нас няма; у наркалёгіі ніхто з нас на ўліку не стаіць, у міліцыю прыводаў не было і на працы ў бацькоў праблем няма.