Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Супрацоўнік, які вёз мяне з допыту дадому, казаў, што думаў, пратэстоўцы з камянямі выходзяць. Мне здалося, ён не чытае навінаў, а слухае тое, што гавораць яму на працы. Прасіў прабачэньня перада мной і пытаўся пра курсы, як можна прайсьці перападрыхтоўку…
Мы разумелі, што нам дадуць суткі. Так і здарылася. 11 студзеня судзілі майго калегу, яго арыштавалі. На наступны дзень на суд я прыйшла з рэчамі. Судзьдзя Аляксандар Рудэнка вынес рашэньне: 15 дзён арышту. Мяне адправілі ў ІЧУ на Акрэсьціна.
Мне пашанцавала: прапусьцілі з торбай, у якой былі цёплая вопратка для сябе і суседак, сродкі гігіены. У першы вечар мы гулялі ў покер — зрабілі косьці з хлеба. Я выйгравала і сказала: сёньня мой дзень. А потым успомніла, што мне прысудзілі 15 сутак…
У мяне не было ні матраца, ні падушкі, ні коўдры, але спалі па двое, таму было нармальна. Жорстка не абыходзіліся. Былі ператрусы, кідалі вопратку на падлогу, паламалі хлебныя косьці.
Маімі суседкамі па камэры былі: 66-гадовая жанчына, якая зьбіралася зьняць відэа танцавальнага флэш-мобу (сьнег з галінак не пасьпела стрэсьці і атрымала 15 сутак), чатыры дзяўчыны, якія каталіся на горцы, а па дарозе дадому вырашылі сфатаграфавацца са сьцягам (тут жа пад’ехаў бусік, іх забралі з санкамі. Далі па 15 сутак, адну судзьдзя „пашкадаваў“, даў 14, таму што ў яе цукровы дыябэт) і жанчына бяз пэўнага месца жыхарства.
14 студзеня мяне перавезьлі ў Жодзінскі ІЧУ. Я была зьдзіўленая, калі сустрэла там супрацоўнікаў, якія ў кастрычніку размаўлялі матам і пагражалі затрыманым. На гэты раз яны паводзілі сябе карэктна і нават цікавіліся ў арыштантаў, ці ёсьць у іх скаргі на здароўе і якія-небудзь пытаньні.
Было ўключана ацяпленьне. У камэры на 10 чалавек нас было восем: шэсьць жанчын, асуджаных паводле народнага артыкулу 23.34, дзьве — паводле бытавых. На працягу тыдня нас вадзілі ў душ празь дзень і на прагулкі штодня.
Сваю будучыню я бачу ў новай сфэры. Маю заяўку ўхваліў фонд BYSOL, створаны для аказаньня дапамогі і падтрымкі тым, хто пазбавіўся працы з палітычных прычынаў. Я займаюся ангельскай і зьбіраюся на курсы для распрацоўнікаў праграмнага забесьпячэньня.
Я веру ў тое, што перамены ў нашай краіне непазьбежныя.У нас моцны народ. Рэпрэсіі яшчэ больш яго аб’ядноўваюць. Людзі, якія трапляюць на суткі паводле бытавых артыкулаў і адбываюць пакараньне з „палітычнымі“, рэзка мяняюць свае погляды.
А яшчэ канваіры мне расказвалі, што шмат каго з супрацоўнікаў органаў затрымлівалі, а потым ужо ў пастарунку разьбіраліся, што гэта свае.
Цяпер такі час, калі нават дваровы кот ня можа заставацца па-за палітыкай...
Пасьля турмы
„Турма выхоўвае найлепшыя адносіны адзін да аднаго“
„Я цяпер шарахаюся ад мужчынскіх постацяў“
„Кватэра стала для мяне турмой“
„Пасьля Акрэсьціна ў мяне станоўчы тэст на COVID-19“
„Я баюся выходзіць на вуліцу адна“
„Дубінка на плячо“
— Потым надышоў момант ікс — адпускаюць. Але сказалі, што рэчы аддадуць праз два тыдні. А ў мяне там ключы ад машыны, ад кватэры, дакумэнты, карткі банкаўскія. Гэта значыць, мяне бруднага, сьмярдзючага, бяз грошай і дакумэнтаў выганяюць. Я ім кажу: „Вы разумееце, што вы мяне ў бамжа ператварылі? Мне вось адкрыта няма куды дзецца: ні ключоў, ні тэлефона, ні грошай“. У адказ — дубінка на плячо. Вось так праводзілі.
„Падвяла бровы алоўкам“
— На выхад я зьбіралася ў гуморы. Спачатку бровы падвяла алоўкам, потым шарыкавай асадкай стала праводзіць стрэлкі. Тут заходзіць супрацоўнік: „Усё, пара“. А ў мяне другая стрэлка недарысаваная. Кажу: „Пачакайце, я яшчэ не нафарбавалася!“ Гэта была субота. Я думала: так, надзяваю самыя высокія абцасы, міні-спадніцу — і на тэхна-паці. Мяне сустракаюць сябры, бацькі, мы едзем дадому. І тут яны расказваюць, што забілі Рамана Бандарэнку. Мяне гэта выбіла з каляіны, увесь настрой сышоў на нішто.
„Разьбірацца ня будуць“
— Я паспрабаваў удакладніць, дзе мае рэчы. Адказалі: „Валіце ўжо, потым забераце! Ці назад хочаце?“ Дарэчы, пазьней, як і многія, я стаяў у чарзе па паўдня, але нават з валянтэрамі не знайшоў свайго тэлефона. Напісаў заяву пра страту рэчаў, але мне прыйшоў адказ, што разьбірацца ня будуць.
„Ну што, дахадзілася?“
— Гэта адбылося ўжо каля сьцен турмы ў Жодзіне, калі нас толькі-толькі адпусьцілі. Адна дзяўчына з нашай камэры тут жа набрала маму. Яна вельмі ўсхвалявана слухала гудкі, а потым асьцярожна сказала: „Мама, гэта я, мяне выпусьцілі“. А ў адказ пачула: „Ну што, дахадзілася?“ Дзяўчынка зьмянiлася з твару i сумна адказала: „А ты, мама? Дагаласавалася?“ Не магу, гучыць у галаве ўжо каторы тыдзень: „Мама, мяне выпусьцілі“ — „Ну што, дахадзілася?“.