Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Але галоўнае, што захапіла Жывену — сцяна. Высокая, жаўтавата-белая, яна зігзагам ішла ад Чэрмнага да Мармуровага мораў, захінаючы Канстанцінопаль з сушы. Па ёй ішлі дзве гарызантальныя чырвоныя стужкі — іх спецыяльна для ўпрыгожання выклалі будаўнікі — і сцяна здавалася святочнай. Аздобленыя чырвонай цэглай былі і брамы, скрозь якія не перастаючы цягнулася туды-сюды жывая чалавечая маса. Вострыя вочы дзяўчыны разгледзелі фурманкі, коннікаў і нават асобных людзей, падобных да чорных вёрткіх мурашак.
— Наш горад пабудаваны па лепшых у свеце канонах, — з любасцю аглядаючы Канстанцінопаль, гаварыў коміт. — Імператары Зянон і Юстыніян асабліва клапаціліся аб тым. Ці ведаеш ты, напрыклад, што кожны дом павінен знаходзіцца ад другога на адлегласці дванаццаці стоп, каб не перашкаджаць іншым бачыць прыроду і мора? Асабліва мора, бо яно дабратворна ўплывае на душу чалавека. І ў планіроўцы горада павінна ўлічвацца месца для цэркваў.
Нікіфар паказаў ёй найбольш вядомыя храмы.
— Там, за старадаўнім палацам Канстанціна Багранароднага, аскіцірыі* дзевы Памакарысты і святога Іаана. А там, паміж імі, цэрквы Лаўрэнція, Феадосія і Георгія. А там, на захадзе, Перыўлепцкі Багародзічны манастыр, яго ўзводзіў севаст Раман Трэці** і даў імя, якое хутчэй падыходзіла б смяротнай жанчыне, бо слова «перыўлепт» значыць «найпрывабнейшая».
* Манастыры.
** Раман Аргір цараваў з 1028 па 1034 г.
— Мне незразумелае вось што, — павольна вымавіла Жывена, углядаючыся ў далячынь. — Вы пабудавалі столькі храмаў, каб маліцца Богу хрысціян і ягонай маці, але я бачу, як гандлююць тут, ашукваючы адзін аднаго, як многа несправядлівасці вакол, пажадлівасці і хцівасці.
— Аб чым ты гаворыш? — нахмурыўся Нікіфар.
— Аб тым, што манаства і аскеза ідуць у вас поруч з самымі нізкімі пачуццямі.
— У нас сапраўды шмат несправядлівасцяў, але гэта залежыць ад людзей, а не ад вучэння. Што ж, людзі недасканалыя, грэшныя. Але мы імкнемся зрабіць іх іншымі…
— Хто ж імкнецца? Я шмат раздумвала над вашай гісторыяй. І што ў ёй? Той, хто ўзняты на найвышэйшую прыступку жыцця і змог бы вучыць дабру і святлу, якраз і дае прыклады самай вялікай пачварнасці.
— Каго ты маеш на ўвазе?
— Ты расказваў мне пра Ўлахернскую царкву, — патлумачыла яна, убачыўшы, як азмрочыўся яго твар, бо Нікіфар яўна загневаўся. — Ваша славутая імператрыца Зоя ў гэтай царкве некалі аб'явіла сынам таго, хто пасля стаў яе ганіцелем і клятваадступнікам. Але пасля сама яна, не звяртаючы ўвагі на тое, што атруціла першага мужа і пасля цяжкай смерці другога, зноў выйшла замуж, хаця ў вас нават другі шлюб амаль немагчымы. А трэці ўвогуле забаронены. І народ ваш, богабаязны, хрысціянскі народ, славіў яе да самай смерці, хаця нават трэці муж яе, Канстанцін Манамах, не любіў гэтую жанчыну, а любіў уладу, трон!
Нікіфар стаяў моўчкі, кусаючы вусны.
Ён добра зразумеў стоены намер Жывены звярнуцца да таго, што ставіў ён у сабе вышэй за многае іншае — яго веры. Безабаронная, бяспраўная рабыня, яна хацела абудзіць у ім тое, што захіліла б яе… ад чаго? Ягонае ласкі? Ягоных дамаганняў? І гнеў ахапіў яго — вялікі гнеў на тое, што яна адважваецца супраціўляцца.
Ён глядзеў на дзяўчыну. Нахіліўшы галаву, тоненькая, як былінка, яна ўся трымцела перад ім, і ў фіялкавых вачах былі недзявочая праніклівасць і стоены боль. Ён раптам адчуў у ёй не тое, што нястрымна прыцягвала — прыгажуню-вядзьмарку, служку чужых, невядомых багоў, а спакутаваную душу, спалоханае птушаня, што адчайна абаранялася ад яго. І раптам пашкавадаваў яе — і гнеў заціх.
Загаварыў нязвыкла мякка для сябе:
— Не ўсе могуць дазволіць сабе тое, што дазваляюць богапамазаннікі. І калі ўжо ты ўспомніла пра Канстанціна Дзевятага, успомні, як любіў ён Склірэну! І няўжо каханне не можа апраўдаць чалавека перад Богам?
Жывена помніла тую гісторыю. Доўгімі пакутлівымі начамі, седзячы ля ног хворай гаспадыні, чытала яна аповеды Псела, яго развагі пра норавы манархаў. Сапраўды, дзеля дзяўчыны, празванай так па прыналежнасці да найзнатнейшага роду Скліраў, трэці муж імператрыцы Зоі страчваў разважлівасць і рабіў шмат чаго несумяшчальнага з царскім тытулам. Яго спачатку асуджалі, а потым змірыліся з ягоным вялікім каханнем. Ён на магіле дзяўчыны плакаў так, што аб тым захавалі ўспамін лісты многіх замежных паслоў, якія паўсюдна разнеслі славу аб прыгажуні Склірэне, рана звялай на самым парозе трона. Помніцца, Жывену асабліва ўразілі словы насмешлівага Псела, які аб Склірэне азваўся нязвыкла мякка: «Што ж да яе нораву і розуму, то першы мог змякчыць і камень, а другі здольны быў спасцігнуць што заўгодна; не параўнальнай ні з кім была і ейная гаворка: вытанчаная, упрыгожаная кветкамі красамоўства, рытмізаваная, як у майстроў-аратараў; меданосныя словы самі сабой струменіліся з яе вуснаў і надавалі той, што гаварыла, невыказную абаяльнасць».