Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 174
Перейти на страницу:

Чалавек уздрыгнуў, пачуўшы словы "з тваім каралём", і крануў нагой ваду. Адразу ж адсунуўся.

Кажа: "Я ня ўмею плаваць!"

"Вада неглыбокая, – запэўніў яго Дрэвабарод. – Брудная, вядома, але тое табе не пашкодзіць, спадар Зьмеяроты. Ну, пайшоў!"

I небарака пабрыў скрозь патоп. Пакуль я яго бачыў, ён паглыбіўся ажно да сківіцаў. Апошняе, што я згледзеў, – ён ухапіўся за нейкую старую бочку ці кавалак дрэва. А Дрэвабарод крочыў побач і назіраў, як у яго атрымліваецца.

"Ну, дабраўся й усярэдзіну патрапіў, – распавёў, вярнуўшыся. – Бачыў, як ён караскаўся па прыступках, бы пацук зь сьметніку. Нехта яшчэ ў вежы застаўся, бо высунулася рука й зацягнула яго ўсярэдзіну. Там ён цяпер і сядзіць. Спадзяюся, павіталі яго адпаведна. А цяпер мушу йсьці ды абмыцца ад бруду й склізі. Тут паблізу няма чыстай вады, вартай, каб энту напіцца ці абмыцца. Дык вы, хлопцы, калі ласка, патрымайце варту ля брамы, бо ж госьці будуць. Сам гаспадар Роханскай роўнядзі, не абы хто! Павітайце яго найлепшым чынам, як ведаеце. Ягоныя ваяры біліся ў вялікай бітве з оркамі й перамаглі. Мажліва, вы лепей за энтаў ведаеце словы, вартыя такога шаноўнага госьця. На маім часе шмат было гаспадароў на зялёных роўнядзях, ды я аніколі не запамінаў ані іхняй гаворкі, ані імёнаў. Яны ж захочуць людзкую ежу, а вы, мяркую, усё пра гэта ведаеце. Дык знайдзіце што прыдатнае, як вам падаецца, каб каралю падсілкавацца".

– Ну, вось тут і ўсё. Толькі хацелася б даведацца, хто ж такі гэны Зьмеяроты. Ці насамрэч ён быў каралеўскім радцам?

– Быў, – пацьвердзіў Арагорн. – А таксама быў Саруманавым выведнікам і паслугачом у Рохане. Лёс яму выпаў якраз паводле ягоных заслуг. Адзін погляд на руіны таго, што ён лічыў такім моцным і неадольным, напэўна, амаль дастатковае пакараньне для яго. Аднак, мяркую, горшае ў яго наперадзе.

– Так, не з дабрыні пусьціў яго Дрэвабарод у Ортанк, – згадзіўся Мэры. – Ён неяк змрачнавата ўзрадаваўся з той нагоды ды сьмяяўся пад нос, сыходзячы памыцца ды напіцца. А мы колькі часу змарнавалі, абшукваючы ламачча й шнарачы навокал. Знайшлі дзьве-тры непадтопленыя кладоўкі, вышэй за ўзровень вады. Але Дрэвабарод паслаў энтаў, і тыя зьнесьлі прэч большую частку ежы. Сказалі: "Нам чалавечай ежы на дваццаць пяць асобаў".

Бачыце, вас дакладна падлічылі яшчэ да таго, як вы сюды прыбылі. Відавочна, меркавалі, што вы зь вялікімі выправіцеся на перамовы. Але ж наўрад ці там смачнейшы пад'едак. Мы сабе пакінулі ня горшае за тое, што аддалі, будзьце пэўныя. Нават і лепшае, таму што пітво мы прысабечылі. Я ў энтаў пытаюся: "А піць што будуць?"

А яны кажуць: "Ёсьць ізенская вада, яна досыць добрая й для энтаў, і для людзей".

– Спадзяюся, у энтаў хапіла часу, каб вырабіць якія свае трункі з горных крыніцаў, і мы пабачым, як барада ў Гэндальфа закучаравіцца. А мы пасьля сыходу энтаў пачуліся стомленымі й галоднымі. Але ж ня скардзіліся – за нашую цяжкую працу знайшлі ўзнагароду. Якраз падчас пошукаў людзкой ежы Піпін згледзеў сапраўдны скарб сярод сьмецьця – бочачкі з таўром Рагадзьмуўцы. Піпін і кажа: "Паліць, вядома, лепей пад'еўшы". Ну, гэтак мы й прыснулі троху.

– Зараз нарэшце ўсё зразумела да дробязяў, – задаволіўся Гімлі.

– Усё, апрача аднаго, – заўважыў Арагорн. – Адкуль зёлкі з Паўднёвага падзелу ў Ізенградку? Чым болей разважаю, тым цікавейшым мне тое падаецца. Я ў Ізенградку аніколі ня быў, але ў навакольлі вандраваў шмат і добра ведаю запустэчаныя мясьціны паміж Роханам і Шырам. Ані караваны з дабром, ані нават вандроўнікі ўжо шмат гадоў туды й сюды не падарожаць – ва ўсялякім выпадку адкрыта. Мяркую, Саруман таемна наладзіў сувязь з кімсьці ў Шыры. Зьмеяротыя заводзяцца ня толькі пад дахам караля Тэядэна. Ёсьць дата на бочках?

– Так, – пацьвердзіў Піпін. – Ураджай 1417 году, леташні. Не, што я, ужо залеташні. Файны быў год.

– Ну добра, якое ліха ні ўтварылася, цяпер яно за сьпінаю. Ці, прынамсі, нам да яго пакуль не дабрацца, – склаў Арагорн. – Аднак, лічу, варта згадаць тое Гэндальфу, хоць яно й можа падацца нязначным сярод ягоных вялікіх справаў.

– Цікава, чым ён цяпер заняты? – вымавіў Мэры. – Ужо час да прыцемак. Пройдземся й мы навокал! Калі жадаеш, Швэндал, наведай зараз Ізенградак. Але ж відовішча не асабліва радаснае.

10. Голас Сарумана

Яны прайшлі праз разбураны тунэль і забраліся на кучу камянёў, пазіраючы на змрочную скалу Ортанку, на ягоныя шматлікія вокны, на пагрозу, якая сыходзіла адтуль, нягледзячы на вакольнае запустэчаньне. Вада амаль уся сьцякла. Там і тут яшчэ заставаліся брудныя азярцы, у якіх пазьбіралася склізь ды сьмецьце. Але большая частка шырокага кола ўнутры муроў агалілася – прастора раскурочаных камянёў і бруду зьзяла чорнымі дзіркамі, яе слупы й калёны тырчэлі крыва й коса, нібыта п'яныя. Ля краю кола грувасьціліся вялізныя кучы й суцэльныя пагоркі зямлі й каменьня, быццам магутная навальніца сабрала ў кучы жвір на беразе. А за імі доўгая зялёная даліна, зарослая й перакрэсьленая схіламі, вілася вузкаю вышчарбінаю паміж цёмнымі адгор'ямі.

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)