НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У другой палове васьмідзесятых гадоў дэманстраванне апазіцыйнасці ў адносінах да рэжыму стала моднай формай паводзін у інтэлігенцкіх асяроддзях. Аднак справядлівасці шукалі яны ў Маскве. Нават скаргі на русіфікатарскую палітыку мясцовых камуністычных правадыроў накіроўваліся І сакратару Цэнтральнага Камітэта КПСС. «Пісьмо 28-мі» ад снежня 1986 г., адрасаванае Міхаілу Гарбачову, падпісанае мастакамі, акцёрамі і вучонымі было ў прынцпе просьбай спыніць хрушчоўскую нацыянальную палітыку ў Беларусі. Са зместу пісьма вынікае, што ягоныя аўтары чакалі ад Крамля загаду савецкай адміністрацыі і партапарату адмяніць сваё стаўленне да беларускай мовы і культуры. Патрабавалі яны ад Гарбачова прысвоіць беларускай мове статус асноўнай у рабоце партыйнай і дзяржаўнай адміністрацыі, беларусізаваць школьніцтва, кінематаграфію і сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі. Да «Пісьма» на сямі старонках аўтарамі прыкладзены быў рапарт аб стане беларускай асветы і культуры.
Зварот беларускіх інтэлектуалаў, на здзіў саміх зацікаўленых, сустрэўся са станоўчым водгукам ЦК КПСС. У Мінск падалася адмысловая камісія для вывучэння справы. Аднак вынікі яе працы, прадстаўленыя пазней І сакратаром ЦК КПБ Яфрэмам Сакаловым, сведчылі аб адваротным — у БССР панавала поўная свабода развіцця беларускай мовы і культуры. У якасці прыкладу Сакалоў прывёў выданне 35-томнай «Энцыклапедыі народнай творчасці» і 10 тамоў твораў Леніна на беларускай мове.
«Пісьмо 28-мі» было аднак істотным крокам, які адкрыў магчымасць дыскусіі аб становішчы беларускай культуры і мовы ў БССР. І хаця з партыйных трыбун аўтары «Пісьма» падвяргаліся розным абвінавачанням, якія пасля распаўсюджваліся сродкамі масавай інфармацыі, аднак ужо справу нельга было вырашыць на ўзроўні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Аўтары «Пісьма» не мусілі ўжо баяцца ні грамадскага, ні сяброўскага астракізму.
4 чэрвеня 1987 г. з Беларусі было выслана чарговае «Пісьмо» Гарбачову, пад якім падпісаліся 134 грамадзяніны рэспублікі — прадстаўнікі розных грамадскіх і прафесійных асяроддзяў. Хаця копіі гэтага «Пісьма» былі разасланы ўладам і партыйным газетам у Беларусі, не выклікала яно ніякай рэакцыі з боку адрасатаў.
Некалькі месяцаў пазней у цэнтры Мінска прайшла першая дэманстрацыя пад лозунгам асуджэння віноўнікаў сталінскага генацыду і спынення русіфікацыі рэспублікі. Нагодай для выступленняў стала святкаванне Дзядоў. Дэманстрацыя ад 30 кастрычніка, у якой удзельнічала некалькі соцень студэнцкай моладзі і падчас якой злачынствы Сталіна ўпершыню былі параўнаны з генацыдам Гітлера, пераламала нейкі псіхалагічны бар’ер, што стрымліваў людзей ад шчырых выказванняў на тэму цёмных бакоў эпохі камунізму.
У другой палове 1987 г. у Беларусі паўстала некалькі соцень нефармальных маладзёжных суполак. Хаця большая частка іх не мела палітычнага характару, аднак у нейкай ступені змяншалі яны манаполію патрыі на арганізаванне грамадскага жыцця. Больш 60 % студэнтаў мінскіх вышэйшых навучальных устаноў было чальцамі нефармальных суполак, якія дзейнічалі ў сталіцы Беларусі. Таксама дынамічна актывізаваліся інтэлігенцкія асяроддзі ў іншых абласных гарадах. Неўзабаве малалікія групы пачалі аб’ядноўвацца ў большыя арганізацыі, якія ў 1988 г. налічвалі па некалькі соцень чальцоў. Былі гэта перш за ўсё інтэлігенцкія дыскусійныя згуртаванні. Падчас арганізацыйных сустрэч панавала сапраўдная эйфарыя з прычыны раптоўна атрыманай свабоды слова. Тысячы чалавек хацелі папраўляць камуністычны свет, не аспрэчваючы, аднак, яго фундаментальныя асновы. Толькі некаторыя маладзёжныя суполкі — мінская «Талака», гродзенская «Паходня» — выступалі за вяртанне беларускай нацыянальнай сімволікі, стварэнне беларускай нацыянальнай арміі і ўвядзенне беларускага грамадзянства. Паколькі гэтыя пастулаты заклікалі ігнараваць канстытуцыю СССР, не атрымалі яны, аднак, шырэйшай грамадскай падтрымкі.
Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі наладзілі шэраг кантактаў з асяроддзямі Вільні, Львова, Масквы, Кіева, Пецярбурга, якія аспрэчвалі савецкі лад. Быў гэта нізавы рух, які імкнуўся рэфармаваць савецкую рэчаіснасць. Меў ён выключна элітны характар і таму па-за яго ўздзеяннем апынулася большасць жыхароў рэспублікі.
Несумненна пачаткам палітычнага пералому ў Беларусі было апублікаванне ў чэрвені 1988 г. рэдакцыяй элітнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» артукула археолага Зянона Пазьняка і інжынера Яўгена Шмыгалёва «Курапаты. Дарога смерці». Рэдакцыйны калектыў рашыўся, насуперак пазіцыі ЦК КПБ, надрукаваць матэрыял аб злачынствах НКУС у Беларусі ў канцы трыццатых гадоў. Змест артыкула ў штотыднёвіку, які выйшаў 8-тысячным тыражом, на працягу некалькіх дзён стаў у Беларусі агульнавядомым. З’явіліся перадрукі ў замежных перыядычных выданнях. Беларускія ўлады былі вымушаны стварыць спецыяльную камісію для праверкі сапраўднасці фактаў прыведзеных Пазьняком і Шмыгалёвым. У камісію ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, пракуратуры, Акадэміі навук, і грамадскіх арганізацый. Больш года спатрэбілася камісіі для сцвярджэння, што дзесяткі тысяч шкілетаў зарытых у лесе каля Курапатаў — гэта астанкі ахвяр НКУС і што з курапацкіх магіл пасля вайны неакрэсленая іх колькасць была вывезена ў невядомым напрамку. На думку Пазьняка, у 1937–1940 гадах у Курапатах загінула амаль чвэрць мільёна жыхароў Беларусі.