Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 150
Перейти на страницу:

На момант орк скурчыўся, а тады з найвусьцішнейшым енкам страху павярнуўся ды кінуўся прэчкі – туды, адкуль зьявіўся. Аніколі аніякі сабака так не ўзбадзёрваўся, бачачы суперніка, што ўцякае, падціснуўшы хвост, як Сэм з тых нечаканых варожых уцёкаў. З кугіканьнем кінуўся наўздагон.

– Гэй! Тут эльф-ваяр прыйшоў! Ужо йду да вас! А ну-тка, пакажы мне шлях наверх – альбо скуру злуплю!

Але ж орк знаходзіўся ў сваёй крэпасьці, спрытны й добра наеты. Сэм жа быў чужынец, галодны й натомлены. А лесьвіца ўздымалася высока й строма й вілася. Сэм пачаў задыхацца. Орк хутка зьнік з вачэй, а неўзабаве й тупат ягоных ног ужо ледзь чуўся далёка наверсе. Паціху ўсе водгукі зьніклі.

А Сэм усё кульгаў і кульгаў угору. Адчуваў – шлях слушны, і настрой выразна прыўзьняўся. Сунуў пярсьцёнак за паху, падцягнуў пас.

– Ну, ну, – сказаў сабе, – калі ім гэтак недаспадобы я ды маё Джала, дык усё можа павярнуцца лепей за мае чаканьні. У любым выпадку выглядае так, што Шаграт, Гарбаг і кампанія амаль усю працу за мяне ўжо адрабілі. За выключэньнем таго пераляканага пацучаняткі пэўне ж анікога жывога ва ўсёй крэпасьці не засталося!

I спыніўся, нібыта бразнуўся галавою аб каменную сьцяну, бо дайшло, што сказаў. Анікога жывога не засталося?! Дык жа быў той жудасны перадсьмяротны енк?

– Фрода, Фрода, пане мой! – выгукнуў, амаль плачучы. – Калі яны забілі вас, што мне рабіць? Ну, я іду, іду нарэшце на самы верх і ўбачу ўжо, што мушу ўбачыць.

Падымаўся вышэй і вышэй. Было цёмна, зрэдчас ля павароту ці калідору, што выводзіў на верхнія ярусы вежы, тырчэлі паходні. Сэм напачатку лічыў прыступкі, але пасьля дзьвюх сотняў зьбіўся. Зараз рушыў ціха, бо, падавалася, чуў, як наверсе нехта размаўляе. Напэўна, акрамя аднаго пацука, засталіся тут іншыя.

I якраз калі адчуў, што дыханьня ну зусім бракуе й калені болей не сагнуцца ні разу, лесьвіца скончылася. Хобіт спыніўся, прыслухаўся. Галасы чуліся блізка й гучна. Асьцярожна вызірнуў: выбраўся проста на пляскаты дах трэцяга й найвышэйшага ярусу крэпасьці, на роўную адкрытую пляцоўку сажняў зь дзясятак ад кута да кута, абгароджаную нізкімі парэнчамі. Лесьвіца выводзіла ў цэнтр даху, і адтуліну-выхад прыкрывала маленькая каморка з купалам-стольлю й нізкімі дзьвярыма на ўсход і захад. На ўсходзе Сэм пабачыў унізе неабсяжную цьмяную роўнядзь Мордару й Вогненную гару ўдалечыні. Зноўку забурлілі яе падземныя вытокі й рэкі полымя зазіхацелі так зырка, што нават за мноства вёрстаў іхняе зьзяньне залівала верх вежы барвовай полыньню. А на захадзе далягляд закрывала вялікая вежа, што падымалася ад вугла даху й узносіла свой рог высока над навакольнымі гарамі. Сьвятло блішчэла ў шчыліне яе вакна. За адчыненымі дзьвярыма, што былі ўсяго за дзесяць крокаў ад Сэма, зеўрала цямрэча, галасы ж даносіліся зь ценю побач.

Напачатку Сэм ня слухаў, бо на крок высунуўся за ўсходнія дзьверы й азіраўся наўкол. Адразу пабачыў: тут адбылася найбольш жорсткая бойка. Усю прастору засыпалі мёртвыя оркі, іхнія адсечаныя галовы, ногі й рукі. Месца смуродзіла сьмерцю. Рык, а тады гук аплявухі й енк прымусілі хобіта зноў кінуцца да сховішча. Злосна ўзвыў оркаў голас, і Сэм адразу пазнаў яго, грубы, жорсткі, кплівы. Тое быў голас Шаграта, кашталяна крэпасьці.

– Што, ты ня пойдзеш? А каб табе, Снага, сьлімак недамерны! Калі думаеш, што я надта скалечаны, каб дазволіць сябе так зьневажаць, дык памыляесься. Падыдзі толькі, я выцісну табе вочы, як Радбугу толькі што. А калі яшчэ хлапцы прыбягуць, дык я тады з табою разьлічуся – і выпраўлю да Шэлаб.

– Ды ня прыйдуць яны. Ва ўсялякім разе, пакуль ты жывы, – прамармытаў Снага. – Я табе двойчы казаў, што Гарбагавы сьвіньні першымі дабраліся да брамы, і аніхто з нашых ня выбраўся. Лагдуф з Музгашам выбеглі вонкі, ды іх падстрэлілі. Я бачыў з вакна, кажу табе. А яны ж былі апошнія.

– Тады пойдзеш ты. Бо я мушу заставацца тут. Га, каб я толькі быў цэлы! У Чорныя ямы гэтага бунтаўніка Гарбага! – Тут Шаграт доўга брудна вылаяўся. – Ну, ён атрымаў ад мяне болей, чым я ад яго, але ж управіўся, лайно, пырнуць мяне, калі я яго дадушваў. Ідзі, а тое я цябе жыўцом зжару. Трэ даставіць зьвесткі ў Лугбург, а інакш мы абодва патрапім у Чорныя ямы. I ты таксама. Ня выратуесься, бадзяючыся тут.

– Не пайду я на гэтыя лесьвіцы, кашталян ты ці не, – прабурчэў Снага. – Няма чаго, га! I трымай лапы падалей ад нажа, а тое ўганю стралу ў чэрава. Нядоўга ты застанесься кашталянам, калі яны вызнаюць пра тутэйшыя справы. Вядома, я ж змагаўся за нас супраць гэтых паскудных моргульскіх пацукоў, але ж вы, два ачольцы, добрую тут халеру ўчынілі, з-за сьмецьця пасварыўшыся.

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)