Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Ты памыляешся… Ты быў пракляццем усяго майго жыцця. Ты яго зламаў… Ты быў аўтарам не толькі маёй трагедыі… О, ты ўчыніў мне страшную, страшную крыўду… Ты не ўяўляеш, наколькі вялікую крыўду…
Друцкі прыкусіў вусны і ўстаў:
— Я магу заплаціць табе за гэта толькі мізэрную цану. Забі мяне.
Ён выняў з кішэні рэвальвер і выцягнуў руку.
Аліцыя ўзяла зброю і ўзважыла яе ў руцэ.
— Я заб’ю цябе, — сказала яна сур’ёзна, — заб’ю, калі… ты перастанеш быць… маім…
— Дык… ты сапраўды мяне кахаеш?.. Сапраўды, нягледзячы на тое?
Ён прытуліў яе да сябе.
Аліцыя прыхінулася галавой да грудзей Друцкага. Абое яны ў гэтых абдымках шукалі абароны ад страху, які затрымцеў у іх, калі яны ўбачылі таямнічую маску лёсу. Абое, спаткаўшыся на незразумелым зігзагу паўторнага скрыжавання дарог свайго жыцця, адчулі вакол прорву, галавакружную прорву неспасцігальнага, перад якім адзінай апорай і адзінай надзеяй на выратаванне для кожнага з іх дваіх быў гэты другі. А яны ж ведалі, што яны пагроза адно для аднаго і memento[24] пра няшчасце, што не дае вырваць сябе з грудзей, ведалі, што звязала іх пятля трагічнай фантазіі лёсу, як двух смяротных ворагаў, скаваных ланцугом на злавеснай пустцы вялікіх вод, двух выжыўшых на рэштках разбітай лодкі. Хто ж з іх звар’яцее і штурхне таварыша ў бездань, ведаючы, што непазбежна пойдзе за ім?..
За вокнамі гусцеў змрок. Цяжкія пухлыя хмары зацягнулі неба.
Праз адчыненае акно ўляцеў парыў ветру, па жалезных падаконніках забарабанілі першыя буйныя кроплі. Яны ўдаралі ўсё часцей, усё нецярплівей, усё хутчэй… лівень.
Аліцыя гаварыла.
Друцкі не разумеў яе слоў. Ён адчуваў на шчацэ яе цёплае дыханне і дотык вуснаў. І ведаў. Ведаў, што гэтыя словы звязваюцца ў стужку балючых прызнанняў, што аплятаюць яго, як яе рукі, дрыжачыя рукі пакрыўджанай дзяўчынкі, поўныя нераздадзенай пяшчоты, рукі жаночыя, хцівыя рукі чалавека, якія адчайным намаганнем здабылі сваё дзікае, неспадзяванае, вымучанае шчасце і не аддадуць яго, хіба толькі разам з уласным жыццём.
Аліцыя гаварыла:
— …кожнай думкай, кожным нервам, кожнай кропляй крыві… Колькі ж ганьбы, колькі прыніжэння, колькі нянавісці раз’ядала маё жыццё…
За вокнамі шумеў лівень.
— …і кахаю цябе, і вар’яцею ад думкі, што ты мяне не кахаеш…
Друцкі прытуліў яе да грудзей мацней.
— Скажы… — шаптала яна, — скажы…
— Кахаю, як бы я мог не кахаць, — сказаў ён сур’ёзна.
Аліцыя маўчала, услухоўваючыся ў рэха яго голасу, і спыталася з трывогай, якая сціскала яе гартань:
— Колькім жанчынам… ты гэта паўтараў?..
Друцкі адсунуў яе твар ад свайго:
— Паглядзі мне ў вочы — і ты даведаешся, што я не хлушу: ніводнай, разумееш, ніводнай я не казаў гэтага ніколі.
— Чаму?
— Таму што ніводнай не кахаў… Канечне, іх было шмат. Некаторых я вельмі любіў… Не кахаў жа ніводнай.
Друцкі гаварыў праўду. Ён лічыў агідным такога роду падман. Ён не аналізаваў прычын гэтай агіды, але задавольваўся тым, што ведаў: хлусіць яму не патрэбна. Аднак раптам яго сталі непакоіць уласныя запэўніванні: ці па-сапраўднаму ён кахае Аліцыю? Ці каханне гэта?
Дзеля супакаення самога сябе ён пачаў гаварыць:
— Ведаеш, я ніколі яшчэ не сустракаў такой жанчыны, як ты… Ужо тады… шмат гадоў таму… Уяві, у той момант я не задумваўся, што ламаю сабе жыццё, ды і свядомасць мяне не стрымала, не падказала, што я ўчыняю подласць, што і табе, якраз табе, сам вобраз якой агортваў мяне полымем, прыношу страшную крыўду… Я тады быў, як п’яны, але нават… Праўда, я шмат меў у жыцці страсцей… але ніводная не авалодала мной так моцна… А цяпер, калі я цябе ўбачыў у кавярні, я, шчыра кажучы, цябе не пазнаў, столькі гадоў прайшло, аднак мяне адразу агарнула гэта дзіўнае пачуцце… і пазней… Як жа я чакаў кожны твой візіт… Якое шаленства завалодвала мной, калі ты не прыходзіла… Мне здавалася, што і ты не можаш застацца абыякавай…
Друцкі змоўк на хвіліну.
— Гавары, гавары, — тулілася да яго Аліцыя.
— А калі ты мяне адштурхнула… я не разумеў, у чым справа… Я сабе гэта тлумачыў як жаданне пажартаваць з мяне… І… гэта вельмі мяне абражала… Толькі сёння… я даведаўся, што ты мяне кахаеш, што мяне кахае найпрыгажэйшая, найцудоўнейшая жанчына, якая калі-небудзь жыла на свеце… І як жа я мог бы не кахаць цябе?
— Я веру табе, толькі баюся, што ты памыляешся…
— Калі я памыляюся, якое ж тады каханне? Як жа яно праяўляецца? Калі я памыляюся, то кахання ўвогуле няма… Значыць, і ты мяне не кахаеш, хоць не стала сёння вагацца і ўчыніла злачынства дзеля выратавання злачынца…
24
Memento (лац.) — згадка, папярэджанне.