Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Дык ты ж не быў вінаваты, — усміхнулася яна, і ён хутчэй адчуў яе ўсмешку, чым мог яе разгледзець у цемры.
— Гэта праўда, я невінаваты. Аднак ты пра гэта не ведала.
— Ведала.
— Адкуль? — здзівіўся Друцкі.
— Калі б ты сапраўды быў вінаваты, ты б ведаў, што ў цябе ў стале гэты пакет з морфіем. А ты атрымаў ліст, які засцерагаў цябе ад рэвізіі?
— Ах… — стукнуў ён сябе ў лоб, — дык гэта ты?..
— Я, — кіўнула галавой Аліцыя.
Друцкі задумаўся і праз хвіліну загаварыў…
— Аднак, такім чынам… аднак ты мяне папярэдзіла. Значыць, ты верыла абвінавачванню, была пераканана, што ў мяне ёсць гэты морфій. Аднак…
— Ты памыляешся. Я была ўпэўнена, што ты ў пастцы, што… ты б не зрабіў гэтага.
— Можа, ты мяне надта высока ацэньваеш, — рассмяяўся ён ціха.
— Што ж ты хочаш, інтуіцыя… Інтуіцыя…
Яны зліліся ў доўгім пацалунку.
— Я, відаць, страшна выглядаю, — апамяталася Аліцыя. — Колькі часу?
Друцкі дастаў гадзіннік, нафасфарызаваныя стрэлкі набліжаліся да дзясятай.
— Я павінна прывесці сябе ў парадак, — устала Аліцыя, зараз могуць вярнуцца…
— Хто? — спытаўся Друцкі.
— Прыслуга і мая выхаванка. Толькі дзякуючы ліўню мы засталіся адны, — няшчыра засмяялася яна.
Абое адчувалі сябе няёмка. Аліцыя выняла з шафы сукенку і пайшла ў суседні пакой пераапрануцца.
Друцкі ў гэты час апусціў ралеты, адшукаў выключальнік, запаліў святло і актыўна ўзяўся расстаўляць перавернутую мэблю. Праходзячы каля люстэрка, ён паправіў гальштук і прыгладзіў валасы.
Толькі цяпер ён заўважыў, што ў яго акрываўленая рука. Ён выцер засохлую кроў хусцінкай, змочанай у туалетнай вадзе, і, да свайго задавальнення, канстатаваў, што дождж не перастае.
Увайшла Аліцыя. У чорнай шаўковай сукенцы яна здавалася яшчэ прыгажэйшай, яшчэ больш гнуткай і такой цудоўна жаноцкай. Хоць зараз яна выглядала ледзь не малалетняй, у ёй не было нічога ад дзяўчынкі, а ўсё ад жанчыны, ад яе проста струменіла жаноцкасць, свядомая, сталая, што прываблівала сілай праяўлення, закончанасцю ліній.
У вачах яе Друцкі заўважыў той самы, так добра яму вядомы бляск, які незлічоную колькасць разоў выклікаў на яго вуснах бесклапотныя пераможныя словы «мая малышка!»
Цяпер, аднак, відавочнай стала абсурднасць ужывання гэтых слоў. А іншых ён не ведаў.
Відаць, і яна не магла знайсці патрэбных, бо няўпэўнена агледзела пакой і спыталася:
— Напрацаваліся?..
— Так, здаецца, усё ў парадку…
Паміж імі завісла нейкая збянтэжанасць, нейкая ўзаемная скаванасць, невыносная для абаіх, амаль саромная.
Друцкі ўзбунтаваўся супраць гэтага небывалага гвалту і першы рассмяяўся:
— Мы сябе адчуваем, як дарослыя, — сказаў ён, — якіх заспелі за дзіцячай гульнёй.
Канстатацыя дрэннага настрою заўсёды раўназначная яго ліквідацыі. Ён аказаўся нібыта выкрыты, і яму нічога не застаецца, як знікнуць. Пасля апошняй фразы Друцкага абое адчулі сябе свабадней. Аліцыя наблізілася да яго і пацалавала ў вусны.
Друцкі абняў яе, у абдымках падняў, прытрымаў левай рукой, правую падсунуў пад яе калені — і вось трымаў яе на руках.
Калі ён гаварыў, іх вусны амаль судакраналіся:
— Ведаеш, калі я цябе так трымаю, то адчуваю надта вялікае багацце, якое маю ў руках… І мне здаецца, што калі я цябе выпушчу, то страчу нешта неверагодна каштоўнае, нешта, чаго я прагнуў усё жыццё…
Яе рукі абхапілі яго шыю, вусны зліліся з вуснамі. Гарачая хваля праплыла па яго хрыбце, сківіцы сутаргава сціскаліся.
Аліцыя адарвалася ад яго вуснаў:
— Скажы, скажы, ты мяне кахаеш?..
— Кахаю, кахаю да шаленства, — захрыпела ў яго лёгкіх.
Аліцыя апамяталася.
— Не, не, позна ўжо…
— Найдаражэйшая, адзіная…
Ён зноў быў напаўпрытомны і нёс яе на канапу.
— Зараз прыйдуць!.. — абаранялася яна.
— Не прыйдуць, не, дождж ідзе…
У гэты момант пачуўся скрыгат адчыненых уваходных дзвярэй. Аліцыя вырвалася з абдымкаў Друцкага.
— Халера! — пстрыкнуў ён пальцамі і ўпаў на крэсла.
Аліцыя ўвайшла ў вітальню:
— Гэта Юзэфова?
— Так, пані. Лье як з вядра. Я не магла выйсці з касцёла.
— Вы прамоклі?
— Да ніткі, пані. А паненка вярнулася?
— Якраз не. Вазьміце, Юзэфова, парасон, сядзьце ў таксі і прывязіце паненку. Зараз я дам вам грошы.
Друцкі пачуў, як адкрывалі сумачку, звон манет, цяжкія ўздыхі Юзэфовай і зноў скрыгат дзвярэй.
Аліцыя вярнулася да яго і стала на парозе.
— Пайшла? — шэптам спытаўся Друцкі.
— Так, — засмяялася Аліцыя, — але не болей як праз дзесяць хвілін яна вернецца. Таксі стаяць тут перад домам, а мая Юлька ў сяброўкі, якая блізка жыве.