НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
З 1960 г. большасць культурных устаноў Беларусі стала пераходзіць на рускую мову. У 1960 г. толькі 26,5 % найменняў кніг надрукаваных было на беларускай мове, а дзесяць гадоў пазней — 12,3 %. Змест літаратуры на беларускай мове знеахвочваў чытачоў карыстацца кніжкамі на роднай мове. Моладзь з творчасцю класікаў беларускай літаратуры знаёмілася на аснове рускамоўных перакладаў.
Згодна рашэнню ЦК КПБ ад красавіка 1959 г. «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР» беларуская мова стала прадметам, якога выкладанне залежала ад волі вучняў і іх бацькоў. Выкладанне беларускай мовы ў гарадскіх школах у прынцыпе спынілася ўжо ў шасцідзесятых гадах. Навучанне на беларускай мове вялося пераважна ў вясковых і маламестачковых школах. У 1985 г. на беларускай мове працавала толькі 23 % сярэдніх школ у рэспубліцы. Аднак вясковай моладзі, якая паступала на вучобу або працу ў гарады, веданне рускай мовы станавілася неабходнасцю.
Выхаваўчая сістэма, літаратура, тэлебачанне, радыёвяшчанне, савецкая кінематаграфія вучылі думаць агульнасавецкімі катэгорыямі. У свядомасці большай часткі насельніцтва Беларусь захоўвала ранг адміністрацыйнай адзінкі Савецкага Саюза, геаграфічнай краіны. Не спадарожнічалі гэтаму ніякія каштоўнасці, ствараючыя культурную, гістарычную і этнічную супольнасць. Спроба пабудаваць у Беларусі савецкі народ завяршылася немалым поспехам. Перашкодай у поўнай удачы гэтага эксперыменту стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая падарвала давер да савецкай улады. У 1988 г. археолаг Зянон Пазьняк выявіў праўду аб Курапатах. Магілы пад Мінскам, месца пакутнай смерці соцень тысяч людзей, адкрылі не толькі жудасныя злачынствы сталінскага рэжыму, але таксама двудушнасць і хлуслівасць савецкай прапагандысцкай сістэмы. Ва ўмовах гарбачоўскай перабудовы і свабоды слова таксама і ў Беларусі ўзніклі структуры апазіцыйных рухаў. Разам з дэмакратызацыяй публічнага жыцця з’явіўся пастулат адраджэння беларускіх нацыянальных каштоўнасцей.
РАЗДЗЕЛ 9
СУВЕРЭННАЯ БЕЛАРУСЬ
Дэмакратычная апазіцыя і нацыянальнае адраджэнне
Вялікае хваляванне сярод беларускай інтэлектуальнай эліты выклікала «Пісьмо рускаму другу», напісанае ў 1976 годзе ананімным аўтарам і перадаваемае з рук у рукі ў шматтысячных копіях. У той час партыйная адміністрацыя ажыццяўляла хрушчоўскі тэзіс: чым хутчэй перастанем размаўляць па-беларуску, тым хутчэй пабудуем камунізм, распаўсюджваючы адначасна лозунг аб раўнапраўнасці беларускай і рускай моў. Ананімны аўтар прадставіў тады катастрафічны стан беларускай культуры і школьніцтва, якія служылі дэнацыяналізацыі беларусаў і параўнаў гэтае становішча да роўнасці шанцаў Чырвонай Шапачкі і Шэрага Ваўка.
Адліга ў СССР, якая пачалася з прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова, найхутчэй паўплывала на змены ў Прыбалтыцы і самой Расіі. У Беларусі партыйны і адміністрацыйны апарат з вялікай рашучасцю абараняў ідэалы камуністычнай дзяржавы. Дадатковай псіхалагічнай перашкодай, якая замінала правядзенню палітычных змен у Беларусі, была глыбокая русіфікацыя беларускіх партыйных і інтэлектуальных элітаў. Рэформы па ўзору тых, якія адбываліся ў прыбалтыйскіх рэспубліках, патрабавалі прынамсі ўвядзення беларускай мовы і культуры ў публічны ўжытак. Лозунгі аб беларусізацыі, якія нясмела выносіліся ў палове васьмідзесятых гадоў нешматлікімі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, работнікамі партыйнага апарату ўспрымаліся як абвінавачанні ў здрадніцтве. Тое, што яны, як функцыянеры савецкай дзяржавы, учынілі ў галіне русіфікацыі асветы, культуры і публічнага жыцця было жахлівым сведчаннем іх адносін да беларускага нацыянальнага пытання. Беларусь стала адной з нешматлікіх савецкіх рэспублік, да якой ідэі гарбачоўскай перабудовы даходзілі з вялікім спазненнем.
Першым прадвесцем таго, што грамадства ўсумнілася ў савецкім ладзе, было наладжанне ў красавіку 1986 г. у старажытным квартале Мінска абраду гукання вясны. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства былі выкладчыкі Мінскага мастацкага вучылішча Аляксей Марачкін і Мікола Купава разам са студэнтамі. Абрад адклікаўся да старадаўніх буларускіх традыцый, аднак насычаны быў сучасным кантэкстам і шматлікімі палітычнымі намёкамі. У ходзе інсцэнізацыі студэнты і гледачы былі разагнаны ветэранамі афганскай вайны і баявымі дружынамі камсамольцаў.