Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Наш самалёт з Рыму Масква не прыняла з прычыны надвор’я, давялося вяртацца ў Кіеў. Адтуль ехалі цягніком. Была глыбокая ноч, рэстаран не працаваў, дык мы пабудзілі буфетчыцу, набралі ў яе шампанскага. I пачалі піць. У Рыме тым не надта захапляліся — бракавала ліраў, а тут размахнуліся. Барыс Сучкоў, падпіўшы, распавядаў, як колісь арганізоўваў выдавецтва «Иностранная литература», як было з матзабесьпячэньнем, і ён зьвяртаўся да ўсіх — ад Малянкова да Калініна. Але ніхто ня мог ці не хацеў выдаць яму два аўтамабілі, усё цягнулі, спасылаліся на ваенныя абставіны. Тады хтось параіў рэдактару зьвярнуцца да Берыі. Сучкоў сьпярша не хацеў, баяўся, а як наважыўся, Берыя адразу сказаў: «Будуць табе машыны!». Праз тыдзень звоніць: «Сучкоў, пачаму не забіраеш пяць „студэбэкераў“, чакаюць на грузавой станцыі». Той выпадак паказаў Сучкову, хто гаспадар у краіне. Праўда, яшчэ праз колькі гадоў той жа гаспадар адправіў рэдактара на мардоўскі лесапавал, адкуль яго вызваліў XX зьезд партыі. А ў суседнім купэ таксама падпіты Аляксей Суркоў скупа паведаміў, як ён у Брусэлі хацеў скончыць самагубствам — гэткія абавязкі навешалі на яго ў Маскве, за невыкананьне якіх пагражала Лубянка.
Як пасьля выявілася, праблемы ў А. Суркова ўзьніклі ў Нідэрландах пасьля гісторыі з Пастэрнакам. Суркова абвінавацілі ў фальсіфікацыі і паклёпе на нобэлеўскага ляўрэата, і савецкае кіраўніцтва ініцыявала судовы працэс, каб яго апраўдаць. Але, здаецца, марна.
I я думаў: бедныя, няшчасныя расейскія пісьменьнікі! I гэта — эліта! Нядзіва што, можа, самы элітны зь іх АТК адразу заваліўся спаць на ніжняй паліцы. Каб нічога ня чуць. Кажуць, так заўсёды рабілі ў паездках разумныя савецкія людзі. Той, хто добра выпіў, заўсёды меў апраўданьне.
Паездка пісьменьніка за мяжу на той час была амаль сэнсацыяй. Па вяртаньні ў мяне бралі інтэрв’ю, я выступаў з аповедамі ў рэдакцыі, пісаў пра тое ў «ЛіМе».
Зь Менску прыйшла прапанова стварыць балет паводле «Альпійскай балады», але я, навучаны вопытам кіно, адмовіўся. Я не хацеў празьмернай папулярнасьці, ужо адчуў, як да таго адносяцца мае менскія калегі-пісьменьнікі. Лепш сядзець ціха і ня надта высоўвацца.
51. Гатэль «Советская»
Увосень пазванілі з «Нового мира» — трэба прыехаць рыхтаваць да друку «Мёртвым не баліць». Хутка сабраўся, паехаў, адшукаў рэдакцыю ў Малым Путнікаўскім завулку — вузкі калідорчык, цесныя пакойчыкі, дужа пахне камунальнай кухняй (на трэцім паверсе быў рэдакцыйны буфэт). Маім рэдактарам аказалася немаладая прыветлівая дама з блізарукім позіркам — Анна Самойлаўна Берзер, якая адразу сказала, што пераклад кепскі, трэба шмат працаваць. Тое ж сказаў і загадчык аддзелу прозы Iгар Вінаградаў і дадаў: «Гэты раз надрукуем. Але ў наступны каб гэтага вашага перакладчыка тут і нагі не было». Тое мяне нямала зьдзівіла, і толькі пасьля я дазнаўся, што Міхась Гарбачоў на пасадзе сакратара партбюро СП СССР нажыў у Маскве нямала ворагаў. Вядома, «Новый мир» у гэтым сэнсе ня быў выключэньнем.
Пару тыдняў сядзеў у шыкоўным, але сьцюдзёным нумары гатэлю «Савецкая» і правіў, правіў адпаведна адзнакам Анны Самойлаўны. Пад вечар адносіў у рэдакцыю і назаўтра зноў правіў. Спатрэбілася таксама перастаўляць некаторыя часткі, асабліва сучасныя пляны. Некаторыя сцэны ўзбуйняць, іншыя, наадварот, — здрабняць. Часам аж кружылася галава ад той працы. Аднойчы ў дзьверы пастукала незнаёмая жанчына, аказалася, што гэта менская лібрэтыстка Чарахоўская, яна гатовая ўпасьці мне ў ногі, абы я дазволіў ёй напісаць лібрэта балету «Альпійскай балады». Ды яна яго ўжо і напісала — во, пачытайце. Ёсьць усе падставы, што атрымаецца выдатны балет, тым болей, што музыку піша малады кампазытар Яўген Глебаў, які дужа любіць усю творчасьць Васіля Быкава. Сэрца, як кажуць, — ня камень, насуперак пачуцьцю я пагадзіўся. Той факт запачаткаваў маё доўгагадовае сяброўства з таленавітым кампазытарам і грунтоўным чалавекам Яўгенам Аляксандравічам Глебавым. Балет ён стварыў выдатны. Я глядзеў яго аднойчы зь Ірынай Міхайлаўнай (якая пад той час стала маёй жонкай), у якой тады цяклі сьлёзы. Да таго спэктаклю яна была катэгарычна супраць, як ёй здавалася, апашленьня высокай тэмы.