Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 229
Перейти на страницу:

Міхась Гарбачоў тым часам скончыў пераклад аповесьці, але «Юность» адмовілася яе друкаваць. Тады ён аддаў рукапіс у «Новый мир», які перад тым пачаў набываць дысідэнцкую славу. I вось аднойчы мне прыносяць тэлеграму з Масквы ад намесьніка галоўнага рэдактара «Нового мира» Аляксея Кандратовіча з прапановай надрукаваць аповесьць, «если только вам не противен этот журнал».

Ведама, я адразу ж адказаў згодай. Гарбачоў чамусьці маўчаў.

50. Рым

На пачатку восені ў Рыме зладзіўся чарговы кангрэс КОМЭСА, эўрапейскай пісьменьніцкай адзінай арганізацыі, зь якой супрацоўнічаў СП СССР. У Маскве арганізавалі прадстаўнічую пісьменьніцкую дэлегацыю, у якую ўключылі і мяне. Гэта была ўвогуле рэдкая па тым часе паездка пісьменьнікаў на Захад, а для мяне дык першая. Напярэдадні выезду выклікаў загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ, даваў інструктаж: трымаць вуха востра, быць асьцярожным, ні з кім не кантактаваць. За мяжой — усе ворагі. З Масквы на лётнішча прыехала вялікая група маладых і старэйшых — Віктар Шклоўскі, Аляксандр Твардоўскі, Канстанцін Сіманаў, Рурыкаў, Сучкоў, Аксёнаў, Карым, Марцынкявічус. Кіраўніком дэлегацыі быў прызначаны Аляксей Суркоў. У Рыме ўсе разьмясьціліся ў адным гатэлі паблізу ад галоўнай вуліцы Корса і пайшлі аглядаць горад. Рым, канешне, ашаламляў сваімі старажытнасьцямі, руінамі Калізэю, музэямі і палацамі. Схадзілі ў сабор сьв. Пятра, капэлу Рафаэля. Дужа вабілі крамы буржуазнага гораду, ды заходзіць туды не было з чым — грошай мы мелі мала. Заставалася хіба разглядваць вітрыны. У мяне захавалася фота, дзе Юсьцінас Марцынкявічус пільна ўглядаецца праз шкло на выдатную друкоўку, пра якую нам заставалася толькі марыць. Аксёнаў аднойчы згледзеў у кніжнай вітрыне раман сваёй маці, нядаўняй зэчкі Яўгеніі Гінзбург «Ожог» і шапнуў нам, каб пра тое маўчалі.

На кангрэсе гаворка ішла пра літаратурны авангард, вядома ж, заходні, — у нас тады свайго яшчэ не было. Там жа ў зале паседжаньня стала вядома пра арышт у Маскве Сіняўскага і Даніэля, і мне дужа спадабалася, як К. Сіманаў нягучна сказаў, што арышт паэта — заўжды ганьба для ўраду. Яго, аднак, ніхто не падтрымаў, ды мала хто і пачуў. Мы ўважліва і зь некаторым зьдзіўленьнем слухалі глыбакадумныя выступы Сартра, рэжысэра Антаніёні, Джона Карла Вігарэлі, якія гаварылі зусім ня так і не пра тое, што мы прывыклі чуць на радзіме. Асабліва ўразіў Сартр сваімі філязофскімі экспромтамі пра экзістэнцыялізм. Разумна ён гаварыў, Сартр, а я думаў, што ўсё ж праўда, мабыць, на баку ягонага земляка Камю, які зганіў СССР за канцлягеры, а Сартр за тое парваў зь ім адносіны.

Авангардысты, якія там выступалі, нас меней цікавілі, сярод савецкіх пісьменьнікаў тады мала было прыхільнікаў гэтае плыні. Апроч хіба Віктара Шклоўскага, які пасьля свайго выступу на гэтую тэму адразу стаў папулярны сярод заходніх маэстра. Роб Грыйе і Наталі Сарот горача ціснулі ягоную руку. Там я пазнаёміўся з Аляксандрам Твардоўскім, які сказаў, што будзе друкаваць мой твор, хаця яго яшчэ не чытаў. А на рымскай вулічцы за маленькім круглым столікам спаткаў двух слынных палякаў В. Iвашкевіча і Е. Путраманта, якія жартоўна зьдзівіліся, што ў Беларусі ёсьць пісьменьнік, маладзейшы за Танка. Танк тады быў для іх маладзён.

Утрох — Аксёнаў, Марцынкявічус і я — пайшлі на шпацыр убок сабора сьв. Пятра. Тут трапляла шмат сьвятароў у чорным, цікава было бачыць групы маладых манашак у чорна-белых касынках. На вуліцах у невялікіх шапіках прадавалі рознае царкоўнае начыньне — крыжыкі, расьпяцьце, пацеркі. Мы вырашылі набыць біблію. У нас жа ў Саюзе дабыць яе не было як, мо тут можна. Зайшлі ў адзін шапік з рэлігійнай літаратурай, папыталі — каб на рускай мове. На рускай мове блізка не аказалася, служка пайшоў некуды шукаць. Мы чакалі. Урэшце ён прынёс — на жоўтай паперы, у мяккай вокладцы. Але па-ўкраінску. Хлопцы адмовіліся купляць, а я ўзяў — была рызыка правезьці цераз мяжу (то ж лічылася недазволенай літаратурай), але рызыкнуў. І пасьля чытаў сьв. пісаньне па-ўкраінску, вучыў украінскую мову і божае слова па ёй.

Напрыканцы, ці не ў апошні дзень нашага гасьцяваньня ў Рыме, адбыўся дробны, але шматзначны для таго часу выпадак, пра які, можа, варта тут распавесьці. Уранку нам аб’явілі, што савецкая амбасада запрашае на прыём рускіх пісьменьнікаў, аўтобус будзе пададзены да гатэлю. Паколькі ў складзе дэлегацыі былі ня толькі рускія, дык астатнія палічылі сябе вольнымі ад запрашэньня і выправіліся на шпацыр у горад. Мы зь літоўцам Марцынкявічусам пайшлі ў парк Венета. Аднак на падыходзе туды нас дагнаў аўтамабіль з амбасады, і малады служачы паведаміў папраўку: амбасадар запрашае на прыём усіх, у тым ліку і нярускіх. Давялося вяртацца ў гатэль, каб перамяніць сарочкі ды надзець гальштукі. I мы спазьніліся. На ганку гатэлю спаткалі башкіра Мустая Карыма з Аляксандрам Твардоўскім, якія таксама не пасьпелі на аўтобус з астатнімі. Давялося наймаць таксі. Твардоўскі быў у чорным гарнітуры, увесь распараны ад гарачыні і лаяўся. У амбасадзе аказалася, што прыём ня тут, а ў летняй рэзыдэнцыі за горадам. Паехалі туды, зноў жа на таксі, па дарозе трапілі ў аўтамабільную аварыю, хаця дужа ніхто не пабіўся. Настрой быў сапсаваны, але грэла мэта. Твардоўскі, аднак, быў на мяжы нэрвовага зрыву. Прыехалі зь вялікім спазьненьнем, усе сядзелі за лёгкімі столікамі з прахаладжальнымі напоямі, амбасадар заканчваў чытаць свой даклад і пералічваў працэнты росту выплаўкі чыгуну і сталі ў чарговай пяцігодцы. Як скончыў, пацікавіўся, ці будуць пытаньні. Пытаньняў не аказалася, і ён падзякаваў усім за ўвагу. Усе расчаравана ўсталі, і Твардоўскі гучна, па-сялянску вылаяўся. Амбасадар здаля спытаўся: «Што вы сказалі, таварыш Твардоўскі?». Аляксандр Трыфанавіч стрымана адказаў: «Тое, што чулі». Усе з каменнымі тварамі скіравалі з душнага памяшканьня на вуліцу.

1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)