Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Разам з Жывенай ехалі аканом і яго памочнік — малады грэк Гермаген.
Стары Крыспін усміхаўся сабе ў бараду: Нікіфар наказаў яму як мага даўжэй, спакушаючы, паказваць дзяўчыне шаўкі і тонкія шарсцяныя тканіны, а таксама арафамы*, якія вырабляла суседняя майстэрня, што таксама давала коміту немалыя грошы. Цудоўна-жаданай для мужчыны робяць яны кожную жанчыну. І жыццё тады, сярод дарагіх арафамаў, багатых упрыгожанняў, экзатычна-чужаземных страў робіцца трохі больш выносным, не гняце плечы цяжарам гадоў, а душу шкадаваннем, што з кожным днём ёй усё бліжэй да Аіда, краіны мёртвых, адкуль ніхто не вяртаецца…
* Пахкасці.
Тонкі, спакуслівы пах ружавага і лавандавага алеяў адчулі падарожнікі яшчэ даволі далёка ад майстэрняў. Калі ж пад'ехалі бліжэй, іх сустрэў вольнаадпушчанік Прокл, загадзя папярэджаны пра гасцей. Лісліва ўсміхаючыся, ён паказаў Жывене ўвесь працэс выціскання алею з ружавых пялёсткаў і кветак лаванды, а таксама базіліку, бадзяну і іншых пахкіх зёлак.
— Можа, пані хоча выпрабаваць якасць нашага тавару? — запытаўся ён, і не паспела Жывена адмовіцца, як з-за спіны яго высунулася немаладая кабета ў белым палатняным адзенні, лоўкія рукі рабынь ухапілі Жывену і амаль уштурхнулі ў невялікі пакой, дзе на паліцах стаялі шкляныя араматніцы. Імгненна быў зняты з яе хітон, і спрытныя рукі рабынь сталі націраць цела дзяўчыны ружавым алеем, у той час як іншыя заняліся яе рукамі — стрыглі пазногці, націралі пальцы хной. Старэйшая з жанчын падступілася да госці з румянкамі і тонкімі пэндзлікамі, але тут Жывена рашуча запратэставала.
Калі яна зноў выйшла да ўпраўляючага і Прокла, тыя ў адзін голас вохнулі і лісліва сталі ўслаўляць яе прыгажосць.
— Досыць! — перапыніла іх Жывена. — Гаспадар загадаў нам паглядзець тканіны. Едзем туды!
Яны згодна заківалі галовамі, гнучыся перад ёю, угодліва ўсміхаючыся.
У шаўкаткацкім цэху яе як ашаламілі вадаспады ўзорыстых шаўкоў. Зіхацелі ліловыя з залатым, сінія з жоўтым, зялёныя з серабрыстымі кругамі і ромбамі сувоі, што выходзілі з-пад хуткіх рук ткачых. У цэху, дзе маталі шаўковыя ніці з распараных у кіпні коканаў шаўкапрадаў, рабочыя стаялі ў аблоках пары і выцягвалі шаўкавінкі чырвона-сінімі, абваранымі рукамі. У другім памяшканні шаўкавінкі спляталі ў тоўстыя альбо тонкія ніці. Жывена ведала — цяжкая праца тут аплачвалася толькі скрылямі ляпёшак і вінаградам. Змучаныя рабыні аднойчы спрабавалі ўцячы, але спроба скончылася няўдачай, пасля амаль год змоўшчыц трымалі ў цяжкіх калодках на шыях. Некаторыя так і засталіся са скрыўленымі шыямі — дзве з іх працавалі непадалёк ад яе.
Ткачыхі ўсталі і нізка схіліліся перад гасцямі, аднак Жывена паспела перахапіць адзін жаночы позірк — ткачыха глядзела з нянавісцю і зайздрасцю. Стола* на ёй была з самай таннай, грубай бавоўны, працёртая да празрыстасці.
* Кавалак тканіны, абматаны вакол цела.
— Высакародны Нікіфар папрасіў, каб пані сама выбрала сабе тканіну на туніку, — прашамкаў бяззубы Прокл. А Крыспін дадаў:
— Не толькі на адну туніку. Колькі захоча, столькі хай і бярэ.
Жывена абвяла вачыма майстэрню, шаўковыя сувоі, палотны — гэтыя дзівосныя тварэнні чалавечых рук. Як бы пасавала ёй вось гэтае, сіне-залатое… Але не, не возьме яна зачэпку, на якую, нібы плотку, хоча злавіць яе гаспадар.
— Ты не жадаеш, Афінападобная? — здзівіўся Крыспін. Слуга ж Гермаген глядзеў на яе з захапленнем. Жывена адмоўна паківала галавой. Тады Прокл, адразу як прывяўшы, стаў доўга і нудотліва расказваць пра розныя правіннасці рабынь, якія пры ткацтве то пераблыталі ніты, то недаткалі пялёсткі ўзораў. Крыспін перабіў яго, аддаў пергамент — дазвол на продаж у краме пры Ўлахернскай царкве, недалёка ад палаца. Патлумачыў правілы прыёму, нанова ўстаноўленыя венецыянцамі.
— Праклятыя чужаземцы! — прабурчаў Прокл і тут жа, спахапіўшыся, прашамкаў: «Слава імператару!»
Калі яны вярталіся ў Цар-горад, іх чакала неспадзяванка. На павароце, дзе ля руін старога язычніцкага храма ўздымаліся магутныя платаны, напярэсцігі ім кінуліся два ўзброеныя коннікі.
— Хто вы? Што вам трэба? — грозна закрычаў Крыспін, але тут жа атрымаў удар, ад якога скаціўся ў канаву. Гермаген паспеў выхапіць меч і таму адбіў другога воіна, але адзін ён не мог абараніць дзяўчыну. Жорсткая рука схапіла за аброць яе каня, спрабуючы накінуць на ейную галаву сетку. Але той, хто нападаў, сустрэў нечаканае. Не выпускаючы лейцаў, адкінуўшыся, наезніца, імгненна вызваліўшы ногі і падцягнуўшы іх да грудзей, з усяе сілы ўдарыла ў грудзі насільніка. Удар быў моцны, воін пахіснуўся, і тады, пругка і лоўка выпрастаўшыся, яна выбіла яго з сядла, так што ён цяжка рухнуў у пыл. Сагнуўшыся да самай зямлі, яна паспела схапіць жменю пылу і, размахнуўшыся, амаль уляпіла яго ў пысу каня, які нёс другога захопніка, што цяпер адчайна змагаўся з Гермагенам. Яна зрабіла тое з дзікім, падслуханым у манголаў віскатам, ад якога конь, ужо аслеплены, узвіўся ўверх і таксама скінуў свайго гаспадара.