Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
У вітальні пачуўся званок. Яна не адразу гэта ўсвядоміла.
Калі празвінеў паўторна, яна з цяжкасцю ўстала. Ляніва пайшла ў вітальню і адчыніла.
Раптам яна адступіла — у дзвярах стаяў ён.
У галаве Аліцыі завіравала ўсё. Яна абаперлася на сцяну і хацела нешта сказаць, але страціла голас.
Друцкі, не здымаючы капелюша, замкнуў за сабой дзверы, моўчкі падышоў да яе, узяў яе бяссільную руку ў дзве далоні.
Яны глядзелі адно на аднаго: вочы з залатымі зрэнкамі ў вочы палымяна-чорныя, вочы палымяна-чорныя ў вочы з залатымі зрэнкамі.
Аліцыя павольна вызваліла сваю далонь з яго рукі і пачала адступаць. Паціху, крок за крокам…
— Пані, — прамовіў Друцкі ціха.
Яна стала, дрыжучы ўсім целам.
— Пані!..
— Чаго вы хочаце, навошта вы прыйшлі? — усклікнула яна з роспаччу ў голасе.
— Навошта вы гэта зрабілі?.. Чаму вы ахвяравалі сабой дзеля мяне?.. Для чаго вы падвергалі сябе небяспецы?
Аліцыя прыціснула рукі да грудзей і маўчала.
— Навошта? — гаварыў ён. — Я маю права спытаць, навошта?
Аліцыя апусціла галаву і прашаптала:
— Бо я кахаю… Я вас кахаю…
Ён абняў яе і моцна прытуліў да сябе.
Яна не абаранялася, а калі яго вусны ўпіліся ў яе вусны, яна закінула яму рукі на шыю.
Якое ж вялікае шчасце забыцца пра тое, што кожны дзень тысячы простых, наіўных жанчын таксама закідваюць рукі на шыі тысяч мужчын, забыцца, што ў гэтых абдымках тулілася ўжо столькі іншых…
Аліцыя прагнула яго, прагнула наперакор самой сабе, насуперак забытым зараз клятвам… Насуперак усяму, на чым грунтавала сваё жыццё.
— Нарэшце… нарэшце…
Друцкі абхапіў яе і ледзь не нёс праз адчыненыя дзверы на шырокую пакрытую дываном канапу. Кроў хуткімі хвалямі, хвалямі ўсё больш моцнымі стукала яму ў мозг.
Вось нарэшце яна ў яго руках, гарачая, як жарынка, млявая, бяссільная, цудоўная…
Раптам, неспадзявана для самой сябе, Аліцыя вырвалася з рук Друцкага, адштурхнула яго і, паваліўшы крэсла, якое з шумам перавярнулася, пачала ўцякаць.
Друцкі кінуўся за ёй і схапіў яе за руку, але падсвядомы панічны страх дадаў ёй сіл…
Адным рыўком Аліцыя вызваліла далонь і адскочыла ўбок…
Але Друцкі ўжо быў не ў сабе. Яго лёгкія ліхаманкава хапалі паветра. Ён не разумеў, чаму яна ўцякае, як і ўвогуле нічога зараз не разумеў. Ведаў адно, што хацеў яе, што няма на свеце сілы, якая здолела б яго стрымаць.
Абое не чулі звону разбітага фарфору, які ўпаў разам са столікам, не заўважылі перавернутых рэчаў.
Яны бачылі толькі адно аднаго, чулі толькі сваё паскоранае дыханне.
Друцкі злавіў Аліцыю…
Цяпер яна жорстка супраціўлялася, аж да сыку ад болю з-за выкручаных рук, з вуснамі, поўнымі крыві з яго далоні, у якую яна ўпілася зубамі, у падранай на шматкі сукенцы, аказалася ў палоне яго дзікіх абдымкаў.
У прыніжальным, п’яным, жывёльным, шалёным, пажадлівым гвалце…
Два целы зліліся ў моцны вузел, звіліся ў іерогліф, якім прырода пазначае свой адвечны закон жыцця.
…Пакой, што патанае ў змроку, бясформенныя абрысы перавернутай мэблі і тут жа над яе вачыма залацістыя зрэнкі… і прама над яе вуснамі — вусны… і гэты авал твару… Галюцынацыя?.. Гэта галюцынацыя?.. Нейкі кашмарны рэфлекс успамінаў?..
Не… не…
Пакрысе яна прыходзіла ў сябе, а карціна не мянялася…
Аліцыя адсунула яго ад сябе і шырока адкрытымі вачыма ўглядалася ў бледны разадраны твар.
— Гэта ты, — прыглушана сказала яна.
Ён не разумеў.
Яна абаперлася на локаць і паказала яму перавернутыя рэчы.
— Ты памятаеш?
— Што? — здзівіўся ён.
— Не пазнаеш?
— Даруй, я быў не ў сабе, — ён прытуліў яе, — але чаму ты супраціўлялася?
— Чакай, — перарвала яна, — ты хіба не памятаеш летні вечар, пакой, які тоне ў змроку, перавернутую мэблю?
Друцкі сарваўся з месца і выцер лоб.
— Не памятаеш рванай сукенкі маладой дзяўчыны, якой ты завалодаў сілай?..
— Божа! — крыкнуў ён і засланіў твар рукамі.
— Цяпер я цябе пазнала… Так, гэта ты…
Аліцыя адарвала яго рукі ад твару.
— Гэта ты… Цябе завуць Багдан Друцкі…
— Божа, Божа, — стагнаў ён, — як жа я мог цябе не пазнаць, як жа я мог…
Аліцыя абаперлася галавой на далоні і паўтарала:
— Гэта ты… гэта ты…
У галаве яе мітусіліся неспакойныя думкі… Гэта ж нейкі неспасцігальны фатум… Дзікая фантазія лёсу, капрыз ці сіла, якой кіруе свядомая рука…
— Ты мяне ненавідзіш, — глуха сказаў Друцкі.
— Я цябе кахаю.
— Ты павінна мяне ненавідзець… Я быў плямай на тваёй маладосці.