Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 140
Перейти на страницу:

— Ёсць у нас на Новагародчыне такая кветка — васілёк, валошка.

— Васілеўс? — недаўменна перапытала жанчына.

— Вунь як хораша ты сказала — васілеўс, цар. Для мяне яна сапраўды — царыца кветак. Хаця і намнога сціплейшая прыгажосцю, чым ваша славутая ружа. Аднак жа неба дало ёй свой колер, і я нідзе ў Візантыі, сярод усіх дзівосаў, не бачыла яго — ні на фрэсках, ні сярод кветак. А без яго мне тут заўсёды будзе самотна…

— Ты жартуеш, Жывена, — пакрыўдзілася Фаціма. — А я люблю цябе і жадаю табе шчасця. Пры чым тут кветка?

…Ад некалькіх глыткоў моцнай, як хмельны настой, кавы кружылася галава. Вось бы ісці зараз басанож паўз жытняе поле, дзе сярод залатых сцяблін смяюцца сінія васількі! Бязмежная даліна запоўненая галасамі русалак, яны пераклікаюцца з лесавіком, што хаваецца зараз, у спякотны дзень, пад карчом у прахалодзе зялёнага моху і ляніва адгукаецца на іх вясёлыя, званочкамі, галасы. Людзі ўсё болей баяцца іх, таму што ўсё болей трацяць сувязь з акаляючай прыродай. А гэтак проста — пачынаючы жаць, папрасіць прабачэння ў той, што расціла каласы, прасіла хмары напаіць іх, а сонца — прывеціць. У кожнай сцяжыны, кожнай даліны ёсць свой ахоўца, вось чаму лягчэй жывецца на роднай зямлі, дзе яшчэ твае дзяды і прадзеды ўмелі гаварыць з ляснымі і палявымі гаспадарамі і слухацца іх…

— Ты не адказваеш мне, — крыўдліва працягнула Фаціма. — Няўжо наша сяброўства скончылася? І ўсё ж я спадзяюся, што, калі ты перадумаеш, ты не забудзешся на нас, маленькіх людзей, якія нічым не могуць прыцягнуць увагу гаспадара…

Яна пайшла да сябе, а Жывена спусцілася па прыступках у сад, не звяртаючы ўвагі на слугу, які адразу ж патупаў за ёю.

Распачынаўся дробны дождж, нізкае неба, здавалася, лягло грудамі цёмных аблокаў на ўсё наваколле, толькі вастраверхія кіпарысы стаялі вартаўнікамі цішыні.

Адагнаўшы ўсе думкі, яна бязвольна стаяла пад дажджом, чакаючы, пакуль цела яе не стане лёгкім, а галава — зусім пустой, да ціхага звону, у якім раствараецца ўсё навакольнае.

— Што чакае мяне? — паслала яна покліч некуды ў далячынь, у звон, у пустату. І адказ прыйшоў: хваля дажджу пранеслася над садам, якаясьці птушка закрычала тонка і жалобна, нібы гняздо яе растрапала халодным ветрам.

Жывена моцна сціснула рукі. Гэта — да страты. Але што яна можа страціць? Сэрца затахкала, адразу адчулася, што дождж ператвараецца ў лівень, ён халодны і няўтульны, як халоднае і няўтульнае ўсё вакол. Але ззаду, за ёю, усё ж жытло. Там грэе прывабным цяплом жароўня з чырвоным вуголлем. Як жа ісці ў такую вось ноч па дарогах, з маленькім хлопчыкам?

Успомніўся любімы жарабок Рос. Горды і магутны, ён лёгка нёс яе па свеце, не абцяжараную яшчэ амаль нічым — ні памылкамі, ні страхам, ні прыніжанасцю. Не тое зараз. І на імгненне спакуса — застацца тут, не мяняць нічога, не рызыкаваць — ахапіла яе.

Чэрмнае, Рускае мора асабліва страшнае ў непагадзь. Кажуць, што якраз у такія месяцы разбіваецца аб скалы альбо тоне ў высокіх шалёных хвалях найбольшая колькасць хеландзій*. Славянскія стругі, шнекі, бусы і ўчаны трымаюцца на вадзе лепей, але на Дняпры ёсць страшныя камяні, дзе лодкі выцягваюць і валакуць па зямлі, і каля такіх валокаў падсцерагаюць рабаўнікі.

* Цяжкія грузавыя судны.

Ізноў палон?!

Яна ўскрыкнула «Не!», нібы кідаючы выклік начы, холаду, сваёй слабасці.

Дазорны сачыў за ёю. Ды няўжо нельга хаця б паспрабаваць? Няўжо заб'е яе Нікіфар, калі нават уцёкі будуць няўдалымі?

З гэтымі думкамі яна вярнулася ў гіменэй — пакоі для жанчын, дзе зноў, не дачакаўшыся яе, спаў маленькі Святазар.

А назаўтра Нікіфар, нібы здагадаўшыся, як нудзіцца яна без звыклай працы альбо якога занятку, папрасіў дзяўчыну з'ездзіць у прыгарадную майстэрню па вырабе шаўковых тканін, прыгледзець за якасцю тавару і адвезці дазвол на ягоны продаж. Дасюль гэтая праца была прывілеяй упраўляючага Крыспіна. Той таксама ехаў з Жывенай, але павінен быў падпарадкоўвацца ейным загадам.

Жывена згадзілася. Хацелася адчуць вецер, які б'е ў твар конніку, цела прасіла руху. Аднак яна здагадвалася, што Нікіфар хоча іншага — паказаць ёй асалоду ўлады і багацця.

Шаўковыя тканіны, якія каштавалі надзвычай дорага, давалі добры прыбытак, таму гандаль імі і вытворчасць знаходзіліся ў манапольным праве дзяржавы. Майстэрню маглі трымаць толькі знатныя людзі, але і ім не дазвалялася вырабляць асабліва каштоўныя палотны. Раней за гэтым сачылі дзяржаўныя чыноўнікі. Цяпер жа, пры лацінянах, права на вываз і вытворчасць атрымалі венецыянцы, яны асабліва раўніва ставіліся да вырабаў мясцовых майстэрняў. Таму кожнаму патрыцыю даводзілася штогод аднаўляць дазвол на гандаль уласным таварам.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)