Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Не называй мяне «высакародным комітам»! — злосна сказаў Нікіфар.
— А як жа называць цябе, гаспадар?
Дзіўна: чым больш раздражнёным рабіўся Нікіфар, тым больш спакайнела Жывена. І ўсё ж смяротна небяспечным быў для яе гэты чалавек. У імперыі рамеяў жыццё любога, нават самага знатнага прыдворнага, магло раптоўна абарвацца па адным толькі слове імператара. Што казаць пра ніжэйшых альбо рабоў? Ды і самі цары тут часта бывалі ахвярамі. Яна ўспомніла радкі з «Хранаграфіі» Псела, дзе той апісваў апошнія гадзіны царавання прыёмнага сына імператрыцы Зоі Міхаіла Пятага, які замест удзячнасці саслаў сваю патронку на далёкі востраў і быў за гэта пакараны абуранымі гараджанамі: «Што ж да цара, то кат, гледзячы, як той баіцца і бясконца заклікае да літасці, звязаў яго як мага мацней і схапіў так шчыльна, каб не раскрэмзаць яму твар у час пакарання. Калі вырвалі вочы і агульная злосць і ўзбурэнне скончыліся, натоўп пакінуў яго ў спакоі».
І сёння гэта доўжыцца. Нямала сляпых ходзіць па вуліцах Цар-горада, і нікога гэта не дзівіць.
Дрыжыкі прайшлі па яе целе пры гэтых думках, але яна рашуча адагнала страх. Баязлівец прайграе, ёй прайграваць няможна.
— Я для цябе магу быць проста Нікіфарам, — панізіўшы голас і чамусьці азірнуўшыся, сказаў коміт.
— Я нічым не заслужыла такой літасці, - зноў схілілася перад ім дзяўчына.
— У нашых жанчын цёмныя валасы. А ў цябе… у цябе яны залатыя. Я ніколі не бачыў такога адцення. І ў цябе ёсць мудрасць. Скажы мне, якога ты роду? Я ведаю, ты таксама высакародная. Хто былі твае бацькі?
Спакуса расказаць пра Міндоўга на імгненне ахапіла яе, ды пасля прыйшло ацверазенне. Гэта яму важна, каб наложніца ў яго была знатная. А ёй… Ёй трэба хутчэй знікнуць адсюль, растварыцца ў бязмежжы дарог і знайсці тую, якая вядзе на радзіму. Яна ясна зірнула на коміта і ўсміхнулася:
— Я простая жрыца маленькага язычаскага храма, але тыя, каму мы пакланяемся, магутныя багі. Мабыць, яны падказалі тваёй жонцы думку — падарыць мне свабоду, якую я спадзяюся атрымаць і з тваіх рук, высакародны Нікіфар, хай ахоўваюць цябе Ашвіны!
Ён зноў нічога не адказаў, толькі, гнеўна зірнуўшы на яе, стрымгалоў памкнуўся да выхаду.
Вечарам да яе прыйшла Фаціма. Таўстуха трымалася з Жывенай цяпер зусім іначай — перш чым абняць, нізка схілілася перад дзяўчынай, а малому Святазару прынесла дарагі падарунак: маленькія залаташвейныя пантофлікі. Сама прыгатавала каву і паставіла на столік міндалавыя зярняты, арахіс, фаянсавае блюда з хабісам — сумессю салодкага пячэння. Жывена заўважыла, што просты гліняны посуд, якім яна карысталася, ужо заменены іншым — узорыстыя керамічныя філіжанкі, мяркуючы па ўсім, былі нятаннымі.
Фаціма, нібы між іншым, зацікавілася падарункамі і стала хваліць кожны з іх.
— У нас, славян, ёсць звычай, непрыемны для ўсходніх людзей — казаць тое, што думаеш, — перабіла яе Жывена. — Ты прыйшла сёння не як сяброўка. Ты прыйшла ўгаворваць мяне — на што? На тое, каб зрабіцца наложніцай гаспадара, бо яму наўрад ці дазволяць са мной ажаніцца?
— А раптам? — спрабавала абараняцца ашаломленая такім націскам жанчына.
— Ніякіх раптам! Наадварот — яго пастрыгуць у манахі хутчэй за іншых*. Да таго, зразумей, што я… я хачу толькі аднаго: каб ён выканаў абяцанне і адпусціў мяне. Я ведаю, што, калі тут адпускаюць на волю рабоў, даюць ім кавалак зямлі альбо грошы. Мне не трэба нічога, толькі пергамент аб волі, бо іначай ніводны карабель не возьме нас з сынам. На мне, як на скаціне, выпалена таўро коміта.
* У Візантыі неадабральна адносіліся да другога шлюбу, а асобам высокага рангу мог прыйсці загад імператара пастрыгчыся ў манахі. Праўда, у манастыр ісці было не абавязкова, аднак трэба было весці манаскі лад жыцця.
— Я не буду апускаць у калодзеж спрэчкі сваё вядро*, - сказала Фаціма. — Але падумай сама: дарога на радзіму небяспечная, а тут цябе чакае забяспечанасць і любоў знатнага! Калі ж ён астыне, ты да гэтага часу станеш заможнай і зможаш жыць без скрухі ў сталіцы сталіц, куды мараць трапіць і не такія, як ты, апранутая ў сукню легкадумства! І тады ты здолееш выбраць сабе любога з прыгажуноў, якімі багатая наша сталіца!
* Мудрагелісты ўсходні выраз, які азначае «не буду спрачацца».
— Цудоўна ты гаворыш, але ў гэтай сталіцы сталіц няма адной рэчы, і ніхто не зможа мне яе дастаць!
— Якой жа? — са здзіўленнем сказала Фаціма. — Не веру, што ў Візантыі чаго-небудзь можа не быць.