Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 174
Перейти на страницу:

– Ну, усіх народаў разам было сама менш дзесяць тысячаў, – прыкінуў Мэры. – Яны цэлую гадзіну з брамы выходзілі. Некаторыя рушылі па бальшаку, кіруючыся да броду, некаторыя збочылі на ўсход. Тут непадалёк збудавалі мост, дзесьці зь вярсту адсюль, там, дзе рака цячэ ў глыбокай вузкай цясьніне. Калі б вы ўсталі, маглі б убачыць яго нават цяпер. Ваякі Саруманавы гарлалі песьні й рагаталі. Гармідар жудасны. Я падумаў: справы роханскія – горш не бывае. А Дрэвабарод і не варухнуўся. Кажа: мая справа сёньня ўночы – Ізенградак, скалы й камяні. I тады, хоць я й ня мог бачыць у цемры, здагадаўся, што гаворны рушылі на поўдзень, як толькі брама зачынілася. За оркамі, мне падалося. Да раніцы яны прасунуліся далёка ўніз па даліне. Ва ўсялякім разе, там бачыўся цень, які захіляў усё, што за ім.

А як толькі Саруманава войска аддалілася, надышла нашая чарга. Дрэвабарод ссадзіў нас зь сябе, а сам падышоў да брамы й закалаціў па ёй, выклікаючы Сарумана. Адказу не было, апрача стрэлаў ды камянёў зь сьценаў. Але што стрэлы для энтаў? Вядома, яны іх раняць ды злуюць – як аваднёвыя джалы. Энта можна ўтыкаць оркавымі стрэламі, бы падушачку голкамі, а яму аніякай сур'ёзнай шкоды ня будзе. Энтаў, увогуле, атруціць нельга, і скура ў іх вельмі тоўстая й цьвярдзейшая за кару дрэваў. Надта моцны патрэбны ўдар сякераю, каб параніць энта. I энты сякераў ня любяць, так. Але каб паваліць аднаго энта, трэба шмат дрывасекаў, бо той, хто аднойчы секануў энта, наўрад ці атрымае другі шанец. Энтаў кулак зьмінае жалеза, быццам танюткую фольгу.

Калі ў Дрэвабарода патрапіла колькі стрэлаў, ён зазлаваў, насамрэч зрабіўся "пасьпешлівым", як ён сказаў бы. Выгукнуў уголас: "Ху-умм-хомм!" I адразу зьявілася яшчэ з тузін энтаў. Раззлаваны энт – жудаснае відовішча. Іхнія пальцы на руках і нагах нібы прымярзаюць да скалаў і тады разьдзіраюць іх, быццам скарынку на хлебе. Гэта было маўляў векавая праца вялізных каранёў, якія паўзуць праз каменьне, а зьдзейсьнілася за некалькі імгненьняў!

Яны пхалі, дралі, драпалі, трэсьлі й калацілі, і – трах-бум, тарабах – за пяць хвілінаў вялізная брама ўся ў руінах, а некаторыя ўжо ўкапаліся ў сьцены, бы трусы ў пяшчаны схіл. Ня ведаю, што ўяўляў сабе пра падзеі Саруман. Ва ўсялякім выпадку, што рабіць, ён ня ведаў. Напэўна, ягоныя чары паслаблі апошнім часам. Дый увогуле, мяркую, ён і ня меў асабліва ані адвагі, ані мужнасьці, каб аднаму вытрымаць такую крутую бітву, без натоўпу рабоў, машынаў ды ўсялякіх прыладаў. Ня тое што стары Гэндальф. Цікава, мо Саруманава слава й пайшла выключна з таго, што ён удала засеў у Ізенградку.

– Не, – запярэчыў Арагорн. – Калісьці ягоная веліч адпавядала ягонай славе. Веды ягоныя былі найглыбейшымі, задумкі – выкшталцонымі й мудрымі, а рукі – умелымі на дзіва. Таксама ён меў уладу над розумам тых, з кім сустракаўся. Мудрых Саруман мог пераканаць, слабейшых – ашаламіць ды зьбіць з панталыку. Гэтая сіла, безумоўна, яшчэ засталася зь ім. Няшмат хто ў Міжзем'і, па-мойму, можа бясьпечна для сябе перамаўляць сам-насам зь Саруманам нават сёньня, пасьля такой ягонай паразы. Гэндальф ды Эльранд з Галадрыельлю, магчыма, – цяпер, калі ліха Саруманава ўжо відавочнае, але ж наўрад ці хто яшчэ.

– Ну, энтам ягоны голас не пагражае, – заўважыў Піпін. – Аднойчы ён ужо абвёў іх вакол пальца. Болей не атрымаецца. Ён іх не зразумеў і зрабіў вялікую памылку, не ўлічыўшы іх у сваіх плянах. Не прадбачыў, а калі яны прыняліся за працу, было позна. Як толькі пачаўся наш напад, усе пацукі – няшмат іх засталося ў Ізенградку – кінуліся наўцёкі скрозь дзіркі, наробленыя энтамі. Людзям энты дазволілі ўцячы, спачатку іх дапытаўшы. Тых і было ўсяго два ці тры тузіны. А оркаў, мяркую, уратавалася зусім няшмат – і малых, і вялікіх. Ад гаворнаў не ўцячэш, а яны лесам паўсталі паўсюль вакол Ізенградку, дый уніз па даліне колькі рушыла.

Калі энты ператварылі большую частку паўднёвай сьцяны ў друз ды ўсе Саруманавы паслугачы паўцякалі, ён сам кінуўся бегчы, пераляканы. Падаецца, ён быў ля брамы, калі мы падышлі. Напэўна, назіраў, як шыхтуе на вайну ягонае дзівоснае войска. Калі энты праламіліся скрозь мур, ён пабег прэч. Энты яго спачатку й не заўважылі. Але ноч сталася ясная, зорная, сьвятла для энтаў ставала, і Хуткасьцень яго першы прыкмеціў ды загаласіў: "Дрэвагубца, дрэвагубца!" Хуткасьцень – добры энт, нават і мяккадушны, але ягоная нянавісьць да Сарумана лютая да шаленства. Ягоная кравіна цяжка пацярпела ад орцкіх сякераў. Хуткасьцень кінуўся па прысадах ад краю брамы, а рушыць ён, калі шалёны, хутчэй за вецер. Наперадзе бледная постаць мільгала паміж ценямі ад слупоў і ўжо амаль сягнула лесьвіцы да дзьвярэй у вежу. Нават і тое ледзь дапамагло ўратавацца. Хуткасьценю заставалася ўсяго пару крокаў, каб злавіць і расьціснуць ворага, калі Саруман праціснуўся празь дзьверы.

1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)