Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 179
Перейти на страницу:

Друцкі агледзеўся: у зале было трое дзвярэй, але ні праз якія з іх немагчыма было ўцячы. Двое вялі ўглыб будынка, а праход да трэціх запоўніла публіка. Да таго ж, там стаяў паліцэйскі.

А між тым, давалі паказанні наступныя сведкі, затрыманыя ў «Аргенціне» марфіністы. Яны нічога новага ў справу не ўнеслі, а толькі пацвярджалі паказанне афіцэра наконт цэн на морфій.

«Калі мяне арыштуюць, — думаў Друцкі, — пэўна ж не дадуць вялікага эскорту, а з адным паліцэйскім я распраўлюся без праблем».

Ён пракруціў у памяці план найбліжэйшых вуліц. Памчыць па Мядовай на Капуцынскую, тут праскочыць праз вароты — і ў другі двор… Зрэшты, можа, апаскі беспадстаўныя. Абвінаваўчы прыгавор яшчэ не азначае змены закладу на арышт.

Судовы служка далажыў аб прыбыцці эксперта, якога таксама адразу ж паклікалі да стала суддзяў. На пытанне старшыні ён адказаў, што так, ён можа адразу перад Судом даследаваць утрыманне слоічкаў, таму што прывёз з сабой усё патрэбнае для павярхоўнага аналізу.

Яму падсоўваюць каробачку. Ён вымае з яе адзін слоік, трасе яго, высыпае дробку белага парашку на паперу і праз вынятую з кішэні лупу хвіліну яго разглядвае.

— Ну? — нецярпліва пытаецца суддзя Пшчулкоўскі.

— Шаноўны Суд, — павольна гаворыць эксперт, — морфій звычайна прадаюць у крышталіках, а тут у нас цёрты парашок.

— Але морфій бывае і цёрты?

— Можа быць, хоць да гэтай пары я такога не сустракаў.

— А ці ва ўсіх слоічках тое самае? — спытаўся старшыня.

Хімік уважліва агледзеў праз лупу астатнія слоічкі і кіўнуў галавой:

— Так. Морфій крышталізуецца ў дробныя іголкі, а тут усюды крошкі.

Эксперт дастаў з кішэні два флаконы. Адзін з празрыстай вадкасцю, другі з рыжаватай.

Далей у вялікую прабірку ён насыпаў па дробцы парашку з усіх слоічкаў і наліў у іх шмат празрыстай вадкасці, пасля чаго заткнуў прабірку пальцам і пачаў флегматычна трэсці рукамі.

Друцкі глядзеў на яго абыякава, ён правёў позіркам па засяроджаных тварах суддзяў і затрымаўся на Аліцыі Горн. Яна сядзела нерухома, сачыла за экспертам. У яе вачах нібыта тлелася іскрынка іроніі. «Натуральна, — думаў ён, — яна раскрыла хітрасць адваката і цяпер радуецца, што план яго сарваўся за паўгадзіны».

«Што за д’ябал у ёй сядзіць! — скрыгатнуў зубамі Друцкі. — Ох, калі б я мог атрымаць яе ў свае рукі! Сам бы, можа, звар’яцеў, але яе навучыў бы вар’яцтву, навучыў бы, што яна не змагла б мяне ненавідзець, дастаў бы з яе ўсё пекла…»

Ён адчуў, як уздоўж хрыбетніка прабеглі дрыжыкі.

У цішыні прагучаў голас эксперта:

— Я змяшаў парашок і растварыў яго ў дыстыляванай вадзе. Зараз я дадам у гэты раствор некалькі кропель хларыду жалеза. Хларыд жалеза выяўляе ўтрыманне морфію нават у найдрабнейшай колькасці. Калі ў гэтай прабірцы знаходзіцца хоць міліграм, хоць сотая доля міліграма морфію, вадкасць адразу ж стане ярка-сіняй.

Усе ўтаропіліся ў прабірку.

Хімік, не спяшаючыся, адкаркаваў флакон з іржавай вадкасцю.

Адна кропля завісла на сценцы і ўпала ў прабірку, другая, трэцяя, чацвёртая… пятая…

Бясколерная вадкасць у шкляной трубцы пачала афарбоўвацца ў брудна-жоўты колер.

Хімік патрос прабіркай і падняў яе да ўзроўню вачэй.

Міналі секунды. хвіліна, дзве…тры…

Ні следу блакітнага колеру. Вадкасць заставалася брудна-жоўтай.

У смяротнай цішыні залы пачулася прыглушанае:

— А-а-а-а…

Вадкасць не мяняла колеру.

— А-а-а-а, — рос выдых палёгкі.

— А-а-а-а… — ён узмацняўся, выходзячы з мноства грудзей, у якіх боязь і надзея затрымалі дыханне.

Адвакат Колдынгер вылупіў вочы, здавалася, што яны выпадуць з арбіт.

Друцкі працёр далонню вільготны лоб.

Эксперт з поўным спакоем адклаў свае прыборы, выцер рукі хустачкай і сказаў:

— Гэта не морфій.

— Ці можаце вы гэта сцвярджаць з поўнай упэўненасцю? — спытаўся стар шыня.

— О, так. Я цалкам упэўнены. Ва ўсіх гэтых слоічках няма ні кроплі морфію.

Ён яшчэ раз прыгледзеўся да прабіркі і паўтарыў:

— Ні кроплі.

— Што тады гэта за парашок? — запытаўся суддзя Пшчулкоўскі.

Дацэнт хіміі паціснуў кволымі плячыма і бездапаможна развёў рукамі:

— Для ўсталявання складу гэтага парашку патрэбны быў бы даўжэйшы лабараторны аналіз. У любым выпадку, гэта не морфій. Хаця…

1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)