НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У грамадскай свядомасці эпоха Машэрава ўспрымалася як перыяд спакою і адноснага дабрабыту. Па гадах неверагодных намаганняў усяго грамадства пры адбудове знішчанай падчас вайны краіны і пры ўзвядзенні вялікіх будоў сацыялізму прыйшоў перыяд спажывання. Тэлевізар, радыёпрыёмнік, пральная машына, халадзільнік, адпачынак на Чорным моры сталі жыццёвым стандартам звычайнага жыхара Беларусі. Пасля некалькіх гадоў чакання кожны мог спадзявацца на кватэру ў адным з вялічэзных блокаў, якія вырасталі на акраінах абласных гарадоў.
У пачатку васьмідзесятых гадоў амаль 70 % насельніцтва Беларусі жыло ў гарадах. Перасяленне з калгасаў у гарады ўспрымалася як грамадскае і цывілізацыйнае павышэнне. Таму большасць жыхароў БССР жыло ў адчуванні поспеху, змен на лепшае. Прапаганда ўдачна замацоўвала гэтую карціну станоўчых пераўтварэнняў. Камуністычны лад, стварыць які імкнулася савецкае кіраўніцтва, меў быць яшчэ больш прываблівым. Таму ў сапраўднасці ў Беларусі не было ніякіх асяроддзяў, якія сумняваліся ў асноўных напрамках грамадска-гаспадарчага развіцця краіны.
Нарастанне гаспадарчага крызісу
Створаная ў ходзе выканання чарговых пяцігодак беларуская прамысловасць мела катастрафічны ўплыў на натуральнае асяроддзе. Магутныя аб’екты ўзводзіліся ў рэкордных тэмпах. Мелі яны выпускаць прадукцыю і тым самым фарміраваць паказчыкі гаспадарчага прагрэсу. Абсталяванні, якія абмяжоўвалі колькасць атрутных выкідаў, значна павялічвалі інвестыцыйныя кошты і таму ўстанаўліваліся яны спарадычна.
У 1960–1985 гадах вытворчасць хімічнай прамысловасці павялічылася ў 49 разоў. У Беларусі выпускалася 25 % хімічнай прадукцыі ўсяго Савецкага Саюза. Больш за 90 % гэтай прадукцыі высылалася па-за межы рэспублікі. У гарадах, у якіх знаходзіліся самыя вялікія хімічныя камбінаты — Наваполацку, Магілёве, Гомелі, Салігорску, Гродне, Бабруйску — забруджанасць паветра ў некалькі разоў перавышала дапушчальныя нормы. Беларуская прамысловасць патрабавала вялікіх капіталаўкладанняў для пабудовы ачышчальных установак. Тым часам рашуча скарачаліся фінансавыя магчымасці савецкай дзяржавы. І хаця гэтая прамысловасць служыла ўсяму Савецкаму Саюзу, вырашаць экалагічныя пытанні прыйшлося самім беларусам.
У кастрычніку 1985 г. ХХVІІ З’езд КПСС нанава вызначыў планы «паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны», аднак гаспадарчая сістэма, пабудаваная на акасцянелых догмах камуністычнай ідэалогіі, аказалася зусім непадатлівай рэфармаванню. Карумпіраваная партыйная эліта не мела, апрача старых лозунгаў, ніякай ідэі ратавання непрадукцыйнай гаспадаркі. Ізаляванае ад рэшты свету савецкае грамадства не ўсведамляла становішча, у якім яно апынулася. Прапаганда паспяхова пераконвала грамадзян, што жывуць яны ў дзяржаве перадавой цывілізацыі. Тым часам узровень матэрыяльнага жыцця насельніцтва СССР быў незвычайна нізкі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы. Працяглая вайна ў Афганістане паскорыла працэс распаду савецкай эканомікі. Пачатак праўлення Міхаіла Гарбачова і абмежаванне дзейнасці цэнзуры адкрылі грамадству шматгадовы параліч савецкай гаспадаркі.
У Беларусі крызіс пачаўся крыху пазней. У 1988 г. адзначаны быў нават 8-адсоткавы рост прамысловай вытворчасці. Аднак крызіс у Расіі і іншых рэспубліках хутка распаўсюдзіўся і на Беларусь. З’явіліся складанасці з забеспячэннем у сыравіну, якой 90 % завозілася звонку. Скараціўся таксама рынак збыту вырабаў беларускай прамысловасці. Больш за 80 % гатовых тавараў раней высылалася ў Расію, Украіну, Сярэднюю Азію і Закаўказзе. У выніку распаду структур савецкай дзяржавы ў 1990 г. усе планы стратэгічнага развіцця гаспадаркі страцілі актуальнасць. Ранейшыя кааператыўныя міжрэспубліканскія пагадненні сталі несапраўднымі. З-за браку вузлоў, якія выпускаліся па-за межамі Беларусі, значную частку вырабаў нельга было паставіць на рынак. Па гэтай прычыне ўлады рэспублікі рабілі ўсё магчымае, каб захаваць гаспадарчыя сувязі з іншымі палітычнымі суб’ектамі, якія пачалі вырысоўвацца пасля развалу Савецкага Саюза, асабліва з Расіяй, галоўным пастаўшчыком сыравіны і спажыўцом тавараў беларускай прамысловасці.
Вынікі развалу СССР неўзабаве знайшлі адбітак у беларускай гаспадарцы. У 1992 г. зафіксаваны быў 10-адсоткавы спад прамысловай вытворчасці і быў гэта толькі пачатак працэсу, які з яшчэ большым напружаннем развіваўся ў наступных гадах. Лавінна расла колькасць нерэнтабельных прадпрыемстваў. Увядзенне Расіяй рыначных цэн нафты і газу выклікала параліч беларускай хімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці і падзенне валавога нацыянальнага прадукту ў 1993 г. на 31 % і нацыянальнага даходу на 20 %. Інфляцыя перасягала 400 % у год.