Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Перад сталом суддзяў перамяшчаюцца сведкі, адзін за адным. Адвакат Колдынгер кусае вусны і нервова стукае алоўкам па трыбуне. Друцкі бачыць сваю сітуацыю цалкам ясна. Ён адварочваецца. Яго позірк ловяць чорныя, блакітныя, зялёныя, арэхавыя вочы…
Усе вочы поўняцца страхам… Вось зноў гучыць металічны, звонкі, як сталь, голас і вочы накіроўваюцца на Аліцыю Горн, вочы мяняюцца за імгненне — цяпер яны палаюць нянавісцю.
Перад трыбунай для сведкаў стаіць афіцэр паліцыі са Следчага Камітэта, кіраўнік брыгады па барацьбе з гандлем наркотыкамі. Высокі, зграбны, інтэлігентны мужчына.
— Вы можаце сказаць, што ў гэтым пакеце? — пытаецца Аліцыя Горн.
— Морфій. У такіх пакетах морфій перапраўляюць з Германіі.
— Якія цэны на морфій?
— Мне трэба ўбачыць этыкеткі на слоічках, — гаворыць афіцэр.
Суддзя Гум падае сведку пакет. Ён адкрывае каробку, вымае слоічак з белым парашком:
— Mophinum muriaticum, — чытае ён, — у легальным гандлі грам каштуе каля злотага.
— А ў нелегальным якой можа дасягнуць цаны?
— О, розніца велізарная! Марфіністы плацяць за адзін грам ад дваццаці да трыццаці злотых, а часам і болей.
— Такім чынам, наколькі каштоўная ўся гэта партыя ў нелегальным гандлі?
Афіцэр агледзеў слоікі і палічыў у памяці:
— Тут пяцьсот грамаў, таму каштуе гэта ад дзесяці да пятнаццаці тысяч злотых.
Суддзі пераглянуліся. Зала заварушылася. Аліцыя Горн зноў запыталася:
— Дык наркагандляры настолькі багатыя, што гэта для іх не сума?
— Адкуль? — засмяяўся сведка. — Найчасцей гэта ўвесь іх абаротны капітал.
— Падсудны сцвярджае, што гэты пакет, вартасцю ў паўтара дзясятка тысяч злотых, быў яму падкінуты з помсты або дзеля… жарту. Ці дапушчае сведка, што які-небудзь гандляр мог бы дзеля гэтай мэты ахвяраваць такую суму?
— Я лічу, што гэта абсурдна, немагчыма. Хапіла б маленькага слоічка, таму што…
Адвакат сарваўся з месца, злы сам на сябе за тое, што позна зарыентаваўся:
— Высокі Суд, я прашу адхіліць гэта пытанне! Сведка некампетэнтны ў гэтай справе.
Старшыня Турчыньскі зіркнуў на Аліцыю і адкрыў рот, але яна запярэчыла:
— Сведка кампетэнтны, таму што дзякуючы свайму становішчу ён ведае асяроддзе наркагандляроў. Абарона ж не спрачаецца, што рэчавы доказ у выглядзе дзесяці слоічкаў утрымлівае наркотык, а менавіта морфій.
Старшыня кіўнуў галавой, і Аліцыя Горн задала сведку новае пытанне.
Адвакат схіліўся да вуха Друцкага.
— Мы прайгралі, — шапнуў ён панура.
— Дакладна?
— Без сумнення. Два-тры гады.
— Мяне могуць арыштаваць? — шапнуў Друцкі.
Адвакат паківаў галавой і ціха сказаў:
— Адзінае, што я магу зрабіць, — гэта запатрабаваць адтэрміноўку, калі вы… вы хочаце адмовіцца ад закладу і змыцца.
— Давайце, — вырашыў Друцкі і падумаў, што, відаць, не наканавана яму асесці ў Варшаве. Зноў уцёкі, зноў бадзянні…
Адвакат Колдынгер устаў:
— Высокі Суд, я прапаную паклікаць эксперта для вывучэння змесціва слоічкаў і адтэрмінаваць справу.
— Дык на слоічках, — скрывіўся старшыня, — ёсць выразны надпіс.
— Так, — настойваў адвакат, — але этыкетку можна наляпіць на слоічак з любым парашком, з содай, з хінінам і г. д. З-за таго, што паўстала пытанне пра цану гэтага пакета, вывучэнне прадукту неабходнае, таму я настойваю на хімічным аналізе.
Пракурор Аліцыя Горн заявіла, што хоць прапанова абаронцы паспрыяе зацягванню справы, аднак яна не супраць, бо сапраўды не праведзены аналіз морфію, які з’яўляецца рэчавым доказам, — гэта недагляд следства.
Старшыня ўстаў:
— Суд ідзе на нараду.
Зала напоўнілася гоманам. Адвакат Колдынгер нахіліўся да свайго кліента:
— Яны павінны ўзяць пад увагу маю прапанову.
Друцкі паціснуў плячыма. Ён дакладна ведаў, што гэта яму не дапаможа.
— Ва ўсякім выпадку, — гаварыў адвакат, — у вашым распараджэнні будуць, па меншай меры, суткі. Пакуль яны адашлюць морфій, пакуль зробяць аналіз, пакуль дашлюць заключэнне… Думаю, што справу адкладуць на тры дні.
Друцкі агледзеўся, з усмешкай кланяючыся жанчынам, страх якіх яго забаўляў. На самай справе нічога ў гэтым незвычайнага. Заўтра ў гэты час ён будзе ўжо далёка. Ён што, не можа сабе дазволіць пляваць на такія дробныя непрыемнасці?..
Нарада суддзяў зацягвалася. Дзесяць хвілін, дваццаць, паўгадзіны.
— Якога чорта!..
— Відаць, снедаюць, — зяўнуў Друцкі.
Але вось зазвінеў званок. Суд вяртаецца, займае месцы. Сярод поўнай цішыні старшыня паведамляе, што суд прыслухаўся да прапановы абаронцы і вырашыў выклікаць дасведчанага пастаяннага судовага эксперта, дацэнта Політэхнічнага ўніверсітэта доктара Мар’яна Краўца. Яго ўжо выклікалі па тэлефоне, і ён хутка прыбудзе, у сувязі з гэтым Суд пастанавіў не адкладваць слуханне, а працягваць яго.