НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Ахілесавай пятой савецкай эканомікі была калектыўная сельская гаспадарка. Хаця на фоне ўсёй савецкай прасторы ў Беларусі былі найлепшыя паказчыкі сельскагаспадарчай вытворчасці, то ў параўнанні з заходнееўрапейскімі краінамі былі яны карыкатурна нізкія. У 1960 г. ураджайнасць збожжавых склала ўсяго 8,7 цэнтнера з аднаго гектара. Падобны плён дасягалі нашы продкі ў сярэднявеччы. Дзесяць гадоў пазней, у выніку забеспячэння калгасаў і саўгасаў тэхнікай і ўгнаеннямі, ураджайнасць з аднаго гектара ў Беларусі ўзрасла да 16 цэнтнераў, а ў пачатку васьмідзесятых — да 22 цэнтнераў. Былі гэта вынікі значна вышэйшыя за дасягненні сельскай гаспадаркі Расіі ці Украіны, але ў краінах Заходняй Еўропы, пры падобнай насычанасці сельскагаспадарчай тэхнікай, ураджайнасць была ўтрая большая.
Прычынай нізкай прадукцыйнасці працы калгаснікаў была перш за ўсё адстунасць якіх-небудзь стымулаў зацікаўлення яе вынікамі. Вялікія страты ў сельскай гаспадарцы наносілі крадзяжы калгаснай маёмасці, якія ўчынялі як праўленні, так і калгаснікі. Астатнія кралі з прычыны нізкіх заробкаў. Значная частка страт была вынікам дрэннай арганізацыі жніўнай акцыі. Вялікае марнатраўства паўставала падчас транспарту збожжа і яго захоўвання. Між іншым, па гэтых прычынах беларускія калгасы не маглі нават наблізіцца да граніцы самаакупнасці і былі прыгавораны карыстацца датацыямі, якія ствараліся за кошт іншых галін гаспадаркі.
Прагрэс у галіне жывёлагадоўлі тармозіўся пастаяннай нястачай кармавых рэзерваў. Па гэтай прычыне калгасы ў вясенні перыяд вымушаны былі скарачаць пагалоўе быдла і свіней. Рэпрадукцыя статка як правіла патрабавала часу і вялікіх фінансавых затрат.
Нізкія заработныя платы і дрэнныя сацыяльныя ўмовы ў калгасах былі прычынай пастаяннага адтоку людзей з вёсак у гарады. Улады, каб зрабіць вёску падобнай на горад, у палове сямідзесятых гадоў пачалі ліквідаваць традыцыйную вясковую забудову і пераносіць жыхароў у вялікія жыллёвыя блокі, часта ўзведзеныя ў чыстым полі. У такі спосаб знішчаны былі астаткі вясковага традыцыяналізму і ўмоў да інтымнасці, якія даваў уласны дом. Статыстыкі паказвалі аптымістычны вобраз жыцця калгаснікаў, паведамлялі аб колькасці лазенек, тэлевізараў, радыятараў у іх кватэрах. За імі не было відаць адмоўных паслядоўнасцей знішчэння традыцыйнай вёскі — падзення народнай культуры, пашырэння п’янства, дэпрэсіі жыхароў новых блокаў.
У 1964 г. Вярхоўны Савет СССР ухваліў закон «Аб пенсіях і дапамозе чальцам калгасаў». Тады ўпершыню калгаснікі атрымалі пенсіённае забеспячэнне. У Беларусі ў 1966 г. пенсія складала толькі 12 рублёў у месяц. Сярэдння зарплата калгасніка ў той час складала 38 рублёў, а самая нізкая ў па-за сельскагаспадарчым сектары — 60 рублёў і была яна поўнасцю звольнена ад падаткаў. Пры Машэраве зарплаты калгаснікаў значна паправіліся. У 1968 г. мінімальная зарплата стала роўнай мінімальнаму заробку ў горадзе, а ў канцы сямідзесятых гадоў сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы Беларусі склаў 157 рублёў і быў адным з вышэйшых у СССР.
Дынамічны рост нацыянальнага даходу Беларусі, які працягваўся пастаянна з пяцідзесятых гадоў, у канцы сямідзесятых значна запаволіўся. У ходзе выканання дзевятай пяцігодкі (1971–1975) сярэднія гадавыя тэмпы росту дасягнулі 8,3 %, а ў наступнай пяцігодцы (1976–1980) — 5,1 %. Хаця намінальныя зарплаты за гэты перыяд значна павялічыліся, рэальна яны падалі. Сярэднія тэмпы росту даходаў ва ўсёй дэкадзе сямідзесятых гадоў былі ўдвая меншыя чым у папярэднім дзесяцігоддзі. Апрача таго адмоўныя з’явы ў гаспадарцы ўказвалі на далейшае падзенне. Да паловы васьмідзесятых гадоў не адбівалася гэта рашуча на стандарце жыцця жыхароў рэспублікі, бо згодна прынятай стратэгіі будовы камунізму дзяржава прымала на сябе штораз шырэйшы дыяпазон сацыяльнага забеспячэння грамадзян. У 1960–1985 гадах у сярэднім штогод на 20 % узрасталі бюджэтныя выдаткі на адукацыю, культуру, спорт і ахову здароўя. Пры Машэраве сімвалічнымі сталі квартплаты, камунальныя і тэлефонныя паслугі, транспарт. У сапраўднасці выявіліся вельмі небяспечныя для гаспадаркі і савецкай дзяржавы тэнднцыі. Тэмпы росту нацыянальнага даходу былі значна меншыя за тэмпы росту бюджэтных выдаткаў на сацыяльную сферу. Абавязкі дзяржавы ў адносінах да грамадства ўжо ў сямідзесятых гадах перасягалі ягоныя магчымасці. Апрача таго амаль трохкратнаму росту сярэдняй зарплаты ў 1971–1985 гадах спадарожнічаў толькі двухкратны рост вытворчасці, пры 3-адсоткавай інфляцыі для ўсяго перыяду. На пачатку васьмідзесятых гадоў з’явілася забытая ўжо нястача тавараў шырокага спажывання. У ашчадных касах накапіліся вялікія рэзервы грошай насельніцтва, на якія не было таварнага пакрыцця.