Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Аднойчы, ідучы праз возера, вясной, праламаўся і пайшоў пад лёд Паўло.
Праз тыдзень памерла і Троня...
«Няма на свеце Бога!» - заявіла ўголас Макушыха – муж яе быў Макуха, на ўсю вёску абвясціла, як на ўвесь белы свет. І тыя словы чула малая Аксана. – «Няма Бога на свеце!» – сказалі настаўнікі і ў школе...
Ноччу ў яе сон прыйшоў чорны цень – без твару, без абрысаў, соладка-гадзючына прашыпеў:
– Я буду тваім Богам. Ты павінна паверыць у мяне. Калі ж паверыш, то я буду абараняць цябе, вучыць, кіраваць тваімі думкамі і жыццём...
– Хто ты? – не спалохалася, смела ступіла крок насустрач.
– Я – гэта ты. Тваё другое «я». І я буду табой і днём, і ноччу. Я буду сачыць неадступна за табою, кіраваць тваімі дзеяннямі, – калі ты згодзішся на тое.
– Згаджуся – на што?
– Быць з намі. Быць вольнымі птушкамі цемры і начы. Мы – тыя, хто сцвярджае так, як і ты, што Бога няма, як і няма Святога Духа. Ёсць толькі Ноч. Ёсць цемра. Ідзі да нас. Мы павядзём цябе сваёй дарогай, дарогай ночы, дарогай месяца і зораў. Мы адкрыем перад табою шмат цудоўнага і дзівоснага, таямнічага і чароўнага. Ты будзеш рабіць і ўмець рабіць тое, што не ўмеюць звычайныя людзі. Ты будзеш вышэй над імі, і яны будуць служыць і падпарадкоўвацца табе.
– Як знайсці цябе?
– Нас і шукаць не трэба. На магіле сваёй маці, у горшчычку, ты знойдзеш патрэбнае – і ўсё зразумееш, як мяне знайсці...
Клуб стаяў на беразе возера, на грудку.
Некалі калгасны брыгадзір Донька распарадзіўся паставіць па ўсім беразе лаўкі – на два ўкапаныя, абавязкова дубовыя, слупкі прымацавалі тоўстыя дошкі, – але яны даўно струхлелі, нават падгнілі дубовыя слупкі, а абнавіць новаму калгаснаму начальству было неяк не з рукі – ніхто ж не патрабаваў тое рабіць; так яны ў засталіся напамінкам пра той вясёлы Донькаў час. То ён сам прыдумаў такое, бо быў вялікі выдумшчык на розныя штукі. З’ехаў даўно Донька з вёскі, падаўся на данецкія шахты, і ніхто не ведаў з вёскі – жывы ён хоць ці згінуў дзе...
З расчыненых дзвярэй ужо вырывалася на волю гулкая музыка – замежная мелодыя нейкага ансамбля запрашала на скокі хлопцаў і дзяўчат. Мо з вёскі ніхто і не ведаў пра такіх музыкаў, але рытм іх песні бадзёрыў, нараджаў ў душы вясёлы настрой.
– Дык ты не забудзеш пра сваё абяцанне? – напомніла Аксана перад тым, як увайшлі ў клуб, бо там яны павінны ўжо быць у паасобку.
– Не, не забуду...
Танцы ў клубе наладжваліся пад любыя музычныя струманты, але найбольш круцілі магнітафон ці радыёлу – ванілавыя кружэлкі. А здаралася, што Змітрок Пелікаў браў свой гармонік, ды да яго яшчэ далучалі бубен, які імпэтна хадзіў і звінеў у руках Рафаіла Крупы – калгаснага механізатара, – то тады дзяўчатам да раніцы нельга было супакоіцца пасля імпэтных полек...
Але ўсе любілі танцаваць пад гармонік Змітрака, бо ён быў гарманістам адмысловым – мог без пярэдыху граць суткі і двое.
Аксану запрашалі хлопцы, і яна кружылася лёгка і весела, але ўвесь час не-не ды і зіркане ў бок Вінцука, які сядзеў з хлопцамі ў кутку за сталом і іграў у карты. Да танцаў ён быў абыякавы, як і да дзяўчатаў.
«Калі ж ты падымешся з-за стала, цяльпук мой каханы, калі скінеш палярыну са сваіх вачэй – няўжо не адчуваеш, як маё сэрца імкнецца да цябе?..»
Ён як паслухаўся яе – аддаў некаму карты, падняўся з-за стала. Чакаў, мусіць, калі аціхне музыка, калі ўсе стануць каля сцяны ці пасядуць на свае месцы – на доўгія лаўкі. Калі ж тое адбылося, калі зайгралі новы танец – вальс, у Аксаны ёкнула радасна сэрца: «Ідзе! Няўжо да мяне?»
– Аксана Дарафееўна, ці можна вас запрасіць на вальс? – тэатральна, па-джэльтменску схіліў Уюноў перад ёю галаву ў паклоне, глядзеў некуды ёй пад ногі.
– Можна, Вінцук, можна! – як не ўсклікнула дзяўчына, усё яшчэ не верачы ў тое, што перад ёю ў паклоне схіліўся Ўюн. – Даўно чакаю, калі ты ўспомніш пра мяне...
І танцаваў ён неяк неахвотна ці не ўмеючы, але найбольш абыякава. Дзяўчына не пасміхалася з яго, сама яго вадзіла, кіравала танцам.
– Вінцук, а можа ты і другую маю просьбу выканаеш, раз такі шчодры сёння? – затоена спытала дзяўчына, паклаўшы руку яму на плячо, гледзячы на іншых танцуючых.
– Якую ж?
– Ведаеш, баязлівая я дужа. Асабліва ноччу. Таму дадому баюся ісці адна. Ці не правёў бы ты мяне на маю вуліцу?
Ён кіўнуў галавой:
– Ладна, правяду, раз хочаш.
– То і дзякую табе за тое.
– Ды няма за што.