Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Тое ўжо Людка зразумела, сеўшы, уражаная, на край ложка, спусціла ногі долу. Яна спужалася, А чаго, і сама не ведала. Аксана – гадалка? Чараўніца? А мо – вядзьмярка?! Яна ж усё ведае пра яе, усё чысценька, а першы ж раз сустрэліся. Яна чытала і чула яе думкі, яе словы? Як такое можа быць? І пра Славіка ведае, і пра Светку... А што са Славікам адбудзецца – што яна хацела пра яго сказаць? Страшна побач з ёю жыць. Але ж – сказала, як папярэдзіла, каб не баялася яе, кепскага больш не зробіць...
З расчыненых вокан танцавальнай залы вырывалася ў двор бадзёрая музыка, бубен падахвочваў: бух-бубух, бух-бубух!..
«Схаджу, мусіць, праверу, пераканаюся, ці не маніць мне мая суседачка, – адважылася Людка, сама сябе падахвоціла. – Але толькі я тады ёй поўнасцю паверу, калі словы яе спраўдзяцца, калі знайду свайго часовага абранніка, калі ў мяне зноў закружыцца, як і заўсёды, галава ад поспеху...»
Так, як перад гэтым, не прыбіралася, не выглядвалася і не круцілася перад люстэркам. «Калі праўду сказала мая суседка-чараўніца, то і навошта ж тады шчыраваць? Як той казаў, калі б не соплі, то прыгажосць бы замучыла... Пайду так, усё роўна нейкі ж вынік будзе...»
Хацела ўсё-ткі нешта сказаць Аксане – ці то словы ўдзячнасці, ці то згоды, але змоўчала – дзяўчына ляжала з зажмуранымі вачыма, павярнуўшыся да сцяны. Яе цела ледзь прыкметна ўздрыгвала, быццам ёй было холадна ці круціла ногі... Толькі падумала, стоячы побач, ведаючы, што пачуе яе: «Дзякуй, што горшага не зрабіла, і даруй-выбачай, калі так, што кепска пра цябе падумала - навука мне надалей будзе... Не крыўдуй на мяне, дурная баба я з плоцкімі жаданнямі... Не вінаватая, што мяне штодзённа д’ябал задавальнення спакушае, ну што я параблю, калі мне кожны дзень патрэбен мужчына, ды не абы-які, а Мужчына з вялікай літары, – працаўнік, жорсткі і пяшчотны адначасова...»
«Бач, паразумнела... Чалавек адразу разумнее, калі бяда да яго падкрадваецца. Добра, Людка, добра, дарую табе ўсё... Ідзі, весяліся...»
Але Людка тых Аксанавых слоў-думак не чула...
3.
Аксана Журавель у клуб ішла з тайным жаданнем сустрэчы са сваім аднакласнікам Вінцуком Уюновым – Уюном, як яго ўсе называлі ў школе. Мроілася ёй, што запрашаць танчыць ён будзе толькі яе, а потым яшчэ і правядзе дадому... І не толькі правядзе, а і пяшчотна абдыме, нашэпча-нагаворыць на вуха шмат патаемных слоў, прызнаецца ўрэшце рэшт у сваіх пачуццях...
У яе з самай раніцы быў узнёсла-радасны настрой; спявала і бунтавала душа, прасіла асалоды і пяшчоты. Усе дні, усе гадзіны, дно і ночы яе думкі былі запоўнены адным – марамі аб каханні. Вобраз Уюна не сплываў ні на адно імгненне з яе вачэй, – ён перад ёю быў пастаянна, сам нават не падазраючы пра тое...
У Вінцука светлыя непакорныя валасы, блакітныя вочы, сам дужы, пружыністы, вёрткі, – сапраўды як той уюн: прозвішча адпавядала целаскладу. Аксана радавалася за яго, калі ён пад час школьных спаборніцтваў скакаў вышэй за ўсіх, бегаў хутчэй за ўсіх... Перажывала, калі хлопцу не даваліся так лёгка, як фізкультура, задачкі па фізіцы ці хіміі, ды складанні на расейскай мове даваліся з цяжкасцю – невядома чаму. Нейкі абыякавы ён быў да Пушкіна і Лермантава, Горкага і Талстога... Казаў, што яны чужыя яго сэрцу, што іх творчасць не кранае яго душу... Затое кніжачку вершаў Максіма Багдановіча вывучыў напамяць ад радка да радка – мог, не задумваючыся, расказаць з яе любы верш. Тая кніжачка памерам з даланю была для яго Бібліяй, талісманам, які аберагаў яго ад няшчасцяў. Ніхто не разумеў яго любові да беларускага творцы-пакутніка, бо ўся сіла тамтэйшай педагогікі была скіравана на тое, каб зацьміць айчынных прарокаў-апосталаў, а ўзвысіць на недасягальную вышыню тых, якія пісалі на «великом и могучем»...
З маленькім томікам Вінцук не разлучаўся нідзе і ніколі – насіў штодзённа з сабою.
Тое і трывожыла Аксану, непакоіла. Яна адчувала, што кожны дзень у яго ўліваецца невядомая ёй сіла, якую, здавалася ёй, яна не зможа адолець, перамагчы. Тая невядомая сіла выпраменьвалася ад радкоў Пакутніка. У нейкі момант пачала адчуваць, што паміж імі стаіць Паэт, і ён пачынае яе адштурхоўваць, адпіхваць, і тое робіць незнаёмая ёй энергія, – і ён, Уюн, аддаляецца пакрысе ад яе, адрываецца ад яе біяполя, ад яе ўздзеяння...
«Мой Уладар, Настаўнік і Натхніцель! – шэпча, звяртаючыся да свайго пана дзяўчына, прыкладваючы рукі да грудзей, прымружваючы вочы. – Навучы, як пераадолець тую невядомую сілу, якая перашкаджае авалодаць душою майго абранніка. А без яго я не ўяўляю свайго жыцця... Ты адзін ведаеш, як тое можна зрабіць. Дай мне сваіх чорных сілаў, сваёй чорнай энергіі – і я зраблю тое, што задумала...»