Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Ён здзіўлена паглядзеў на яе, не разумеючы, ці то яна жартуе так, ці здзекваецца з яго ці нават з самой сябе, але нічога не сказаў, маўчаннем пацвердзіў згоду.
– Як пажываеш, Вінцук? – спытала ўжо спакойна і сур’ёзна, стараючыся ўтрымаць кволенькую нітачку духоўнай сувязі, імкнучыся прыцягнуць да сябе, звярнуць, урэшце рэшт, на сябе хоць нейкую ўвагу.
– Ды жыву... Як усе – і не горш, і не лепш. Нас такімі ж зрабілі – усіх пад адзін грабянец.
– Мне сказаць нічога не хочаш – нечага такога цёплага і інтымнага?
– Што – сказаць? Пра што?
Аксана загадкава ўсміхнулася, выставіла наперад акруглае калена, паправіла на сабе сукню, не выпускала з рукі галінку вішанніку. Ад яе патыхала чаромхай і невядомымі духамі – няўжо не здагадваецца, цяльпук няшчасны, што яна ўсё робіць, стараецца быць прывабнай і прыгожай толькі дзеля яго, Уюна.
– Ну хаця б прыдумаў які камплімент, схлусіў бы, што я самая прыгожая... ці што іншае. Ці цяляты табе язык аджавалі? Прачытаў бы радок-два са свайго любімага паэта.
– Навошта хлусіць? – паціснуў плячыма Вінцук, не разумеючы, куды хіліць дзяўчына, і што яна хоча-дамагаецца ад яго. – Я і сапраўды не ведаю, як ты выглядаеш. Не разбіраюся я ў гэтым, – прызнаўся шчыра хлопец, уздыхнуў, усміхнуўся.
– І я табе зусім-зусім не падабаюся? – прыкусіла язычок дзяўчына, стаяла перад ім і гарэзліва зазірала ў вочы. – Ніколечкі-ніколечкі?
– А чаму ты мне павінна падабацца? – зноў падзівіўся Ўюн, гледзячы ў яе шырока адкрытыя зеленцавата-жоўтыя вочы, і ў яго паглядзе не было ні цікаўнасці, ні затоенай злосці, ні тайнага жадання...
– Ды не табе асабіста, – як не рагатала ўжо Аксана з яго ніякаватасці, жмурылася, хавала вочы за густымі вейкамі-крыламі, – як я ўвогуле выглядаю з пункту гледжання мужчынскага полу... на фоне нашай вясковай прыроды, нашых забалацянскіх дзяўчат?
Ён стараўся не паказваць сваю злосць за яе дурныя пытанні, каб не пакрыўдзіць, не ўзлаваць яе, прамовіў:
– Вось у іх, мужчынаў, і папытайся – яны ў гэтым разбіраюцца дужа добра. А я што... яшчэ ніводнага разу і не цалаваўся з дзяўчынай...
Здзекаваўся, канечне ж, Уюн з Аксаны, не ведаў, як адбіцца ад яе, што зрабіць, каб адчапілася, каб не прыставала... Не ляжала ў яго душа да яе, не ляжала, хоць забі... Яна ж ведала пра тое, ведала, а нечага ж чапілася, лезла нахрапіста ў душу, не зважаючы ні на што.
– Тое і бяды, – зарагатала ўжо ад пачутых слоў, нечакана абняла яго і пацалавала ў губы, прытуліўшы хлопца да сябе.
Ён і не паспеў адхіснуцца, і стаяў, як укапаны, яшчэ больш падзівіўшыся яе смеласці.
– Ну, во, і паправілі тваю бяду ці недахоп, – не пераставала смяяцца Аксана, узяўшы ўжо яго пад руку, як усё роўна павянчалася з ім тым пацалункам. – Соладка, скажы, праўда соладка цалавацца, га? Цяпер ведаеш, чаму вар’яцеюць хлопцы і дзяўчаты ад кахання?
– Ох і ліса ты, Аксана, не ліса, а пантэра, – гэтак жа вясёла прамовіў Вінцук, не вырываючыся аднак ад рукі дзяўчыны – крочыў, як паказваў усё роўна, што яны могуць ісці вось так, трымаючыся адно аднаго.
«І нікуды ты, міленькі-каханенькі, не падзенешся – дарогі такой няма, па якой бы ты ўцёк ад мяне. Не вымасцілі яе, не пабудавалі... Ты не злы, ты проста няўмека, цяльпук, ты ж не ведаеш яшчэ і смаку дзявочых вуснаў, тым больш дзявочай начной інтымнай пяшчоты... Калі ж я дам табе асалоду, калі праглыну цябе сваім чароўным воблакам, і калі ты ўзляціш на дваццатае, а не на сёмае неба, калі страціш розум і адымецца ад вышыні палёту мова, – то тады я і стану для цябе і Сатаной, і Богам, і Небам, і Сонцам...»
– Ох і натанчуся я сёння! – радасна прамовіла Аксана, яшчэ мацней прыціскаючыся да рукі Вінцука, глядзела некуды наперад – усцяж вясковай вуліцы, на якую насоўваўвалася вечаровая шэрань...
У адказ хлопец нічога не адказаў.
Ён думаў над тым, што адбывалася, і чаму Аксана праяўляе такую настырнасць і настойлівасць – хоча вялікага кахання? З ім – Вінцуком? Моцна закахалася і цяпер хоча таго ж самага ад яго?
Не разумеў ён гэтага.
Лёсы Аксаны і Вінцука ў нечым падобныя.Аксана жыла з бабуляй, а ён з маці. У Вінцука загінуў бацька, калі хлопчыку было сем гадоў. І брат быў у яго, старэйшы, і ён, як і бацька, загінуў у арміі...
Аксаніна маці, Троня, усе ў вёсцы ведалі пра тое, была вядзьмяркай. Злой вядзьмяркай. Яе баяліся людзі, бо яна магла наслаць чорныя атрутныя стрэлы як на людзей, так і на хатніх жывёлін... Каровы малако нечакана пераставалі даваць, свінні есці, а то і зусім падохнуць... Гаспадар, Паўло, быў звер а не чалавек – біў штодня сваю жонку. Яна не захацела нараджаць другое дзіця, верацяном хацела забіць яго яшчэ да нараджэння, ды пашкодзіла нешта ўсярэдзіне, – колькі год, сцякаючы кроўю, праляжала ў ложку. Ніхто ёй не мог памагчы – ні яе вядзьмярства, ні бабкі-шаптухі, ні дактары...