Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Непахісным заставаўся, аднак, звычай, што замацоўваўся стагоддзямі: велізарнай, застыглай, як смальта на славутых візантыйскіх мазаіках, была ўлада севаста — імператара. Нават такога, якім быў Балдуін Другі — пастаўлены на трон сваім цесцем, славутым воінам дэ Брыенем, неабчасаны заходні рыцар, што прывык сячы баявой сякерай з усяго размаху. Аднак жа трыццаць тры гады, праведзеныя на троне, — і якім троне! — зрабілі з яго іншага чалавека. Ды што там чалавека — паўбога, чые выявы на залатых манетах — намісмах — нібы памнажалі яго самога, прымушалі візантыйцаў, нават самых нізкародных, нават у тавернах ці публічных дамах, паніжаць голас, гаворачы пра імператара.
… Жывена хутчэй пачула, чым убачыла, момант ягонага з'яўлення. Тут, у царкве, людзі не падалі на калені, хоць нават нізкі паклон перад ім у палацы быў не для ўсіх даступнай прывілеяй, гэтак жа, як і хваласпевы. Аднак усе схіліліся ў паклоне, а калі імператар пры ўваходзе ў царкву стаў на калені, тое ж зрабілі і астатнія. У той жа момант адначасна закурыліся кадзільніцы з духмяным ладанам, заспявалі на хорах пеўчыя, святар паднёс аўгусту чашу з вадой — Жывена заўважыла, як заззяў прамень сонца ў гэтай залатой чашы, калі імператар, па рымскім звычаі, абмыў у ёй пальцы.
Калі Балдуін Другі, цяжка ступаючы, пайшоў да труны, што стаяла на ўзвышшы, Жывена пачула, як шапталіся жанчыны аб тым, што ў маладосці ён быў закаханы ў прыгажуню Еўдакію. Ды ён, мабыць, і сам тады быў не з горшых. Нават цяпер, ужо сагнуты хваробамі і старасцю, ён быў высокі, нешта зухаватае было ў ягонай паставе, у рэдкіх кучаравых валасах, што выбіваліся з-пад кароны. Аднак твар быў апухлы, з мяшэчкамі пад вачыма.
Пастаяўшы колькі хвілін ля памерлай, севаст зняў з пальца пярсцёнак, паклаў на рукі нябожчыцы. Па царкве прашалясцеў уздых — гэта па даўніх, яшчэ язычніцкіх звычаях рабіць было няможна, іначай нябожчыца хутка прыйдзе па ўладальніка пярсцёнка, аднак ніхто не сказаў ніводнага слова. Магчыма, там, у франкскіх краінах, была такая завядзёнка, да таго ж хто змог бы пярэчыць самому аўгусту?!
Працягнуўшы руку для пацалунка Нікіфару (і зноў па царкве пайшло перашэптванне, бо прыдворныя высока ацанілі гэтую міласць), Балдуін пакінуў храм, і памінальная служба пачалася.
* * *
А назаўтра сабраўся ў дарогу Галдан Цэрэнхан. Коміт шчодра расплаціўся з ім: падарыў дзесяць залатых намісмаў, шаўковы ўсходні халат і саф'янавыя боты.
— Я адмоўлюся ад грошай, гаспадар, калі ты выканаеш абяцанне, дадзенае тваёю жонкай, — кланяючыся, паспрабаваў загаварыць аб Жывене лекар.
Нікіфар, які перад тым быў мяккім і сумным, выпрастаўся, вочы яго загарэліся.
— Мая рабыня не патрабуе тваіх клопатаў, лекар-чужаземец, — холадна адпрэчыў ён. — Ідзі, пакуль шлях яшчэ адкрыты для цябе!
— Ты гаворыш пра аблогу, якая вось-вось пачнецца? — зноўку пакланіўся яму Цэрэнхан.
Нікіфар апусціў вочы. Неспадзявана ён выказаў услых тое, аб чым шапталіся паўсюдна — чакаецца вайна. Ён амаль сілай увапхнуў у каравыя далоні лекара новенькія намісмы.
Пяць з іх Галдан аддаў Жывене, хаця яна супраціўлялася і не хацела браць.
— Мне даволі і паловы, каб дабрацца да радзімы, — нарэшце цвёрда паставіў на сваім лекар. Жывена глядзела на яго з любасцю.
— Што ты цяпер будзеш рабіць у сваёй снежнай краіне?
— Тое, што і тут — дапамагаць людзям. Пакручастыя звівы кармы, не кожнаму дадзена асэнсаваць свае шляхі. Але я веру, што ў рэшце рэшт усе мы зможам зрабіць гэта. Іначай чалавецтву пагражаюць вялікія беды.
— Ты палохаеш мяне, Настаўнік!
Яго твар азарыўся радасцю.
— Можа, і сапраўды я, недастойны, нечаму змог цябе навучыць. Але і ты дапамагла мне ўбачыць свет па-новаму. Дык дзякуй табе за гэта. Я мог бы сказаць — сустрэнемся ў новых нараджэннях, але лепей пажадай, каб я ніколі больш не прыходзіў на гэтую зямлю, каб вызваліўся ад пакутлівага кола нараджэнняў*.