Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 76 77 78 79 80 81 82 83 84 ... 140
Перейти на страницу:

* Філасофія будызму, заснаваная на тым, каб у гэтым жыцці пазбавіцца новага нараджэння як крыніцы пакут.

— Я прымаю жыццё як шчасце, у тым розніца між намі. Таму пажадай мне зноў і зноў усё ж вяртацца сюды. Хаця б пялёсткамі лілеі. Хаця б костачкай вось гэтай алівы. Хаця б… ну проста прыходзіць, і ўсё!

І зноў пасвятлеў, як пры словах дзіцяці, суровы і жорсткі, як адзінокая закарэлая сасна над безданню, падарожнік. А пасля павярнуўся і лёгка пакрочыў па мяккай пыльнай дарозе — невысокі, каржакаваты, у суконным балахоне і са скураной торбай за плячыма, дзе ляжалі саф'янавыя боты і шаўковы халат. Цяжкія ліловыя гронкі позняга вінаграду схіляліся над сцяжынай, якая вяла ад спакуслівай сталіцы сталіц у далёкую краіну, якую называлі «Дахам свету»*.

* Тыбет.

Яна адчула вялікую тугу — ніколі, ніколі не пабачыць яна загадкавыя будыйскія храмы, дзе звіняць званочкі, адганяючы злых духаў, дзе на тоўстых касматых жывёлінах прабіраюцца скрозь аблокі над галавакружнымі безданямі падарожнікі і дзе шмат дзівосаў, якія застануцца невядомымі…

Калі гэтая бясконцая дарога нібы растварыла ў сабе Галдана Цэрэнхана, Жывена апусцілася на прыдарожны валун, і словы, якія яна так і не сказала гэтаму маўкліваму, вонкава няўклюднаму чалавеку, гэтаму мудраму лекару з Паднябесся, зашчымелі ў грудзях так раптоўна і балюча, што перахапіла дыханне. Няўжо праўда, што самая моцная, глыбокая роднасць бывае не па крыві? Дарагім стаў ёй не родны бацька, а Святазар. Блізкім стаў і гэты, раней зусім незнаёмы чалавек. І кволае немаўля, якое яна ўратавала ад смерці.

Доўга сядзела яна на валуне, але давялося ўстаць і ісці назад, у дом пад чырвоным чарапічным дахам, дзе чакала невядомае Заўтра. Было яно пакуль бязрадасным — так падказвала сэрца.

Так і сталася. Слізкай жабкай паскакалі дні, яе ні на хвіліну не пакідалі адну. Нават уначы. Калі Жывена аднойчы наважылася выйсці ў сад, нячутна ўзнікла ля яе постаць спафарыя — ахоўніка-мечаносца, што заўсёды суправаджаў Нікіфара. Спафарый ішоў за ёю не хаваючыся, адказваючы коратка на яе папрокі: «Так мне загадаў гаспадар». Ісці скардзіцца на яго Нікіфару Жывена не рашалася. Яна баялася размовы, якая магла ўзнікнуць паміж імі. Нясказанае слова як бы не існуе, і ёсць яшчэ магчымасць зрабіць выгляд, што і не здагадваўся на яго. А сказанае прымушае да дзеяння.

Час ад часу ёй прыносілі падарункі. Без слоў. Проста слуга клаў на ложак круглае бронзавае люстэрка. Альбо каралі з каштоўнага рыбінага зуба*. Альбо шкатулку для ўпрыгожанняў — сандалавае дрэва было аздоблена цудоўнай разьбой. Яна складвала падарункі на паліцу, каб было бачна, што яна імі не карыстаецца. Каб заняць час, ішла ў бібліятэку — адзін з продкаў Нікіфара купляў кнігі ў скрыпторыі, дзе іх перапісвалі для імператарскай бібліятэкі, таму ў скрынях і на паліцах ляжала лепшае, напісанае ў Візантыі. І заўсёды, нават калі не бачыла нікога, адчувала, што нехта крадзецца следам.

* Маржовая костка.

Аднойчы ў бібліятэку прыйшоў Нікіфар. За два тыдні, якія прайшлі пасля смерці жонкі, ён схуднеў, але гэта пасавала яму: вочы пабольшалі, прапала азызласць. Белая шарсцяная хламіда, перакінутая цераз плячо, звісала ззаду на спіне. Жывена ўскочыла, нізка пакланілася. Але ён жэстам спыніў яе:

— Ты тут не рабыня. Не кланяйся мне болей.

— Але тады хто я, гаспадар?

Коміт не адказаў. Ён падышоў да стоса кніг, якія ляжалі на палісандравай паліцы, выбраў адну. Прачытаў на памяць:

Як падобныя бездані мора і жыццяў: салёная горыч,

Цемра і морак; ціш у гавані толькі на міг.

Мора пазбегнеш, але кожнаму дэман адмерыць

Буры мірскія — яны жахаў прыносяць не менш.

— Хто гэта, ведаеш? — І, не чакаючы адказу, прачытаў імя, напісанае на вокладцы: — Кірыёт. Іаан Кірыёт. Калісьці ў школе мы цытавалі яго ледзь не на кожным уроку. А вось «Арганон» Арыстоцеля, Эўклідава «Геаметрыя». Вы там, у паўночнай краіне, чулі такія імёны?

— Пры нашых храмах таксама існуюць скрыпторыі, толькі называюцца яны іначай. Нашы летапісцы таксама перапісваюць усе падзеі, каб пакінуць нашчадкам. І ты забываешся, высакародны коміт, што ўжо тры стагоддзі ідзе па нашых землях хрысціянскае вучэнне, якое прыносілі і з Усходу, і з Захаду, — Жывена зноў пакланілася Нікіфару.

— Але ты не хрысціянка. Адкуль жа ты ведаеш грэчаскую мову і нават санскрыт?

— Дзед мой жыў тут, у Грэцыі. У нашым жа храме так доўга, што ўжо ніхто і не ведае, колькі, усё яшчэ жыве старадаўняя мудрасць арыяў. А яна, высакародны коміт, яшчэ старажытнейшая, чым нават славутая на ўвесь свет візантыйская…

1 ... 76 77 78 79 80 81 82 83 84 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)