Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Праз імгненне ў Друцкага з’явілася непераадольнае жаданне пакланіцца паводле ўсіх правілаў добрага тону, але ён стрымаўся.
Зачыталі акт абвінавачвання.
Старшыня суда, адвакат Турчыньскі, мілы сівы мужчына з інтэлігентным выразам твару, нервовы, шчуплы суддзя Пшчулкоўскі, які нагадваў сароку, і дакладчык справы, тоўсты, пануры пан суддзя Гум з крывымі жоўтымі зубамі, нібы ў злога бульдога.
— Гэты пап’е з мяне крыві, — шапнуў Друцкі на вуха адвакату.
— Гум? Вы памыляецеся. Гэта чалавек з вялікім сэрцам. Каласальнай дабрыні. Найгоршы з іх — Пшчулкоўскі.
Друцкі некалькі разоў злавіў на сабе пільны погляд юрыста-стажоркі і паглядзеў на Аліцыю.
Аліцыя не адрывала вачэй ад папер.
«Не можа быць, каб яна мяне не пазнала», — быў упэўнены падсудны.
На стале ляжаў пакет з морфіем: рэчавы доказ.
«Ах, гэта дурніца Казя!»
Як жа хутка ён мог пазбавіцца ад абвінавачвання: дастаткова было б шапнуць некалькі слоў Колдынгеру!..
Друцкі глядзеў на Аліцыю. Каменны спакой, пад якім схавана цэлае пекла тэмпераменту. Навошта яна яго адштурхнула?..
— Падсудны Ян Вінклер! — пачуўся голас старшыні. Імя, прозвішча, узрост… Грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі, нарадзіўся ў Дэтройце, капітан ваенна-марскога флоту Злучаных Штатаў, пазней гандлёвага флоту, на дадзены момант гандляр, уладальнік прадпрыемства грамадскага харчавання «Аргенціна» ў Варшаве. Сваю віну не прызнае. Як можа патлумачыць знаходжанне ў яго кабінеце пакета з морфіем?.. Вельмі проста. Нехта падкінуў. Па якіх матывах?.. Можа, зайздрасць канкурэнтаў, магчыма, жаданне асабістай помсты, а можа, проста жарт… свавольства…
— Ці ёсць пытанні з боку абвінавачвання і з боку абароны?
Канечне. Пракурорка Аліцыя Горн пытаецца, ці прыходзіў падсудны ў сваю ўстанову з пакетамі? — Так. — Часта?.. — Даволі часта прыносіў сабе папяросы, кнігі…
— Ці мела «Аргенціна» ліцэнзію на продаж папяросаў? — Мае. Але падсудны курыць іншыя. — У падсуднага было шмат абавязкаў у клубе? — Так. — Значыць, у яго не было вольнага часу? — Не было, ці было вельмі мала. — Калі ў такім выпадку ён чытаў прынесеныя кнігі? — Забіраў іх назад у атэль. — Падсудны сцвярджае, што морфій падкінулі са злымі намерамі. Падсудны нікога не падазрае? — Не. — Дык хто гэта мог зрабіць? — Можа, хтосьці дзеля жарту.
Сыпаліся халодныя кароткія пытанні, вымаўленыя голасам, які гучаў, як сталь, што стварала бліскавічныя і дакладна вымераныя штуршкі.
Друцкі адказваў спакойна. Яго нізкі барытон ні разу не здрыгануўся, хоць ён ясна ўсведамляў, што кожным адказам ён звязвае сабе рукі, што кожнае пытанне — гэта нібы дробны ўкол. Адзін за другім, уколы ўтвараюць цэлы шавок, які працінае яго абарону.
Досыць будзе потым моцнага рыўка — і ад яе застануцца шматкі.
А пытанні ўсё гучалі. Дасціпныя, удумлівыя, на першы погляд, бяскрыўдныя. Яны асаджалі яго з усіх бакоў, замыкалі ўсе дзверы для адступлення. І затрымаліся, нерухомыя, празрыстыя і непраходныя, як загародкі з калючага дроту.
— Дзякуй. Я скончыла.
У зале запанавала глыбокая цішыня.
«Яна мяне ненавідзіць, — падумаў Друцкі. — І за што?»
Пачаў пытацца адвакат. Ён быў бледны, вусны яго лёгка дрыжалі. Яго проста абяззброіла харызма праціўніка. Ён не выйграў у гэтай бабы ніводнай справы, а гэту можна было б выйграць!
Пачалася новая серыя пытанняў. Друцкі адказваў з роўным спакоем. Ён ніколі не меў справы з наркотыкамі. Сярэдні даход ад «Аргенціны» значна большы, чым яму трэба на выдаткі, кнігі ён купляў часцей за ўсё пасля абеду, за столікі прысаджваўся, але ніколі нічога нікому не ўручаў, ды і ніякіх грошай не збіраў, у кабінет мог трапіць на момант нават хтосьці з гасцей…
Ён адказваў, але адчуваў, што загародкі, пастаўленыя гэтай прыгожай жанчынай, той, якая ўсёй душой яго ненавідзіць, не зварухнуліся.
Допыт сведкаў. Зноў яе раздражняльны металічны голас. Бармен Грабоўскі, швейцар, старшы афіцыянт Вжосэк. Даюць паказанні, што Друцкага любіў не толькі персанал, але і госці. Ці мог хтосьці трымаць на яго злосць? Добрыя людзі кажуць: барані божа. А ў яго пакеты ніхто не зазіраў. Дырэктар Вінклер кажа, што там былі кнігі ці папяросы, дык, відаць, так і было. А ці браў ён папяросы з бара? — Часам браў. — Як часта? — Ну, раз на тыдзень, можа, два. — А можа, і тры? — Можа.
Колдынгер выцягвае з іх, што дырэктар заўсёды быў вясёлы, прыемны, добразычлівы да работнікаў, справядлівы, што не быў скнарам, што ніхто не бачыў, каб ён уручаў гасцям якія-небудзь пакеты ці браў грошы.