Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Крыўда на сэрцы мацнела, шырылася, злосць на ўсіх нарастала ўсё больш і больш, – і ў яе ўжо было жаданне плюнуць на ўсё і ўсіх, ды з—ехаць ад гэтага месца далей – куды вочы глядзяць...
Да канца танцаў-скокаў не дабыла. Неўпрыкмет выйшла, і яе ніхто не спыніў, не вярнуў – як і не было яе зусім у танцавальнай зале.
Распранулася, легла ў ложак, адвярнулася да сцяны. Не хацела бачыць, як прыйдзе Аксана, як шчасцем ці светласцю будуць свяціцца ў яе вочы, як здзекліва будзе глядзець на яе, Людку: ведама ж, бачыла, што ніхто – ніхто! – не запрасіў яе за вечар танцаваць – нават і ніхто з жанчын... А самой запрасіць дык і сорамна ўжо было.
У суботу, на наступны вечар, усё паўтарылася.
Перад люстэркам Людка правяла гадзіны з тры, прычапурвалася, апырсквала сябе дарагімі французскімі духамі. І сукенку адпрасавала, што ніводнай складачкі не пакінула, і броўкі падвяла, і вусны адмысловай памадай аздобіла – фея ды і толькі! А выйшла тое ж – нікога не кранула сваёй прыгажосцю, хаця ж, калі шчыра, яна і сапраўды выглядала ніштавата і выдзялялася з агульнай грамады як тварам, так і станам. Жанчына яна была, так бы мовіць, у самым саку...
А яе суседка па пакоі не магла адбіцца ад кавалераў – танцавала і танцавала, ніводнага разу не кінуўшы позірк у бок Людмілы Дамінікаўны.
Аксана прыйшла пазней, як Людка ўжо ляжала ў ложку. Яна не ўключала святло, каб не пабудзіць ці нават патрывожыць жанчыну, не пакрыўдзіць яе познім прыходам.
Людка ж не спала.
Яе душылі слёзы. І доўга да яе не ішоў сон. Пад раніцу толькі ўдалося звесці вочы.
Добра, што сядзелі не за адным сталом – іх размясцілі ў розных кутках вялікай залы, – а то нагаварыла б ёй Людка крыўдных слоў, ой нагаварыла б, век бы помніла...
Пакой Аксана пакінула тады, як Людка яшчэ спала.
І ў нядзельны вечар было тое ж самае: прастаяла на адзіноце Людміла Дамінікаўна і паўгадзіны, і гадзіну – ніхто не адгукнуўся на покліч яе збалелага сэрца. Са слязьмі на вачах ішла да свайго пакоя, не бачачы дарогі. Такога правалу ў сваёй дзейнасці па заваяванню мужчынскіх сэрцаў, жанчына не мела ніколі. Месца аказалася як зачараванае. Як не для яе прызначалася. Як хто злы на яе прырабіў такое...
І – змірылася. Змірылася, праглынуўшы горкую пілюлю няўдачы, і тады ж вырашыла: ні на якія танцы яна больш не пойдзе – хопіць з яе такой ганьбы, што ўпару скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Усё. Лепш пахадзіць па бярозавым гаі, надыхацца ўволю чыстым паветрам, якое на добрай адлегласці знаходзіцца ад чарнобыльскай зоны...
У суботу зноў меўся адбыцца танцавальны вечар.
Пасля вячэры прыйшлі разам у пакой. Людка ўнурылася ў сябе, не размаўляла з суседкай, хаця ёй і карцела пагаварыць, перакінуцца словам-другім, каб развеяць нуду. Калі ж Людміла Дамінікаўна прылегла на пакрывала, каб перад шпацырам прывесці свае думкі ў стройны і лагічны рад, і папыталася ў яе Аксана, сеўшы побач на ложак, адкінуўшы ўсялякі этыкет:
– Ці пойдзеш ты, Людка, сёння на скокі?
«Чаму пытаецца? - падумала жанчына, пачуўшы нейкія іншыя ноткі ў голасе – і на «ты», і «Людка», як быццам даўнія сяброўкі яны. – Што хоча ад мяне?»
– Ды што хадзіць – ніхто не запрашае, – як паскардзілася, як павінавацілася суседцы па пакоі, і голас нават уздрыгнуў, і пад вейкамі запякло...
– Вось што я табе скажу, Людка, – мяккім голасам загаварыла Аксана. – Сёння ты ідзі на скокі... Ідзі. Сёння – можна. Сёння – усе твае кавалеры. То я іх да цябе не падпускала тры вечары. Бо ты тады, як выйшлі з аўтобуса, кепска падумала пра мяне. Словы «замухрышка», «нос гарбылём»... Шчасце тваё, што ты больш агідных слоў не падабрала да мяне, то я тады ніколі не зняла б з цябе закляцце. Ды не такое, як цяпер, а... Ды ладна... Пашкадавала я цябе. Не так даўно ты засталася без мужа. Сына і дачку маеш. Сын у арміі. У дачкі ўсё добра будзе, а вось у сына... Ну ды ладна, то ўжо не маё... Ідзі, Людка, ідзі сёння на скокі. Сёння ўсе мужчыны будуць падаць перад табою на калені... І ня бойся мяне, табе больш нічога кепскага не зраблю... Танцуй, весяліся...
І паклала руку на лоб, патрымала колькі імгненняў, – зняла свае чары і ўздыхнула з палёгкаю, як груз нябачны з сябе скінула. Пайшла да свайго ложка, легла, паказваючы, што нельга з ёю цяперака гаварыць, чапаць нельга яе...