Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Думкі яе зноў перайшлі да бацькі, Міндоўга.
Колькі крыві праліў і ён па дарозе да Новагародскага трона! І хоць нашмат меншае ягонае княства, а непакорныя князі самі ўздымалі смуту, ці апраўдаецца ён перад багамі за тыя смерці? Ці ўладару, які збірае пад адну руку землі, каб стварыць магутную дзяржаву, даруецца тое, што недаравальнае для простых смяротных? Бо сабраныя ў адно людзі збіраюць у адно і слабыя парывы свайго духу, а менавіта з яго, духу, і ствараецца над той ці іншай краінай ахоўнае покрыва. Над магутнай краінай яно таксама магутнае, вось толькі трэба, каб не азмрочваўся той покрыў злом і няпраўдаю. Можа, і даруюць багі Міндоўгу, а значыць, і ягоным дзецям, бо хто ж, як не дзеці, нясе на сабе і ў сабе, у сваёй крыві, бацькаву віну ці бляск подзвігаў?
Чаму ўсё больш здаецца ёй, маленькай часцінцы свету, такога далёкага ад гэтай вялізнай, славалюбнай, пышнай Візантыі, што ў агромністым покрыве над гэтай «сталіцай сталіц» распаўзаюцца чорныя плямы тлену?
Вялікая царква не змагла змясціць усіх, хто прыйшоў паглядзець на нябожчыцу, а яшчэ болей, мабыць, на самога імператара Балдуіна Другога — разнесліся чуткі, што ён прыйдзе на адпяванне. Мноства народу чакала яго ля царквы, і тут, у храме, неўзабаве таксама стала цесна. Жывену як аднесла да самага алтара, і яна бачыла, як напружана трымаюць натоўп раўдухі* — іх твары заставаліся спакойнымі, але пачырванелі ад натугі, а за іх плячамі, і нават звешваючыся з-за іх, стаялі знатныя візантыйцы — у шаўковых каптанах, вышытых выявамі залатых звяроў, а іхнія жанчыны ў бліскучых туніках, на якія з галоваў звешваліся жалобныя чорныя шалікі, пад якімі, аднак, блішчалі дыяманты. Без каштоўных камянёў у прапаломе — прычосцы для ўрачыстых выхадаў — не абыходзілася ні адна з жанчын, чые мужы мелі высокія рангі, толькі цяпер абавязковыя белыя вуалі яны замянілі на чорныя. Аднак перашэпты іхнія былі не аб смерці, а тычыліся таго, што хвалявала ўсіх: апошніх навін пры двары. Азіраючыся на суседзяў, ціха, намёкамі, шапталіся і аб тым, ці скончыцца, нарэшце, шасцідзесяцігадовая ўлада лацінян, якія захапілі Візантыю хітрасцю і сілай, прыкінуўшыся саюзнікамі. Цяпер уздымалася ваеннай сілай, узвышалася частка былой імперыі — Нікея, там гартаваў сілы мужны і ўдачлівы военачальнік Міхаіл Палеолаг. Ён ужо амаль падпарадкаваў другую частку расколатай лацінянамі Візантыі — Эпірскае царства, і ўсё мацнейшымі рабіліся размовы аб тым, што немінуча пойдзе Палеолаг на сталіцу, каб вярнуць Візантыі былую веліч і адзінства. Новы 1262 год ад нараджэння Хрыстова абяцаў быць для гэтага спрыяльным, у некаторых цэрквах ужо адкрыта маліліся за будучую перамогу Палеолага, хаця гэта ўсё яшчэ было небяспечна. Грэчаскія ж святары, якія падтрымлівалі лацінян, з трывогай думалі аб будучым, гэтак жа, як і знатныя візантыйскія чыноўнікі, якія не пажадалі тайна дапамагчы войску Палеолага, а спадзяваліся на ваенную сілу лацінянаў і на падтрымку рымскага папы.
* Воіны, што выконвалі «паліцэйскія» функцыі ў палацы і ў час выездаў імператара.
Раскол паміж патрыётамі, што не жадалі прызнаць франкскіх рыцараў за патомных пурпурародных, і тымі грэкамі, якія звязалі свой лёс з заваёўнікамі, жадаючы багацця і аўгусцейшай ласкі, павялічваўся з гадамі, асабліва апошнім часам, калі севаст Балдуін Другі стаў браць на высокія пасады патомных грэкаў і даў многія прывілеі праваслаўным святарам. Ягоны папярэднік, Балдуін Першы, гвалтоўна прызначыў патрыярхам свайго сябра, венецыянца Тамаза Марасіні, і гэта былі горкія часы для праваслаўных. Аднак цяпер многія роды парадніліся з заваёўнікамі праз шлюбы, і паступова прышлыя рыцары як бы раствараліся ў салодкім, ліслівым, велікапышным жыцці магутнай сталіцы рамеяў. Яны яшчэ нібыта строга прытрымліваліся сваіх франкскіх альбо нямецкіх парадкаў: так, зямля, ленны рыцарскі надзел пераходзілі па спадчынным праве толькі старэйшаму сыну, у той час як у знатных грэкаў — архантапулаў — зямля перадавалася пароўну дочкам і сынам. Яны лічылі сваім кроўным абавязкам абарону палаца і самыя важныя — паліцэйскія альбо ваенныя — функцыі, хадзілі маліцца ў каталіцкія храмы. Аднак для іхніх дзяцей часам больш звыклай рабілася царква, і шлюбы ладзіліся па ўсходнім і заходнім абрадах адначасна, калі прышлы браў мясцовую.