Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 73 74 75 76 77 78 79 80 81 ... 140
Перейти на страницу:

* Так у славян называўся Млечны Шлях. Чагір — зорка Венера.

Жывена, убачыўшы мёртвую гаспадыню, ускрыкнула.

— Цішэй, дух яе спалохана блукае ў цемры паміж зданяў, - перасцярог Жывену лекар. — Ты павінна ведаць, што пры нябожчыках нельга плакаць і жахацца.

Аднак сам гаспадар, што прыбег да мёртвай жонкі, заплакаў, абшчаперыўшы яе тонкае, амаль бязважкае цела. Калі ж Жывена падышла да Галдана Цэрэнхана і шэптам запыталася ў яго, калі будуць абмываць нябожчыцу, гаспадар раптам падняў галаву і дзіка закрычаў:

— Тут распараджаюся я, а не нявольнікі!

— Па абяцанні гаспадыні яна атрымлівае вольную, — ціха прамовіў тыбецец.

— Не дачакаецца яна вольнай. Застанецца навекі тут, у Візантыі! — выкрыкнуў коміт.

У Жывены падкасіліся ногі, у галаве памуцілася. Пераход ад надзеі да роспачы быў ашаламляльным, і яна не вытрымала — слёзы пырснулі з вачэй. Лекар, суцяшаючы і, відавочна, баючыся яшчэ горшых для яе наступстваў, абняў дзяўчыну за плечы. Але яна несціхана плакала, стоячы ў куце і гледзячы на нябожчыцу. Здавалася ёй, што імкліва нясе яе ў чорную бездань, адкуль не выбрацца ўжо ніколі. Плакала, не звяртаючы ўвагі на мітусню, што ўсчалася навокал. Тады Галдан Цэрэнхан уладна ўзяў яе за руку і павёў прэч. Яна ішла, спатыкаючыся і ўсхліпваючы. Ён пасадзіў яе на лаву, моўчкі сеў побач. Чакаў.

…Чарната, якая ахутала яе, паволі пачала праясняцца. Жывена падняла галаву, зірнула на тыбетца і адвярнулася, саромячыся. Ды ён не стаў нічога гаварыць, толькі любоўна паклаў сваю каравую руку на яе золатавалосую галаву. І тады зноў хлынулі слёзы, толькі гэта былі ўжо слёзы палёгкі і падзякі.

Ніколі пасля не забывалася Жывена на гэтую хвіліну, заўсёды, калі нехта прыходзіў да яе са сваёй бядой, успамінала тую раніцу ў Візантыі, белую мармуровую дарожку, над якой кружыўся жоўта-празрысты ліст платана, і малінавую зару з-за вастраверхіх аліваў, асабліва ж момант, калі скамечаную душу яе, нібыта ліст пергаменту, расправіў сваім дотыкам чужаземны лекар.

Яна выцерла вочы, слаба ўсміхнулася Цэрэнхану і моўчкі пайшла да хлопчыка, каб пакарміць яго. Зноў цалюткі дзень прыйдзецца завіхацца, цяпер ужо ля мёртвай гаспадыні, каб і ў труне выглядала яна так, як належыць жонцы коміта, члена імператарскага сінкліта, які займаў там не апошняе месца*.

* У Візантыі існавала строгая іерархія чыноў і рангаў — усяго 15. Носьбіты першых 12 уваходзілі ў склад сінкліта.

Хлопчык усё яшчэ спаў у сваёй улюбёнай позе — скруціўшыся скрутулькай. Не стала будзіць яго — папросіць прыгледзець яго кагосьці з дзяцей Саліма, толькі паўглядалася ў ружовы са сну тварык, бялявыя валосікі над спацелым лобікам. І адчула, як вяртаюцца сілы, жаданне жыць і змагацца. З тым і пайшла ў новы, невядомы дзень, насустрач сабе, будучай, таксама невядомай, бо кожны дзень — не толькі згуба, але і набытак. Толькі вось ведаць бы, якім будзе той набытак…

Еўдакію адпявалі ў Касмідыі, у царкве Бессярэбранікаў, пабудаванай аўгустам Міхаілам IV больш чым два стагоддзі назад. Жывена атрымала ад аканома разам з кавалкам дарагой тканіны строгі загад быць у царкве і не магла запярэчыць, хаця ёй давялося амаль цэлую ноч сядзець над жалобным уборам, робячы вялікую чорную накрыўку з падоранага байбэрэка — кручанага шоўку. Такая шчодрасць з боку гаспадара была ўжо заўважаная слугамі, дзяўчыне было прыкра адчуваць іх зацікаўленыя позіркі. Таму яна пастаралася забіцца ў самы кут, што дало ёй магчымасць добра агледзець сапраўды велікапышнае ўбранства царквы, адной з многіх гэткіх жа славутых і багатых у Цар-горадзе. Нават ужо аслабленае блізкай непагаддзю сонца і цяпер, у канцы другога месяца новага года, шчодра лілося скрозь высокія вокны, ззяла на сценах залатая смальта мазаік, а каштоўныя камяні, якімі шчодра аздоблены мармуровыя сцены і падлога, іскрыліся тысячамі адценняў, ад чаго сама царква здавалася незямной. Надзіва гарманічная, яна, здавалася, была задуманая не звычайнымі людзьмі, а нейкімі вышэйшымі істотамі.

— Ці не такое ваша светлае жытло, сонечныя Ашвіны? — уражаная хараством, думала Жывена. Але калі вочы яе апусціліся, позірк упаў на саркафаг, што стаяў амаль побач. На цёмна-зялёнай бакавіне — мабыць, труна была з яшмавага каменю — можна было разгледзець надпіс. Яна з цяжкасцю складала літару да літары.

Дык, значыць, гэта ён, няшчасны ўладар Візантыі, які пакутаваў ад страшнай, невылечнай хваробы і памёр зусім маладым, Міхаіл IV! Яна ўспомніла, як маладая грачанка чытала Еўдакіі «Хранаграфію Міхаіла Псела», дзе апавядалася пра многіх валадароў Візантыі, чый шлях да трона быў заліты крывёю ахвяр. А пасля самі яны рабіліся ахвярамі іншых, гэткіх жа прагных і бессаромных. Брат прыдворнага еўнуха, упадабаны шасцідзесяцігадовай імператрыцай Зояй, гэты чалавек, які ляжыць цяпер у кутку царквы, пераступаў клятвы, быў каханкам не каханай ім севасты, урэшце дапамог ёй выбавіцца ад мужа, Рамана III. Як там было ў Псела? Здаецца, вось як: «Яны спачатку адурманілі імператара зёлкамі, а пасля падмешвалі яму ў ежу і чамярыцу». Пабыўшы ж, у сваю чаргу, на троне, смяротна хворы Міхаіл IV спрабаваў вымаліць здароўе і будаваў гэтую царкву з шалёнай надзеяй на дараванне. Сюды прыйшоў напярэдадні смерці і, плачучы, стаяў на каленях перад гэтым вось алтаром, прасіў, каб пахавалі яго тут, у царкве. А Зоя, севаста, шасцідзесяцігадовая ўладарка Візантыі? Пасля гэтага хлопчыка-мужа ў яе быў яшчэ і Канстанцін IX Манамах. Яна таксама была няшчаснай, прагна хацела тую радасць, якую маюць самыя абяздоленыя — дзіця. Ды ўсё роўна памерла бяздзетнай…

1 ... 73 74 75 76 77 78 79 80 81 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)