Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Калі тое было? – спытаў Піпін.
– Пяць дзён таму, – адказаў Арагорн.
– Ну, падлічым, – сказаў Мэры, – пяць дзён таму, так, гэта калі мы ўжо былі ў той частцы расповеду, пра які вам анічога не вядома. Мы сустрэлі Дрэвабарода раніцою пасьля бойкі й наступную ноч правялі ў Крынічнай залі, адным зь ягоных прытулкаў. Ранкам мы выправіліся на энтаву раду, збор энтаў, іншымі словамі, і гэта – адна з найдзівосьнейшых рэчаў, якія я бачыў у жыцьці. Цягнулася яна ўвесь той дзень ды йшчэ наступны, а начавалі мы ў жытле энта зь імем Хуткасьцень. А тады, на трэці дзень пасьля полудня, энтаў разам прарвала. Тое дзіўна было бачыць. Увесь лес пачуваўся такім напружаным, нібы ў ім дасьпявала навальніца, а тады разам і выбухнула. Калі б вы чулі песьню, зь якой энты шыхтавалі!
– Калі б яе чуў Саруман, ён зараз быў бы за сто вёрстаў, нават калі б бег на ўласных нагах, – дадаў Піпін.
– Там нашмат болей было. А значная частка ўвогуле бяз словаў, толькі нешта падобнае да гулу рагоў ды біцьця барабанаў. Надта шалёны сьпеў. Але, я думаў, гэта толькі такая вандроўная музыка, ня болей за тое. Пакуль сюды не дабраліся. Цяпер ведаю лепей.
– Мы перавалілі апошні хрыбет і спусьціліся ў Нан Курунір уначы, – працягнуў расповед Мэры. – Тады я ўпершыню адчуў, што лес рухаецца за намі. Падумаў – бачу энцкі сон, але Піпін заўважыў таксама. Мы абодва пералякаліся, што да чаго скемілі значна пазьней. Гэта былі гаворны, нейк так энты іх клічуць на "кароткай мове". Дрэвабарод пра іх ня надта распавядаў, але яны – гэта энты, якія зрабіліся зусім як дрэвы. На першы погляд, ва ўсялякім разе. Яны стаяць там і тут у лесе, маўклівыя, бясконца назіраюць за дрэвамі, а ў далёкіх змрочных лагчавінах іх сотні й сотні. У іх вялікая моц, і яны, здаецца, здольныя агортваць сябе ценем падчас руху, і таму цяжка заўважыць, як яны перасоўваюцца. Але яны рухаюцца, яшчэ як! Надта хутка, калі раззлуюцца. Вось стаіш, тарашчыш вочы на нябёсы ці слухаеш, як шапоча вецер, і зьнянацку ты – у самым гушчары, і вакол вялізазныя пагрозьлівыя дрэвы цягнуцца схапіць цябе. Яны яшчэ захавалі галасы й здольныя гутарыць з энтамі, – таму іх і клічуць гаворны, як Дрэвабарод кажа, – аднак зрабіліся яны шалёныя й дзікія. Надта небясьпечныя. Жудасна й падумаць, каб іх напаткаць, калі сапраўднага энта няма побач.
I раньняю ноччу мы ціхенька спусьціліся па вузкай лагчавіне верхняга краю Чараўніковай даліны, энты й усе іхнія шапатлівыя гаворны сьледам. Мы іх, вядома, ня бачылі, але ж паветра ажно пашчыльнела ад скрыгату. Цёмна было, ноч хмарыстая. Гаворны рушылі зь вялікай хуткасьцю пасьля таго, як спусьціліся з гор, і шамацелі, як вецер у галінах. Месяц так і ня глянуў з аблокаў, і неўзабаве высокі лес паўстаў вакол усяго паўночнага боку Ізенградку. Ворагаў не было відаць, аніхто не ўзьнімаў трывогі. Толькі агеньчык пабліскваў з вакна на вяршыні вежы, і ўсё. Дрэвабарод і колькі энтаў падабраліся бліжэй, ужо й вялікая брама паўстала. Піпін і я былі зь ім. Сядзелі ня плячох у Дрэвабарода, адчуваючы, як ён дрыжыць ад напругі. Адылі, нават надта ўзбуджаныя, энты вельмі цярплівыя й сьцярожкія. Яны стаялі цішэй за статуі, толькі дыхаючы й слухаючы. Тады раптам выбухнуў аглушальны гармідар. Трубы завылі, і рэха адбілася ад сьценаў. Мы падумалі: усё, нас убачылі, зараз пачнецца бойка. Ды не, зусім не. Усё Саруманава войска пайшло прэч. Я ня шмат ведаю пра гэтую вайну ці пра вершнікаў Рохану, але Саруман, падалося, вырашыў скончыць з каралём ды зь ягоным войскам адным апошнім ударам. Ён спустошыў Ізенградак. Я бачыў, як Саруманава войска праходзіла: бясконцыя шэрагі оркаў пехатою й верхам на вялізных ваўках. I шыхт за шыхтам міналі таксама людзі. Шмат хто нёс паходні, і я мог бачыць іхнія твары. Большасьць – даволі звычайныя людзі, высокія, зь цёмнымі валасамі, суворыя, але ня тое каб асабліва злосныя на погляд. Аднак былі й жудасныя: вышынёю з чалавека, але з гоблінскімі пысамі, смуглявыя, кплівыя, касавокія. Ведаеце, мне яны нагадалі таго паўднёўца ў Прыгор'і. Толькі той ня так відавочна падобны, як большасьць гэных.
– Я пра яго таксама думаў, – заўважыў Арагорн. – Нам давялося з мноствам такіх паўоркаў стрэцца ў Хельмавым Яры. Цяпер бясспрэчна: той паўднёўца – Саруманаў выведнік, але ці выведваў ён разам з Чорнымі Вершнікамі, ці працаваў толькі на Сарумана – не магу сказаць. З гэтымі паскуднікамі заўжды цяжка вызначыць, калі яны насамрэч у зьвязку, а калі адзін аднаго падманваюць.