Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Хвіліначку! – выгукнуў Піпін, сунуў руку ў таемную кішэню курткі й выцягнуў маленечкую мяккую кеску на снуры. – Я таксама захоўваю мае скарбы на сабе, і мне яны каштоўнейшыя за пярсьцёнкі. Вось адзін: мая старая драўляная люлька. I другі: новая, яшчэ не скарыстаная. Доўга нёс з сабою, хоць і ня ведаў навошта. Бо не чакаў, што знайду зёлкі ў вандроўцы, калі мае скончыліся. А вось зараз і спатрэбілася. Хто мог ведаць!
Ён выцягнуў маленькую люльку з шырокім пляскатым навершам і працягнуў Гімлі.
– Ну як, гэтае сплочвае маю віну?
– Сплочана! – абвесьціў Гімлі. – О найшаноўнейшы й найшляхетнейшы з хобітаў, я цяпер сам вінны табе!
– А я вяртаюся да чыстага паветра зірнуць, як там вецер і нябёсы! – прамовіў Ляголас.
– Мы разам з табою, – прапанаваў Арагорн.
Выйшлі й паселі на кучы камянёў перад брамаю. Цяпер было відаць далёка ўніз па даліне. Туман уздымаўся й сплываў прэч зь ветрам.
– Ну, зараз і пагутарым! – абвесьціў Арагорн. – З словаў Гэндальфа, спакойна пасядзем побач зь нядаўняй бітвай ды паразмаўляем, пакуль ён заняты. Зрэдку я гэтак стамляўся, насамрэч.
Ён загарнуўся ў свой шэры плашч, схаваўшы пад ім кальчугу, дый выпрастаў доўгія ногі. Тады адкінуўся назад і выдзьмуў з вуснаў тонкі струменьчык дыму.
– Зірніце! – вымавіў Піпін. – Швэндал-Сьледапыт вярнуўся!
– А ён і не сыходзіў нікуды, – заўважыў Арагорн. – Я Швэндал і Дунадан, належу разам і Гондару, і Поўначы.
Колькі часу проста палілі, і сонца, прабіваючыся ў даліну касымі промнямі з-за высокіх заходніх аблокаў, сагравала іх. Ляголас ляжаў нерухома, пазіраючы на нябёсы й сонца спакойнымі вачыма, дый напяваў сабе пад нос. Нарэшце сеў.
– Ну, давайце, распавядайце! Час імкне, і туман увесь зьнесла прэч – ці зьнесла б, калі б вы, дзівосны народ, гэтак уцята не агортвалі сябе ў яго, дымячы.
– Мой расповед пачынаецца з таго, як я прачнуўся ў цемры й зразумеў, што зьвязаны па руках і нагах і ляжу пасярод лягеру оркаў, – пачаў Піпін. – Дарэчы, які дзень сёньня?
– Пятага сакавіка паводле шырскага адліку, – паведаміў Арагорн.
Піпін падлічыў, загінаючы пальцы, і выгукнуў:
– Бацюхны, усяго толькі дзевяць дзён таму!2 А выдае, нібы цэлы год мінуў, як нас злавілі. Ну, хоць мне болей за палову таго, што адбылося спачатку, падалося жахлівым сном, несьлі нас тры надта вусьцішныя дні. Мэры няхай паправіць мяне, калі памыляюся або забыўся на што істотнае. А ў дэталі паглыбляцца не зьбіраюся. Пугі, бруд, смурод і накшталт таго. Згадваць брыдка й ня варта.
З такою прадмоваю Піпін і паглыбіўся ў расповед пра Бараміраў апошні бой ды оркаў забег ад Эмін Мюйлу да лесу. Астатнія ківалі, калі расповед супадаў зь іхнімі здагадкамі.
– А вось дабро, якое вы згубілі, – дадаў Арагорн. – Напэўна, будзеце радыя атрымаць яго назад.
Распусьціў троху пас пад плашчом дый выцягнуў з-за яго два корды ў похвах.
– Я дык ніколі не спадзяваўся іх зноў пабачыць! – зьдзівіўся Мэры. – Я колькі оркаў сваім пазначыў, ды Ўглук іх у нас з рук выдзер. А як скаліўся! Спачатку я думаў: пырне мяне. Але ён адкінуў іх прэч, нібы яны пяклі яму пальцы.
– А вось і твая фібулка, – вымавіў Арагорн. – Я яе захаваў, бо рэч надта каштоўная.
– Ведаю, – сказаў Піпін. – Так шкада было кідаць, ажно да сьлёзаў. А што рабіць заставалася?
– Анічога іншага, – пацьвердзіў Арагорн. – Скарб, які ня здолееш кінуць прэч, калі надыдзе час, робіцца кайданамі. Ты зрабіў слушна.
– Вяроўкі на руках перарэзаць – вось тое была справа на дзіва! – ухваліў Гімлі. – Вядома, пашанцавала. Але ж ты ўхапіў шанец, так бы мовіць, абедзьвюма рукамі.
– I падрыхтаваў нам выдатную загадку! – дадаў Ляголас. – Мо ў вас тады адрасьлі крылы?
– На жаль, не, – уздыхнуў Піпін. – Вы яшчэ ня ведаеце пра Грышнаха.
Тут ён здрыгануўся й змоўк, пакінуўшы Мэры распавядаць пра апошнія жудасныя моманты: пра хапучыя, шнырачыя кіпцюры, смуродны подых пашчы орка ды жудасную моц патлатых Грышнахавых рук.
– Ад гэтых зьвестак пра оркаў з Барад-дуру, Лугбургу, як яны клічуць яго, мне не па сабе, – сказаў Арагорн. – Чорны Уладар ужо ведае зашмат, і яго паслугачы таксама. I Грышнах, безумоўна, паслаў каго з навінамі за раку пасьля сваркі. Чырвонае Вока цяпер паверне на Ізенградак. А Саруман у яміне, якую сам жа й выкапаў.
– Так, хто ні пераможа, Саруманавы справы дрэнь, – згадзіўся Мэры. – Яны пайшлі наўскос, як толькі яго оркі крочылі ў Рохан.
– А мы пасьпелі кінуць позірк на яго, на старога нягодніка, калі я слушна зразумеў Гэндальфа, – заўважыў Гімлі. – На краі лесу.
2
Кожны месяц у Шырскім календары мае 30 дзён.