Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 174
Перейти на страницу:

– Вось, зладзілі, каб сагрэцца, – патлумачыў Піпін. – Такая радасьць сярод туману. Дроваў небагата, большасьць мокрыя. Але ж цяга тут проста незвычайная. Відавочна, уецца ўгару па скале, і нічым не забіта. Агеньчык сама тое. Хлебца падсмажу, бо ён стары ўжо, дні тры або чатыры, баюся.

Арагорн зь сябрамі паселі з краю доўгага стала, а хобіты зьніклі за аднымі з унутраных дзьвярэй.

– Тут кладоўкі, і, на нашае шчасьце, іх не заліло, – патлумачыў Піпін, калі яны вярнуліся, нагружаныя талеркамі, місамі, куфлямі, нажамі й разнастайнаю ежаю.

– Ад гэтых харчоў ня варта нос адварочваць, спадару Гімлі, – сказаў Мэры. – Гэта ня оркавыя прысмакі – гэта людзкая ежа, як кажа Дрэвабарод. Віна альбо піўка? Там цэлая бочка – і нічога сабе піўко, так скажу. А таксама выдатная салёная вяндліна. Альбо я магу шматок ад кумпяку адрэзаць ды падсмажыць, калі пажадаеце. Перапрашаю, зеляніны аніякай няма: на жаль, падвозу цягам некалькіх апошніх дзён троху перашкаджалі. Так што на закуску толькі мёд ды масла да хлеба. Ці задаволены вашаць?

– Анягож, – пагадзіўся Гімлі. – Віна вашая, як па мне, значна зьменшылася.

Тры сябры адразу прыступілі да ежы. I хобіты, аніколькі не зьбянтэжаныя, селі побач і таксама паджалюбалі. Патлумачылі:

– Трэба ж гасьцям кампанію скласьці.

– Вы проста паўнюткія ветлівасьцю гэтай раніцою, – сьмяяўся Ляголас. – Але ж каб мы не зьявіліся, вы, напэўна, зноў склалі б кампанію адзін другому.

– Магчыма, – пагадзіўся Піпін. – А чаму не? З оркамі не пабалюеш, дый да таго небагата падала ў страўнік. Шмат часу мінула, як апошні раз елі сабе на радасьць.

– Здаецца, вам не пашкодзіла, – заўважыў Арагорн. – Хутчэй, наадварот: вы ўпрост жывая выява здароўя.

– Так, сапраўды, – пагадзіўся Гімлі, аглядаючы іх зьверху данізу з-за свайго келіху. – Дый валасы вашыя ўдвая гусьцейшыя й кучаравяцца больш за ранейшае. Гатовы паклясьціся: вы падрасьлі, калі тое магчыма для хобітаў вашага ўзросту. Гэты Дрэвабарод не катаваў вас голадам.

– Не, – пацьвердзіў Мэры. – Але энты толькі п'юць, а таго недастаткова для сапраўднай сытасьці. Дрэвабародавы напоі даюць сілу, так, але хочацца чаго-колечы больш істотнага. I нават лембасы прыядаюцца.

– Дык вы пакаштавалі энтавай вадзіцы, так? – перапытаў Ляголас. – Вох, тады вочы Гімлі не падманваюць. Дзівосныя песьні сьпяваюць пра напоі Фангарну.

– Мноства дзівоснага распавядаюць пра гэты край, – згадаў Арагорн. – Мне аніколі не даводзілася бываць там. Ну дык распавядзіце ж нам пра Фангарн і пра энтаў!

– Ну, пра энтаў, – пачаў Піпін. – Яны, гэна... хм, яны розныя, па-першае. Ня тое з вачыма. Вочы іх, ну, дзівосныя такія вочы, старыя, – ён запнуўся, дадаў некалькі няўклюдых словаў і змоўк. – Вось, – працягнуў нарэшце, – вы ж ужо бачылі іх з адлегласьці, напэўна. Яны, ва ўсялякім разе, вас бачылі й сказалі, што вы сюды кіруецеся. А шчэ шмат убачыце да таго, як зьедзеце адсюль. Самі вырашыце, якія яны й на каго падобныя.

– Не, ня гэтак жа, скокам! – умяшаўся Гімлі. – Мы пачынаем расповед зь сярэдзіны. Я хацеў бы выслухаць усё па парадку, з таго самага дня, як наш Зьвяз пабурыўся.

– Калі часу стане – выслухаеш, – запэўніў Мэры. – Але спачатку, калі вы ўжо падсілкаваліся, наб'ем люлькі й папалім крышачку. I тады можна ўявіць сабе, што мы зноў у бясьпецы дзе-небудзь у Прыгор'і ці ў Долым Яры.

Ён выцягнуў скураную кеску, паўнюткую табакай.

– У нас яе проста куча, – абвесьціў усім, – і ўсе могуць напакаваць, колькі пажадаюць, калі рушым адсюль. Мы зь Піпінам раніцою крыху папрацавалі выратавальнікамі-вышукоўцамі. Тут шмат чаго навокал плавае. Піпін і знайшоў дзьве невялічкія бочачкі. Напэўна, іх вымыла зь якой кладоўкі ці складу. Калі адчынілі – убачылі: яны паўнюткія тым самым, што цяпер перад вамі, – найфайнейшым тытунём, лепшага і жадаць немагчыма, і зусім не падмоклы.

Гімлі ўзяў крыху лісьця, пацёр на далоні й нюхнуў.

– Падаецца неблагім, дый водар файны, – заўважыў гном.

– Вядома файны! – выгукнуў Мэры. – Шаноўны мой Гімлі, гэта ж Панізовае лісьце! Там жа таўро Рагадзьмуўца на цабэрачках, і сьляпы не памыліцца! А вось як ён сюды патрапіў, уявіць не магу. Напэўна, для асабістага Саруманавага карыстаньня. Аніколі не падумаў бы, што нашыя зёлкі гэтак далёка вывозяць. А нам якраз пад руку падвярнуліся!

– I мне добра падвярнулася б, калі б мог набіць люльку, – уздыхнуў Гімлі. – На жаль, я згубіў сваю ў Морыі ці дзесьці раней. Мо ў вас і люлькі ёсьць сярод здабычы?

– Не, на жаль, – засмуціўся Мэры. – Мы не знайшлі аніводнай, нават тутака, у пакоях вартавых. Саруман, здаецца, трымаў ласунак для сябе. I, мяркую, няма сэнсу грукацца ў дзьверы Ортанку, каб папрасіць люльку. Ну, па-сяброўску папалім разам, як гэта робіцца: ты разок падзьмеш, я разок.

1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)